TOP

Невядомая Беларусь

Перад паездкай у Францыю ў 1992 годзе я напісаў артыкул «Невядомая Беларусь», у якім сцісла намаляваў геаграфічны, этнічны, гістарычны, палітычны і сацыяльны партрэт нашага народа. Яго ахвотна прынялі ліёнскія газеты. Французы тады адкрывалі для сябе новы суверэнны народ.

Цікавасць да беларусаў была значная. Еўропа ведала пра высокі ўзровень эканамічнага, навуковага, культурнага і сацыяльнага жыцця гэтай часткі СССР і спадзявалася на дэмакратычныя пераўтварэнні. Але беларускі парламент і ўрад, якія ў большасці складаліся з наменклатуры застойнага перыяду, не праводзілі разумную палітыку. Дзялкі займаліся кар’ернымі інтрыгамі, раскраданнем багацця, распілам грошай за транзіт, за пастаўку прадукцыі. А ў 1994 годзе да ўлады шляхам папулізму, шантажу і падману прыйшоў былы дырэктар саўгаса, індывід, які не раз засвяціўся скандальнымі паводзінамі.

Разглядаючы сучасныя падзеі, трэба глядзець у корань. Палітолагі ламаюць галовы: як здарыўся палітычны тупік у Беларусі, чаму нахабнічае Расія, дзе выйсце? А ўсім варта ўспомніць: хто такія А. Лукашэнка і У. Пуцін, якое яны маюць выхаванне і адукацыю, адкуль і як прыйшлі ў палітыку, што рабілі? Для мяне, чалавека з жыццёвым вопытам, сітуацыя ясная: два састарэлых «нарцысы» з яўнымі комплексамі, своечасова не пастаўленыя грамадствам і міжнароднай супольнасцю на месца, намёртва ўхапіліся за ўладу, уявілі сябе, як і Сталін, «отцами народов», «спасителями Отечества» і прымушаюць свет скакаць пад іхнюю дуду.

Нягледзячы на пампезнасць рэзідэнцый, на самалёты, верталёты, лімузіны, А. Лукашэнка застаўся ў шэрым саўгасным часе. Эканамічны падмурак, які меўся пасля СССР, не стаў пляцоўкай для развіцця суверэннай краіны. Ва ўсіх сферах — толькі прабуксоўкі, адкаты і разборкі. Прызначаныя ім за лаяльнасць, выхаваныя на яго камандах, прымітыўныя, затурканыя чыноўнікі таксама не разумеюць, што свет развіваецца свабодна, творча, што яны знаходзяцца сярод людзей, якія маюць высокі адукацыйны, тэхналагічны, культурны і маральны багаж, іншае ўяўленне пра чалавечае існаванне.

Ні Лукашэнка, ні Пуцін не могуць уцяміць, што насуперак дыктатуры вырасла новая, невядомая Беларусь, дзе жыве не постсавецкі люд, а нацыя, якая сталее на вачах, дзейнічае самаарганізавана і свядома.

Сутнасць не ў тым — 200, 300 або 400 тысяч чалавек выходзіць ў нядзелю на вуліцы Мінска, ці колькі тысяч пратэстуе ў буднія дні, хоць гэта важны знешні паказчык. Рэвалюцыя адбылася ў галовах большасці людзей, якія доўга трывалі маральны і фізічны здзек над сабой. Яна працягваецца, нарастае, яе ўжо не спыніць. Якраз гэта — галоўнае. Людзі ўсвядомілі: Беларусь не будзе прававой і цывілізаванай еўрапейскай краінай без дэмантажу дыктатуры, без унутранага прыняцця дэмакратыі і свабоды кожным грамадзянінам.

Выдатны беларускі працэс кепска асэнсоўваюць у Еўразвязе. Частка палітыкаў зноў «шкадуе» дыктатара, а не пакалечаных беларусаў, не сем’і забітых. Відаць, хоча, каб «для экзотыкі» ў Еўропе мелася свая Паўночная Карэя, дзе людзі танцуюць, смяюцца і плачуць паводле каманды.

Расійскі палітык Р. Яўлінскі, пасля падтрымкі прэзідэнтам РФ У. Пуціным дыктатара і намераў увесці войскі, заявіў: «Беларусь превращают в концлагерь!» На жаль, гэты працэс ідзе даўно, што не дзіўна, калі згадаць адно з былых месцаў працы правіцеля. Нагнятанне сілавых метадаў у стасунках з народам не спыняецца. Ад папярэджанняў дэмакратычнай грамадскасці пра рэпрэсіі заходнія дзеячы адмахваліся, меркавалі, што супрацоўніцтвам «выхоўваюць, дэмакратызуюць А. Лукашэнку і клапоцяцца пра непагаршэнне дабрабыту беларусаў». А ён, у тым ліку і за еўрапейскія грошы, умацоўваў сілавы блок, узбройваўся. Усё было, як у байцы: «А Васька слушает да ест».

