TOP

Рэвалюцыя лілей

Народнае пратэстнае абуджэнне ў Беларусі прапаную назваць рэвалюцыяй лілей. Тры жанчыны, якія ўзвалілі на далікатныя плечыкі груз дэмантажу замшэлай дыктатуры, вартыя высокай шаны. Дзякуй вам, Святлана, Марыя і Вераніка, за мудрае рашэнне аб’яднацца, за смеласць і мужнасць!

Чаму сама па сабе ўзнікае назва, адкуль рэвалюцыя лілей? Найперш, думаецца, ад візуальнага ўражання, бо на першы план палітычнага жыцця краіны выйшлі абаяльныя жанчыны, тры сапраўдных прыгажуні, якія і нагадалі мне сваімі абліччамі пяшчотную, белую лілею.

Лілея — адна з самых старажытных кветак на Зямлі. У Паўночным паўшар’і маецца 80 відаў, а ў Беларусі ёсць адзін від дзікарослых і 84 — інтрадукаваныя (г. зн. тут не раслі, а былі перанесеныя з іншых мясцін). Лілея мае шмат народных назваў: галубіныя звончыкі, кульчыкі, рэхлікі. Спрадвеку любіміцай была ў нас і вадзяная лілея, якая стала гераіняй верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Гэты цудоўны твор — пярліна айчыннай паэзіі, узор віртуознай алітэрацыі:

Матылёк
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі,
Сінякрылы матылёк.
Максім Багдановіч

Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежаных аблок здалёк
Ляціць віхлясты i бялявы
Пялёстак лёгкі — матылёк.

Ён кліча у блакіт лілею,
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі i глею,
Самлелы, абмялелы плёс,

Дзе лашчыць цёплай ласкай хваля
Лінёў — злянелых цельпукоў,
Паблісквае няблізка далеч,
Дзе ў іле не злічыць малькоў.

Дзе глыб угнеўлена шыпела,

Калі на хвалі лівень лёг…

Засумавалы, белы, белы,

Ляціць удалеч матылёк…

Заўважце, колькі блізкага нашаму сэрцу высвечана і пераплялося ў радках паэта. Не ведаю, як каму, а мне за чароўнай лілеяй бачыцца прыгажосць і чысціня душы жанчыны.

Маё эсэ «Думаю пра цябе…» (1997), апублікаванае ў часопісе «Беларусь», мела падзагаловак: «Беларускія жанчыны захавалі і па сённяшні дзень самыя лепшыя чалавечыя якасці». Шчаслівы, што не памыліўся.

У эсэ я згадаў, як пасля вайны на белыя лебядзіныя шыі зямлячак леглі цяжкія хамуты, бо не было ні трактараў, ні коней, каб араць. Так заставалася нават пры мужчынах, якія вярнуліся з фронту. Дзяржава належным чынам ні пра ўдоў, ні пра сірот не клапацілася. Мне давялося падлеткам дапамагаць гаротным жанчынам нарыхтоўваць дровы, касіць, гарадзіць платы. Таму пра нялёгкую жаночую долю беларусак не раз вырываліся з маёй душы балючыя і бязмерна ўдзячныя радкі.

Вось чаму абурае скептычнае і фанабэрыстае стаўленне да адважных жанчын — Святланы,Марыі, Веранікі — часткі мужчынскага насельніцтва. Адкуль з’яўляюцца паблажлівасць і недавер? А што зрабілі вы, каб не глуміліся над народам столькі гадоў?

Дажыліся мужчыны. Ніякай вайны няма, а зноў надзвычай цяжкая ноша, самая складаная задача кладзецца, як конскі хамут, на плечы жанчын.

У маёй новай паэме «Вечны пароль» ёсць такія строфы:

Мужчыны Айчыны!
Сумленне пранізвае боль,
А сорам даймае, знясільвае неверагодна:
Мы страцілі ў спрэчках бясконцых свой вечны пароль,
Пароль гэты просты, дакладны — уласная годнасць.

Не трэба ўвесь час прыкрывацца мінулай вайной…
Калі вораг лезе нахабна на нашыя межы,
Не толькі салдаты, народ вырастае сцяной,
У ім і жанчынам таксама геройства належыць.

