• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Чаму справа Ягора Марціновіча выключна важная для ўсіх беларусаў

23 верасня дома ў галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча прайшоў ператрус. Пасля гэтага яго забралі на допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэта. Пасля допыту яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Ягор Марціновіч — падазраваны па крымінальнай справе за паклёп (артыкул 188 КК). Справа заведзеная, імаверна, праз апублікаваны на сайце «Нашай Нівы» матэрыял, у якім дыджэй Улад Сакалоўскі сцвярджае, што ў карцары на Акрэсціна яго біў чалавек, падобны да намесніка міністра ўнутраных спраў Барсукова. Барсукоў па справе праходзіць пацярпелым.

Сакалоўскі цяпер — у Літве. Ён заявіў, што з’ехаў з краіны пасля таго, як яму пагражалі пасля таго інтэрв’ю.

Юрыст Сяргей Зікрацкі лічыць, што падставы для справы за паклёп тут няма.

«Па-першае, за паклёп наогул нельга судзіць. Міжнародныя прынцыпы свабоды выказвання меркавання і дзейнасці медыя зыходзяць з таго, што адказнасць за паклёп можа быць толькі грамадзянска-прававая.

Калі былі распаўсюджаныя выказванні, якія ганяць рэпутацыю, то на медыя або журналіста можа быць накладзены штраф. Але журналіст не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Тым не менш, у некаторых краінах яшчэ засталася крымінальная адказнасць за паклёп. Таму — па-другое.

Па-другое, артыкул 188 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што адказнасць за паклёп надыходзіць толькі пры наяўнасці прамога намеру. Гэта азначае, што асоба ведае, што звесткі недакладныя, і тым не менш іх распаўсюджвае.

Журналіст, які атрымлівае інфармацыю ад сваіх крыніц, не можа дакладна ведаць, кажа крыніца праўду ці не. У гэтай сувязі ў журналіста ў абсалютнай большасці выпадкаў не можа быць прамога намеру на распаўсюд ілжывых выказванняў.

Упэўнены, што справа ў дачыненні да Ягора Марціновіча павінна быць неадкладна спыненая».

Ягор Марціновіч — чалавек рэдкай смеласці, выключнага прафесіяналізму і ўзорнай сумленнасці. Менавіта таму ён у 30 гадоў узначаліў «Нашу Ніву» і за пару гадоў вывеў выданне на новы ўзровень.

Гэтая справа выключна важная яшчэ і таму, што яна датычыць тэмы катаванняў, расследавання якіх патрабуюць многія былыя вязні.

NN.BY