TOP

Атручванне жыцця

Кожны чалавек мае сваю праўду і хоча яе адстаяць. Але рана ці позна ўсіх ставіць на месца рэальнае жыццё. Яно не спыняецца і не любуецца тым, што атрымалася, а проста ідзе наперад. Людзі нараджаюцца, растуць, радуюцца, пакутуюць, інтрыгуюць, нават забіваюць, а жыццё прагне спакою, міру і працягу.

Сергей Законников

У зямны свет любы з нас прыходзіць не для таго, каб учыняць канфлікты, а з абавязкам у меру здольнасцяў зрабіць нешта новае, лепшае, падзяліцца дасягнутым з усімі, упрыгожыць чалавечае жыццё. На жаль, знаходзяцца індывіды, якім здаецца, што грамадства павінна круціцца ля іх, як Зямля вакол Сонца, а самі яны нарадзіліся для таго, каб кіраваць мільёнамі людзей.

Але гісторыя сведчыць, што фанатычная згуртаванасць вакол дыктатараў, культы асобаў ніколі не былі прадумовай выхаду народа да прыстойнага жыцця. Яскравы прыклад — Гітлер і Сталін. Захапленне дыктатарамі-»нарцысамі», якім бы апантаным ні было, заканчваецца драматычна. У аналагічны стан увайшлі Беларусь і Расія, бо дзве дзяржаўныя сістэмы ўшчэнт згнілі. Мясцовы ўзурпатар сыпле пагрозамі, у суседзяў таксама пачаўся пратэстны рух, падобны на беларускі. Ён не супадае па прычынах і не такі маштабны, але значны.

23 студзеня 2021 года на акцыю ў падтрымку грамадскага дзеяча і палітыка А. Навальнага, якога расійскія спецслужбы атруцілі, а затым па вяртанні з Германіі пасля лекавання цынічна арыштавалі і пасадзілі ў турму, выйшла практычна ва ўсіх буйнейшых гарадах Расіі да 110 тысяч чалавек. Яшчэ адным штуршком да масавых пратэстаў стаў новы фільм Навальнага з серыі пра татальную карупцыю ў Расіі, апекуном і канкрэтным удзельнікам якой выступае У. Пуцін.

Пераклічка смелых расіян з пратэстуючай шосты месяц Беларуссю былапрыкметнай і ў трансляцыі песні В. Цоя «Перемен!», і ў лозунгах «Свободу Навальному!», «Свободу политзаключенным!», «Путин — вор!», «Уходи!», і ў перайманні тактыкі як сілавікамі, так і маніфестантамі. Затрымана каля 3300 чалавек.

Сацыялагічнае апытанне пратэстуючых сведчыць, што сярод іх — людзі розных узростаў , але 44% удзельнічалі ў палітычным мерапрыемстве ўпершыню. Нягледзячы на абвінавачванні ўлады, што апазіцыя «хаваецца за спіны дзяцей», падлеткаў на акцыях амаль не было, хоць паказальна, што 50% удзельнікаў мелі ўзрост да 31 года. Такія факты гавораць пра многае. Новае пакаленне патрабуе новых лідараў!

Калі любоў праходзіць, дыктатары кажуць: «Хай ненавідзяць, галоўнае — каб баяліся!» Беларусы выраслі з гэтых «штаноў», бо рашуча адпрэчваюць рэжым А. Лукашэнкі. Яны і ненавідзяць, і не баяцца, што пацверджана пратэстамі, якія не спыняюцца ні на адзін дзень, нягледзячы на тэрор і кепскае надвор’е.

Перавыхаваць «нарцысаў», як дамагаліся заходнія палітыкі, немагчыма. Яны рэагуць толькі на сілу. Магутны народны пратэст у Беларусі, які пачаўся з 9 жніўня 2020 года, разгневаў і напалохаў А. Лукашэнку. Але вялая рэакцыя ЗША і Еўразвязу на выбрыкі ўзурпатара пасля фальшывых выбараў (збіццё і забойствы маніфестантаў, тысячы затрыманых, катаванні ў аддзелах міліцыі, ізалятарах і турмах) прывяла да ўсталявання маруднай агоніі рэжыму.

Масавы тэрор у Беларусі працягваецца не толькі непасрэдна на пратэстах, але і стаў кропкавым, б’е па самых смелых і актыўных людзях, якіх ізалююць у любы час. Акрамя таго, могуць арыштаваць і судзіць кожнага, хто быў заўважаны на акцыі або знаходзіўся побач. Калі дзяржапарат да апошняга шрубка кінуты на барацьбу з пратэстамі, то адшукаць канкрэтнага чалавека, арыштаваць і запіхнуць у турму не ўяўляе цяжкасці. Вялікага розуму на такое не трэба, бо тысячы супрацоўнікаў КДБ, міліцыі, агентаў, даносчыкаў працуюць на стварэнне картатэк, здымаюць людзей на камеры.