Каб нешта было ўсім настойліва абараняць,
Яго яшчэ трэба праз пот збудаваць пастарацца!
Стралялкі і спорт — гэта стратная ўсё-ткі «гульня»,
Аснова жыцця ў нас — нялёгкая мірная праца.

У ёй не такі падыход, як звычайна ў баях,
Тут думаць належыць усім, не адным камандзірам.
А што назіраем?
Паўсюль — падхалімства і страх!
Галовы сагнуты ў цывільных і ў тых, хто ў мундзірах…

Наконт вечнай місіі тысячы ўведзены ў зман,
Хоць ёсць — муж і чын.
Дык у чым жа, прабачце, прычына?
Лісліўцаў, падлізаў, праныраў у нас — акіян,
Куды ж пахаваліся, зніклі, прапалі мужчыны?

Мужчыны не могуць падзяліць пальму незразумела якога першынства або красуюцца ў экспертных «харызматычных» развагах, а самыя «брутальныя мачо» лупяць дубінкамі бабулек з бел-чырвона-белымі сцягамі, запіхваюць дзяўчат і жанчын у аўтазакі, цягаюць за валасы па асфальце.

У Беларусі сёння адбываецца рэвалюцыя лілей, таму што дзеянні людзей мірныя, спакойныя. Знойдзены новыя формы негвалтоўнага пратэсту. Ніхто не хоча, як сцвярджае правіцель, а за ім і дзяржсакратар Савета бяснекі А. Раўкоў, «гибели государства». Беларусь людзі любяць і будуць, калі гэта спатрэбіцца, абараняць, мабыць, намнога лепш, чым прафесійныя хлусы. Ім проста надакучылі нахабства і падман.

Народ патрабуе сумленных выбараў і дакладнага падліку галасоў. Больш нічога. А супраць яго рыхтуецца сілавы кулак: «Не допустить кровопролития в народе»… Дык хто ж нагнятае варожасць і раскол у грамадстве? Вы і ваша прапаганда! Не трэба прыплятаць Украіну, Сірыю, усюды спецыфічныя ўмовы, сітуацыі.

Пры дыктатуры ўсё пабудавана на хлусні. Новыя афіцыйная інфармацыя пра сустрэчы С. Ціханоўскай з выбаршчыкамі сведчаць пра гэта. Але каго прапагандысты хочуць абдурыць? Матэрыялы дзяржаўных газет, сюжэты БТ і АНТ, іншых каналаў разлічаны, па ўсім відаць, хіба што на нямоглых вясковых бабулек і дзядкоў, якія з печы глядзяць тэлек.

Я не раз пісаў пра тое, што дапамогі ў змаганні з аўтарытарызмам нам ні адкуль не будзе. Даводзіцца разлічваць толькі на ўласныя сілы. Мы зноў у гэтым пераконваемся. Цытую словы расійскага палітычнага аглядальніка Д. Дрызе: «Ну, а что касается белорусской оппозиции, ей теперь придется совсем не просто. Но, как говорится, шансы есть всегда, было бы желание и главное — реальная народная поддержка. /…/ Другой козырь Лукашенко — социализм в отдельно взятой республике продолжает работать, в первую очередь потому что остается российская поддержка». Яго дапаўняе галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» А. Венедыктаў: «…Мы же видим, как Западная Европа и Соединенные Штаты Америки стали относиться к Лукашенко лояльнее».

Сапраўды, беларусам абрыдлі за 26 гадоў не толькі ўзурпатар са сваім кланам, але і бяззубыя заявы, бесталковыя маніпуляцыі санкцыямі Захаду.

А ў канцы — пра самае важнае. Выхад мілых жанчын з адкрытым забралам на бой з дыктатурай, якая ашчэрылася на іх велізарнай, узброенай сілай у пагонах, выразна выяўляе і падкрэслівае выключную трагічнасць палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Тым не менш, калі мы хочам дамагчыся перамен да лепшага, трэба ісці на выбары і галасаваць за адзінага пратэстнага кандыдата. Якраз у гэтым — сэнс і сутнасць рэвалюцыі лілей.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Доля былых

Трубы саржавелі

Няроўны бой

Гістарычны момант

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.