TOP

Прыкарытнікі

Да трагізму палітычнай сітуацыі ў Беларусі вядзе не толькі сам узурпатар улады, але і армія яго служак-прыкарытнікаў. Якраз яны пішуць фальшывыя пратаколы камісій, пастановы судоў, пазбаўляюць смелых грамадзян месца працы, вучобы і сродкаў для існавання, кідаюць за краты ні ў чым не вінаватых людзей.

Ніколі я не сцвярджаю, што чыноўнікі — гэта пагалоўна парушальнікі законнасці, карупцыянеры, злодзеі, амаральныя тыпы. Сярод іх есць людзі, якія ідуць на службу з жаданнем не толькі зрабіць кар’еру, прынесці карысць уласнай сям’і, але і добрасумленна папрацаваць для Айчыны і народа. Аднак аўтарытарная сістэма бязлітасна перамолвае дзяржаўных служачых на свой капыл, выбракоўвае непатрэбных. Застаюцца падхалімы і прыкарытнікі.

Падзеі паказалі, што нізы не хочуць жыць па-старому, а вярхі не могуць кіраваць па-новаму. Выйсце з цяжкага стану без праліцця крыві — гэта правядзенне сумленных прэзідэнцкіх выбараў, выкананне волі народа, якому абрыдла прымітыўная «жалезабетонная дыктатура», які жадае жыць і працаваць свабодна, творча, дэмакратычна. А як вядома, дэмакратыя — гэта ўлада народа.

Але акрамя ўзурпатара, які ваяўніча выступае супраць, ёсць вылучаныя і расстаўленыя на ключавыя пасады службоўцы. Гэта людзі часта пасрэднага інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу, якія за рабскую адданасць аўтакрату займелі магчымасць кіраваць важнымі ўчасткамі жыццядзейнасці краіны. Побач з імі знаходзіцца пласт намеснікаў: ідэолагаў, прапагандыстаў, словам, «палітрукоў», якія тлумачаць указы і дэкрэты правіцеля. Ёсць яшчэ разбухлы сілавы блок: міліцыя, КДБ, спецыяльныя падраздзяленні, армія.

Як кажа знаёмы аналітык, прыкарытнікаў налічваецца прыкладна каля 500 тысяч. Здаецца, што ў параўнанні з амаль 9 мільёнамі астатніх грамадзян, — меншасць, але гэта якраз тыя «прыгаршчы бруду», якія засмечваюць чыстую крыніцу.

Правіцель прыгразіў: «Я хочу, чтобы это все услышали. И чтобы вы, те, кто еще как-то там шевелится-шатается, запомнили это. В этой стране моя жизнь и многих из вас». Армія прыкарытнікаў і без яго пагрозаў развіла шалёную дзейнасць не толькі па захаванні на троне ўзурпатара, але і па ўласным уратаванні. Ім і ў страшным сне не можа прысніцца, што трэба будзе пакінуць «хлебныя пасады», цяплічныя ўмовы і працаваць сумленна, паводле законаў, так, як гэта робяць мільёны людзей.

Уседазволенасць нарадзіла ў галовах прыкарытнікаў дурное перакананне, што аўтарытарная ўлада не памяняецца, што яны, а затым іхнія дзеці і ўнукі будуць тут уладарыць вечна.

У гэтым перакананні яны арыентуюцца на правіцеля. А. Лукашэнка лічыць Беларусь сваёй уласнасцю: «Эту страну я им не отдам!», «Брест — не ваш город», «У меня сотни тысяч таких заводов!» У разгар агрэсіўных маналогаў правіцеля заносіць, як з тымі «заводамі», але ён не заўважае недарэчнасці выдумак, не рэагуе на пастаянны смех насельніцтва.

Застаецца ўражанне, што кіруючы клан знаходзіцца ў іншым вымярэнні, у наркатычным сне. Прыкарытнікі, нібы мухі ў павуціне, заблыталіся ў хлусні і падтасоўках, але ідуць напралом у парушэнні законаў, у фальсіфікацыях.

Дзяржаўныя службоўцы сапраўды дажыліся «да ручкі», такога яшчэ не было. Пра іхняе рэгулярнае глупства пішуць не толькі незалежныя мясцовыя, але і міжнародныя эксперты (Расіі, Германіі, Англіі, Польшчы, Украіны, Літвы).