Жахліва, што ўзурпатары не толькі адкрыта пагражаюць забойствамі, але і рэалізуюць намеры. А цяпер успомнім, якімі бляклымі, нехлямяжымі і, здавалася, сціплымі выглядалі гэтыя людзі, калі лезлі ў прэзідэнцкае крэсла. А ў каго яны ператварыліся, намёртва прысмактаўшыся да ўлады? Гэта яшчэ раз пацвярджае старую ісціну: усё трэба рабіць своечасова, у тым ліку і рашуча спыняць нахабных уладалюбцаў.

У. Пуцін зрабіў фатальную стратэгічную памылку, калі актыўна падтрымаў беларускага ўзурпатара заявамі і грашыма. Яму даводзіцца такімі ж грубымі, сілавымі метадамі падаўляць народныя пратэсты ўнутры сваёй краіны. У Крамля яшчэ ёсць магчымасць наладзіць добрыя партнёрскія стасункі з новай Беларуссю без Лукашэнкі, ды імперская пыха не дазваляе выпускаць з рук гэтак званую «зону ўплыву».

А. Лукашэнка і У. Пуцін напалоханы, але хваравітая цяга да ўлады не адпускае. Адзін за сцяной калючага дроту і амапаўцаў пагрозліва носіцца з аўтаматам у кампаніі з узброеным падлеткам, або, каб паказаць «непарушнае самавалоданне» і сваю «лагоднасць», то піярыцца з белым шпіцам, то сячэ дровы, то ў дзіўнаватай апратцы акунаецца ў купелі. Другі, седзячы ў бункеры, так баіцца А. Навальнага, што ў звязку з яго вяртаннем «паставіў на вушы» ўвесь сілавы блок Масквы. Абодва «кусаюцца-цалуюцца», але нязменна меркантыльна падтрымліваюць адзін аднаго, седзячы на шыі ў беларусаў і расіян.

Дыктатары атручваюць народнае жыццё спецслужбаўскім, міліцэйскім і паліцэйскім, судовым і пракурорскім гвалтам, што добра бачна ўсім. Але ёсць прыхаваныя подласці рэжымаў. Армія службоўцаў рыхтуе для ўзурпатараў праекты ўказаў, дэкрэтаў, кляпае паперкі, якія нацэлены на абдзіранне людзей. А грамадзянін перад масай дакументаў — сам-насам. Яму трэба круціцца хутчэй, чым ваўчок. Людзі проста не паспяваюць рэагаваць на чарговыя змены ў аплаце камунальных паслуг, у коштах на харч і тавары , у правілах карыстання аўтамабілем і г.д.

Беларускія рэаліі сведчаць, што разрэкламаваная «сацыяльная дзяржава» сыходзіць на нішто.

Нічога не паправяць прапагандысцкія патугі БТ і такія акцыі, як «Год народного единства». Большасць беларусаў аб’яднала менавіта змаганне з дыктатурай. Цяпер еднасць дае магчымасць думаць і працаваць калектыўна, знаходзіць шляхі разумнага развіцця, а не выконваць бяздумна каманды агрэсіўнага нарцыса.

Развіццё нацыі і ратаванне дыктатуры — гэта розныя рэчы. Пытанні, якія рыхтуюць на «Всебелорусское народное собрание», не выходзяць за межы будзённага функцыянавання дзяржавы. Таўталогія пра нейкае «паляпшэнне», нападкі на гістарычныя нацыянальныя сімвалы нікому не патрэбны. Ясна, што такім чынам клан, які збярэцца, хоча ўратаваць А. Лукашэнку. А народ патрабуе галоўнага — сыходу ўзурпатара, вызвалення палітзняволеных, правядзення сумленных выбараў, змены дыктатарскай сістэмы.

Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі і Расіі, — гэта не толькі палітычнае пытанне, а змаганне дабра са злом.

Для таго каб любыя зламыснікі, якіх у нашай краіне хапае, канчаткова не атруцілі жыццё, нацыі трэба многаму вучыцца. У маёй паэме «Per aspera ad astra (Праз церні да зорак)», прысвечанай выдатнаму беларусу, знакамітаму настаўніку і вучонаму ў галіне астранаўтыкі Барысу Кіту, з кім выпала незабыўная радасць сустракацца, размаўляць і сябраваць, ёсць радкі пра жыццё:

Жыцця млын шчыруе завозна,
Млынар пасміхаецца ў вусы…
Вучыцца ніколі не позна…
Вучыцеся, беларусы!

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.