TOP

“Мы” і “яны”

Сучаснае дынамічнае жыццё патрабуе ад кожнага чалавека ўнутранай засяроджанасці, уважлівасці і трывалай памяці. Грунтам для ўзнікнення злачынных дыктатарскіх рэжымаў становяцца якраз няўвага, забыўлівасць, абыякавасць і паблажлівасць, якія бытуюць у грамадстве.

Сергей Законников

Гэтая важная ісціна застаецца галоўнай у маіх роздумах, пачынаючы з гістарычнага 1991 года. Незалежная Беларусь скацілася да ганебнага стану, у якім праіснавала больш чвэрці стагоддзя, не адразу, а паступова. Трагічных падзей, якія сёння перажывае народ і краіна, можна было пазбегнуць. Але дырэктар саўгаса нахабна выкарыстаў распад СССР, страх і разгубленасць людзей, узлез памяркоўным беларусам на карак. А яны не раскусілі сутнасці, своечасова не паставілі на месца.

Навагодняе віншаванне А. Лукашэнкі, яго “бадзёрыя” заклікі сведчаць пра чарговую хітрасць, цынічнае імкненне замыліць, забалбатаць пераломную гістарычную сітуацыю. Дэмагогія, якой ён зноў (каторы ўжо раз!) хоча задурыць, заблытаць грамадзян, знішчыць доказы гвалту і катаванняў, прымусіць забыць жудасныя злачынствы, выклікае народнае абурэнне і агіду.

Тым беларусам, якія па-сапраўднаму любяць сваю Айчыну, мову, гісторыю і культуру, не патрэбны пустыя, казённыя, псеўдапатрыятычныя акцыі — “Год национального единства” або “Год малой родины”. Роднасць і адзінства трэба адчуваць не ў асобныя гады, а заўсёды!

Якая можа быць еднасць у мільёнаў смелых і мужных беларусаў з хаўрусам неадэкватных індывідаў, адны з якіх мэтанакіравана мянялі вынікі выбараў, рыхтавалі і пасылалі ўзброеных супраць мірных людзей, а другія канкрэтна збівалі, арыштоўвалі, катавалі грамадзян за імкненне да праўды і свабоды, за палітычныя погляды, ні за што судзілі, штрафавалі і далей працягваюць гэта рабіць? “Новую главу” свайго жыцця дэмакратычная Беларусь будзе пісаць без вас!

Не спакойныя і цярплівыя беларусы, а прадстаўнікі дыктатарскага рэжыму ўвялі радыкальны падзел грамадства на “мы” і “яны”, нагнятаюць варожасць і нянавісць, што пацвярджаецца публічнымі заявамі. А. Лукашэнка, бэсцячы гістарычны нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, заклікаючы да барацьбы з ім, кажа: “Сделаем это красиво и прежде всего разъясняя, вбивая в голову людям, что это нельзя делать”. Знаёмы метад! А старшыня КДБ І. Церцель не цырымоніцца, пагражае: “Будем просто уничтожать… Мы готовимся к весне, знаем, как будет развиваться ситуация, действовать будем жестко. Справедливо, но жестко. Будем готовиться к горячей войне, не исключаем и такого варианта под видом гуманитарной миссии. Этот непростой период будет 1,5 — 2 года”. Былы міністр унутраных спраў, цяперашні памочнік А. Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Ю. Караеў заяўляе: “Любой бунтовщик, любой восставший, любой протестун, любой революционер — это сторонник темной силы”, а лютасць сілавікоў тлумачыць так: “Ну мы же военные люди… И какие-то отступления у военных людей должны быть”.

Пра тое, што ў асобных выпадках можна адступіць ад закону, адкрытым тэкстам кажа і дыктатар. Значыць, адным можна парушаць нормы, рабіць злачынствы, а другім належыць без ніякай віны быць збітымі, арыштаванымі, прайсці катаванні? Так бачацца рэжыму стабільнасць і парадак у краіне?

Хто вінаваты ў тым, што ў гарадах з’яўляюцца месцы народнай жалобы, муралы, памятныя надпісы на сценах і на асфальце? Не забівайце, не калечце людзей, тады нічога гэтага не будзе. Усё, што робіцца па ўшанаванні славы народных герояў — гэта адказ на масавы тэрор, істэрыю, абсурд і дурноту ўлады. Загнаць насельніцтва ў стан разгубленасці, дэпрэсіі і абыякавасці больш не ўдасца, беларусы ўсё бачаць, разумеюць, запамінаюць і ніколі не даруюць.

