TOP

Дубінкай — па цемечку

Для іншаземцаў падзеі ў Беларусі, магчыма, бачацца звычайнай палітычнай будзённасцю. Але з кожным днём мужных народных пратэстаў сітуацыя становіцца ўсё больш трагічнай. Узурпатар і сілавікі сваімі злачынствамі супраць безабаронных людзей увагналі сябе ў рэжым абсалютнага гвалту, з якога не збіраюцца выходзіць.

Народ чацвёрты месяц працягвае бясстрашныя маршы, іншыя крэатыўныя акцыі і забастоўкі, спадзеючыся вырвацца з тупіку, мірна ажыццявіць транзіт улады. Але рэпрэсіўны апарат дыктатуры працуе бязлітасна і манатонна, масавыя арышты, беспадстаўнае афармленне не толькі адміністратыўных, але і крымінальных спраў нарастаюць.

Прапаганда хоча замыліць факты, хоць кожнаму адэкватнаму чалавеку ясна, што за стварэнне выбуховай сітуацыі, якая прывяла да ахвяр і калецтваў, трэба ў першую чаргу аформіць крымінальную справу і судзіць двух канкрэтных вінаватых: Л. Ярмошыну і А. Лукашэнку. Адна арганізавала фальсіфікацыі на выбарах, што пацверджана дакументамі, а другі перад выбарамі і пасля іх публічна даваў каманду сілавікам на жорсткае падаўленне народных пратэстаў, прыводзячы ў прыклад расстрэлы ў азіяцкіх краінах.

Пратэстуючы народ мае высакародную мэту — спачатку абараніць свой выбар пры галасаванні 9 жніўня 2020 года, а затым будаваць дэмакратычную, прававую дзяржаву, ратаваць нацыю ад дэградацыі. А ўзурпатар Лукашэнка і яго клан змагаюцца за свой шкурніцкі інтарэс: захаваць скрадзеныя ў народа грошы, нерухомасць і ўратавацца ад турмы за злачынствы. Яны нагадваюць загнаных у кут пацукоў. Вядома, на што здольныя гідкія стварэнні ў хвіліны раз’юшанасці і адчаю. Яны ашчэрваюцца і нападаюць нават на мацнейшых за іх у шмат разоў.

Нелегітымны ўзурпатар спяшаецца нагнятаць канфрантацыю. Ён правакуе людзей садызмам і чакае радыкальных адказаў. Тады дыктатура, якая стала канчаткова ваеннай, можа ўвесці рэжым надзвычайнага становішча і аддаць каманду страляць баявымі патронамі.

У Беларусі не працуюць законы ў дачыненні да сілавікоў, якія пастаянна перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы, да хлуслівых следчых, суддзяў, пракурораў. Дыктатар выдаў ліцэнзію на любы гвалт. Вярнулася хіжая практыка «эскадронаў смерці», калі галаварэзы, апранутыя ў цывільнае і схаваныя за балаклавамі, правакуюць, а затым жорстка збіваюць і арыштоўваюць мірных грамадзян.

Подлае забойства Рамана Бандарэнкі, чалавека творчай прафесіі, які адслужыў тэрміновую ў спецвойсках, а зараз абараняў сімвалы свабоды і дэмакратыі на плошчы Перамен, ускалыхнула не толькі Беларусь, але і свет. Вылюдкі помсцяць «сваім», якія выступілі супраць дыктатуры, з асаблівай лютасцю катуюць іх у месцах зняволення. Рамана збілі ў месіва, малады чалавек апынуўся ў коме.

Гэта паказвае, што прыхаваны генацыд народа, пра які я пісаў, перарос у адкрыты — нахабны і цынічны. Правакацыйныя «аперацыі» пераапранутых сілавікоў і іх памагатых у дварах вольналюбівых жылых раёнаў Мінска не бываюць спантаннымі, яны рыхтуюцца загадзя. А яшчэ трэба помніць, што плошча Перамен атакуецца рэпрэсіўным апаратам рэгулярна.

Я не быў знаёмы з Раманам, па якім смуткую, як па родным сыне, але нашы думкі і дзеянні супалі. Апошнія словы, напісаныя ім: «Я выхожу». А ў маёй паэме «Вечны пароль», апублікаванай у «Літаратурнай Беларусі», ёсць раздзел «Ніколі»:

Даўно маўчыць народная сям’я…
Чаму ты не выходзіш? Выйду я!

* * *

З народзінамі і вяселлямі
Гісторыя тчэцца паволі.
Усё ў небыццё пераселіцца,
А воля народа — ніколі!

Хай чухае здраднік патыліцу,
Насыпле на пяты нам солі…
Усё праз гады долу хіліцца,
А сцяг, што лунае, — ніколі!