Кадры сілавікоў з 1994 года выхоўваліся ў духу адданасці не народу, а прэзідэнту. Уявіце, хто вырас пры поўнай ізаляцыі людзей у пагонах ад кантролю грамадства! Свет уражаны: адкуль лютая нянавісць да мірных дэманстрантаў, не толькі жорсткасць пры разгоне і затрыманні, але і нечуваны садызм у аддзелах міліцыі і следчых ізалятарах? Тлумачэння ніхто не знаходзіць. Раю паглядзець відэа, паслухаць, што суправаджае збіццё безабаронных людзей, памечаных крыжыкамі для градацыі экзекуцый: чырвоны, жоўты, чорны. Як у фашысцкіх канцлагерах! Няспынна гучыць нецэнзурная лаянка: «Тебе, б…, перемен захотелось? Вот тебе, сука, перемены!»; «Вот тебе свобода! Я научу тебя президента и родину любить!» А як жа: «овцы» пасмелі выступіць супраць «нашего президента»!

Але дыктатарскі рэжым сам стаў сабе магільшчыкам. А. Лукашэнка дэ-факта — прэзідэнт нелегітымны, бо дакументы сведчаць пра перамогу С. Ціханоўскай. Рашэнні ЦВК і Вярхоўнага суда, заснаваныя на падманных пратаколах, юрыдычнай сілы не маюць — гэта крымінальнае злачынства, за якое трэба адказваць!

Пасля фальсіфікацый, забойстваў і катаванняў Беларусь паўстала. Яна не будзе лагернай зонай. Зрабіць такое не па зубах ні Лукашэнку, ні Пуціну.

Амерыканскія і еўрапейскія палітыкі перабольшваюць прарасійскі настрой у Беларусі. У нас зусім іншы шлях. Расіянам выходзіць з рабства на свабоду перашкаджае спрадвечнае жаданне мець «цара», вялікадзяржаўны шавінізм, агрэсіўнасць, імперскасць і месіянства («избранный народ»). А беларусы — неваяўнічая, згуртаваная монанацыя. Можна ў Маскве хіхікаць з таго, што наш чалавек разуваецца, перш чым стаць нагамі на лавачку, не пераходзіць вуліцу на чырвонае святло, акуратна прыбірае за сабой смецце. Ды мы так выхаваны, бо з’яўляемся культурным еўрапейскім народам, не прымаем дзікунства.

 У. Пуцін, ратуючы ўласны трон прапагандысцкай, эканамічнай і магчымай ваеннай дапамогай суседняму дыктатару, робіць вялікую памылку. Расійскую агрэсію беларусы сустракаюць супраціўленнем нават у сілу іншай ментальнасці.

Авантурысты павінны зразумець — у імкненні да свабоды нас ніхто не спыніць. Мы не прызнаем сфер уплыву, любых змоў. Народ прайшоў праз такія крывавыя войны, рэпрэсіі і пакуты, што загартаваў сваю волю да нязломнасці.

Беларускі народ — самастойная палітычная адзінка, ён здольны сам вызначыць курс развіцця. У сітуацыі, якая склалася, А. Лукашэнка не мае права падпісваць дамовы, скляпаныя ў Крамлі У. Пуціным, С. Лаўровым і кампаніяй. Дакументы будуць нелегітымнымі! Толькі пасля новых выбараў можна рыхтаваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і разглядаць дамовы.

Маскоўскія візіцёры снуюць, а ў нас ідзе зачыстка: масава арыштоўваюць, звальняюць з працы ўдзельнікаў пратэстаў, тысячы нязгодных пішуць тлумачальныя запіскі. Яшчэ не распачата ніводнай крымінальнай справы з прычыны забойстваў, збіцця і катаванняў, а запісы відэакамер, дакументы знішчаюцца. Спецслужбы «апрацоўваюць» урачоў бальніц, дзе ляжалі збітыя, скалечаныя людзі, саміх пацярпелых.

 А. Лукашэнка і яго чэлядзь спадзяюцца на Расію, хочуць падавіць народ, які не толькі іх не прымае, але і ненавідзіць. Але да кожнага беларуса па аўтаматчыку не прыставіш!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Узлёт нацыі

Голас салідарнасці

На разрыў

«Полковника никто не ждет…»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.