У А. Лукашэнкі здаўна любімым займеннікам стала “я”, у Н. Качанавай, якая абагаўляе яго, — “мы”. Гучнае “мы”, якім казыраюць службоўцы, — гэта сам узурпатар, чыноўнікі, сілавы блок, дэпутаты, ніжэй стаяць прапагандысты-лізуны, а ў канцы — “ябатьки-забатьки”, каму зверху адрасуецца слова “народец”.

Лукашысты лічаць сябе “государственниками”, “государевыми людьми”. Дзеля абароны дыктатуры яны робяць усё што заўгодна: адны хлусяць, а другія збіваюць дзяўчат, жанчын, падлеткаў і нават забіваюць мірных людзей. Гэтак званым “дзяржаўнікам”-сілавікам няважна, дзе служыць.Зямля можа быць гарыстай або раўніннай, насельніцтва таксама значэння не мае, бо ёсць толькі гаспадар, якому трэба дагаджаць. Іх збіраюць у драпежную зграю непадкантрольная ўлада над людзьмі, грошы і злачынствы, за якія давядзецца адказваць.

Дзе тыя верныя памочнікі дыктатара, кіраўнікі-“патрыёты” прызыву 90-х і пазнейшых гадоў, якія білі сябе ў грудзі, кляліся ў вернасці Беларусі, як гэта цяпер паўтараюць новыя цэрберы? Злінялі на цёплыя месцы ў Расію і ў іншыя краіны!

А дзе народ, які стварае нацыянальнае багацце, корміць кіруючы клан? У разуменні рэжыму большасць беларусаў перайшла ў займеннік “яны”, стала заклятым ворагам.

Але для смелых людзей, якія адстойваюць праўду, свабоду, чалавечую і нацыянальную годнасць, няма падзелу. Ёсць толькі — мы. Слова “мы” азначае нацыю, у якой розныя людзі са сваімі плюсамі і мінусамі, але гэта — вялікая радня. Яна адзіная і ў адчуванні любові да месца, дзе жыве, і ў высакародных творчых памкненнях, скіраваных у вечнасць. Мы — беларусы не толькі па крыві і нараджэнні, але і па духу!

У 2020 годзе нацыя зрабіла важны крок наперад: беларусы з’ядналіся і зразумелі, што дыктатура — гэта зло, ад якога належыць пазбавіцца. Цяпер трэба скінуць увесь накіп, які плавае ў варыве тутэйшых падзей, усвядоміць, што ўлада ў Беларусі павінна быць беларускай, якая паважае і любіць роднае, без гэтага ў нас не будзе святла і спакою.

Беларусы чуюць айчынных прарокаў, выконваюць іх запаветы, а дыктатура хапаецца за мудрыя словы Купалы толькі як прыпякло, калі з рук выплываюць улада і грошы. Вертыкальшчыкі амаль не ведаюць роднай гісторыі, мовы, а радкі геніяльнага паэта чулі некалі ў школе,ды даўно забыліся. Раю прачытаць яго лепшыя вершы, паэмы і п’есу “Тутэйшыя”. Для пачатку лікбезу прапаную заключныя строфы з верша “Свайму народу”:

Паўстань, народ! Для будучыны шчасце
Ты строй, каб пут не строіў больш сусед;
Не дайся ў гэты грозны час прапасці, —
Прапашчых не пацешыць шчасцем свет.

Сваю магутнасць пакажы ты свету, —
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!.. З крыві і слёз кліч гэты…
Цябе чакае маці-Беларусь!

Дванаццаць гадоў назад у прадмове да маёй кнігі “Насустрач” акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, замежны сябра Расійскай АН Р. Гарэцкі напісаў: “Сапраўды, калі мы шчыра хочам “людзьмі звацца” (словы неўміручага прарока Янкі Купалы), жадаем пабудаваць незалежную, дэмакратычную, духоўна і матэрыяльна заможную дзяржаву, то, як заклікае аўтар гэтай кнігі, не зважаючы на рознасць у палітычных поглядах, у веравызнанні, у асабістых памкненнях, павінны ісці душой і сэрцам адзін аднаму насустрач”.

Мне светла верыцца, што так абавязкова будзе!

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.