Жывем зноўку святамі, буднямі,
Дзе сплаў весялосці і болю.
Хоць многае хутка забудзецца,
А дух наш паўстанцкі — ніколі!
ххх
Заварушылася народная сям’я…
Чаму ты не выходзіш? Выйду я!

Сілавікі б’юць дубінкамі па цемечку нацыі, па самых смелых і лепшых. Гэта студэнты — нашы разумныя, развітыя дзеці, будучыня Беларусі. Гэта гераічныя, інтэлектуальныя ўрачы, якія ратуюць ад хвароб насельніцтва, падрыхтоўка якіх і набыццё якімі высокага прафесіяналізму — складаныя і працяглыя. Гэта інжынеры і высокакваліфікаваныя рабочыя прадпрыемстваў. Гэта айцішнікі, без якіх няма прагрэсу. Гэта выдатныя спартсмены. Гэта вядомыя вучоныя і вынаходнікі. Гэта таленавітыя прадстаўнікі мастацтва і культуры.

За 26 гадоў А. Лукашэнка вывеў новую пароду маральных уродаў, тыповых ублюдкаў. Хто загадаў нахлебніку-амапаўцу біць працаўніка і раўці на ўсё горла: «Иди, скотина, на работу! Ты — кормовая база, будешь нас кормить»? Што змушае здаравенных, накачаных дэбілаў біць па твары, па галаве арыштаваную маладзенькую дзяўчыну-студэнтку? Хто загадвае душыць сцягам, валіць на дол жанчын, таптацца па іх валасах, піхаць бабулек, труціць людзей у аўтазаках газам?

За спіной кожнага садыста дыктатар не стаіць. Гэта яны самі выяўляюць лютую нянавісць да свабодных духам людзей. Так здзекавацца над суайчыннікамі могуць толькі закончаныя мярзотнікі.

Узурпатар увесь час думае і гаворыць пра грошы. Ягоныя садысты таксама дапытваюцца ў арыштаваных: «Сколько вам заплатили?» Гэтая публіка не можа сабе ўявіць, што ў людзей ёсць інакшае ўспрыняцце жыцця, іншыя каштоўнасці — свабода, годнасць, самарэалізацыя.

Для Лукашэнкі і яго гвалтаўнікоў не мае значэння, колькі будзе забітых — больш або менш. Яны хочуць падавіць, выбіць з нацыі розум, талент, мараль, пачуццё чалавечай годнасці.

Аднак злачынцы робяць вялікую памылку. Адказваць ім усё роўна давядзецца, але калі не спыняцца, то віна для многіх пацягне на пажыццёвае зняволенне.

Кантынгент дэнацыяналізаваных, маральна разбэшчаных суб’ектаў, які згарбузіўся каля Лукашэнкі, дзе мітусяцца чыноўнікі, каля 200тысяч узброеных карнікаў, задураныя хлуснёй «ябатьки-забатьки», «русский мир» і іншыя «нявызначаныя асобы», саманадзейна замахнуўся на лёс беларускай нацыі, вырашыў перарабіць яе на свой капыл.

Гэты нумар не пройдзе. Ну не могуць сучасныя беларусы быць такімі ж абмежаванымі і тупымі, як вы! І ніколі не будуць!

У нядзелю на Маршы смелых «Я выходжу!» канчаткова выявіліся як подласць і маральнае падзенне ўлады, так і неймаверная смеласць беларусаў. Калі сілавікі пачалі страляць і кідаць гранаты, людзі не спалохаліся. Некалькі мужчын выйшлі і сталі перад шэрагам карнікаў: «Страляйце!»

На плошчы Перамен жалобнае месца і мурал, стваральнікам якога быў забіты Р. Бандарэнка, абараняла перад «зачысткай» група самых смелых і стойкіх. А насупраць іх стаяла тысячная чорная арда. Беларусь павінна ведаць кожнага з няскораных герояў пайменна!

Зноў сотні арыштаваных і пакалечаных, але волю народа не зломіць не толькі саўгасны дыктатар, але і пуцінская Расія, якая яму дапамагае.

Мы — еўрапейская нацыя. Гэта курс, перададзены беларусам продкамі з часоў ВКЛ. Гэта трэба засвоіць У. Пуціну, С. Лаўрову, С. Нарышкіну, А. Бастрыкіну, С. Шойгу, якія цынічна плявузгаюць пра «цветную революцию», пра нейкую «роль инструкторов ЦРУ и Пентагона в подготовке протестов в Беларуси».

Масавы тэрор у Беларусі вымагае больш актыўных і канкрэтных дзеянняў ад міжнароднай супольнасці. Трэба дапамагчы мужнаму народу ізаляваць нелегітымнага, ашалелага ад усёдазволенасці дыктатара ад грамадства.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Не на сваім месцы

Прыхаваны генацыд

Балаклавы здзёрты

Забойчая селекцыя

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.