Фальсіфікатараў выяўляюць падлікі хворых на каранавірус, калі дыягназ не пазначаецца ў бальнічных лістках, галасаванне ў час фарміравання выбарчых участковых камісій, выбракоўка подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. На вачах у мільёнаў людзей сёлета адбыўся крадзеж у няўгодных кандыдатаў і прыпісванне патрэбным фігурам лішніх подпісаў. Блытаніна «фокуснікаў» у тым, у каго выкрадаць, а каму прыпісваць, атрымалася проста фантастычная! «Гаспадарку» Л. Ярмошынай яўна заштарміла!

Інфармацыйныя тэхналогіі ў наш час не дазваляюць схаваць парушэнні, усё пацвярджаецца дакументальна. Злачынцы, якія канчаткова зарваліся, самі часта міжвольна раскрываюць у інтэрв’ю для СМІ сваю хлусню. Сярод хітрамудрых «матэматыкаў» ёсць такія боўдзілы, што дзіву даешся: як іх трымаюць на службе? Адказ адназначны — за шчоўканне абцасамі і аблізванне начальства.

Міністр замежных спраў Беларусі У. Макей заявіў, што «развитие событий по нежелательному сценарию поставит точку на начавшейся диверсификации внешнеполитической и внешнеэкономической деятельности». Рэжым прывык да таго, што Захад даўно махнуў рукой на яго злачынствы і стварыў цяплічныя ўмовы для выжывання «апошняй дыктатуры ў Еўропе». Калі яна рухне, дыпламатычнае і інвестыцыйнае жульніцтва адразу спыніцца, з партнёрамі трэба будзе працаваць сумленна. Гэта «не ў нос» як мясцовым, так і замежным махлярам.

Прыкарытнікі сёння перахопліваюць у апанентаў канструктыўныя ідэі, агучваюць тое, што незалежныя эканамісты, публіцысты прапаноўвалі на працягу 20 гадоў. Але нічога не атрымаецца, бо сістэма не можа «пераабуцца ў паветры», нечакана заняцца рэформамі, супраць якіх упарта змагалася. Гэта пустапарожняя балбатня.

Несумленная адміністратыўная валтузня нарастае. Атмасфера застаецца амаральнай і подлай. Дзеля захавання ўлады «купляюцца» выбаршчыкі. З бюджэту, які папаўняюць працаўнікі, перад галасаваннем людзям кідаюцца нязначныя выплаты. Правіцель робіць выгляд, што нібыта гэта ён з уласнай кішэні адшкадаваў грошай «любімаму народу».

Але мітусня чыноўнікаў выклікае ў насельніцтва не рабскую ўдзячнасць, а гнеў. «Да гэтага яны праблем не бачылі, а тут раптам катаракта з вачэй прапала!» — так саркастычна каменціруюцца падачкі і няспынныя ваяжы правіцеля па рэгіёнах.

Мне тэлефануюць чытачы і кажуць, што ў іх абмірае душа ад нахабства, цынізму і беспакаранасці прыкарытнікаў, якія ідуць на свядомыя злачынствы. Асаблівы гнеў выклікала нерэгістрацыя ў якасці кандыдатаў на пасаду прэзідэнта В. Бабарыкі і В. Цапкалы. Людзі абураюцца: «Нам плююць у твар, а мы нічога не можам зрабіць. Заканадаўства падладзілі пад сябе! Генпракуратура і ЦВК спакойна займаюцца адфутбольваннем зваротаў і скаргаў грамадзян. А «вечная» Л. Ярмошына ўвогуле ўзяла на сябе функцыі суддзі. Застаецца адно — рэвалюцыя!»

А рэвалюцыя ўжо адбываецца: гэта «рэвалюцыя лілей»! Аўтарытарны рэжым нахабна парушыў законы і ўвесь выбарчы працэс, ён сам вынес на вастрыё народнага пратэстнага руху трох жанчын: Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкала. Іх падтрымлівае велізарная колькасць выбаршчыкаў.

Цяпер задача ўсіх неабыякавых людзей краіны не дапусціць датэрміновага галасавання, а 9 жніўня прыйсці на выбарчыя ўчасткі і аддаць свой голас. Гэта адзіны шлях да вызвалення, да перамен!

Будучыня пакуль у цемры. Але я ведаю адно: абуджаныя народныя масы не спыняцца, пакуль не дасягнуць справядлівай мэты — правядзення ў Беларусі адкрытых і праўдзівых выбараў. Пра гэта павінны памятаць прыкарытнікі!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Рэвалюцыя лілей

Доля былых

Трубы саржавелі

Няроўны бой