TOP

Жарты скончыліся

Пратэстныя падзеі маюць прычыны, якія трэба бачыць, адчышчаючы праўду ад прапагандысцкага бруду. Складнікамі, на якіх грунтуецца народны гнеў у Беларусі і Расіі, сталі цынічныя парушэнні законаў уладай, хлусня і гвалт. Прытым можа быць здзейснена злачынства, затым распаўсюджваецца мана, ці наадварот, але здзек над правамі чалавека застаецца пастаянным.

Сергей Законников

Беларускі пратэст 2020 года развіваўся паводле класічнай схемы. Была рэакцыя насельніцтва на падтасоўкі ў час падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў пры стварэнні камісій, зборы подпісаў, вылучэнні і рэгістрацыі кандыдатаў. Людзі выходзілі на вуліцы і адкрыта выказвалі незадаволенасць, падпісваліся за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, праводзілі акцыі пратэстаў супраць парушэння заканадаўства.

Але гэта не стала папярэджаннем. Пры падліку галасоў па завядзёнцы намалявалі фальшывыя «пераможныя» лічбы, чым пакрыўдзілі і абурылі не толькі свядомых прыхільнікаў дэмакратыі, але і ўсіх сумленных грамадзян.

Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазволілі вынесці злачынствы на вочы грамадства. Парушэнні на народным волевыяўленні, а затым тэрор супраць мірных маніфестантаў, арышты і катаванні лагічна завяршыліся магутным народным пратэстам. Ён працягваецца і няўхільна набліжае дэмантаж дыктатуры, нягледзячы на яе патугі ўтрымацца.

А. Лукашэнка і яго клан, спасылаючыся на зімовае змяншэнне пратэсту, запэўніваюць сябе, спрабуюць пераканаць насельніцтва краіны і ўвесь свет у перамозе над «змагарамі». Узурпатар пасля пярэпалаху развіў дзейнасць, нібыта нічога не адбылося, выступае, праводзіць нарады, тасуе на пасадах вертыкальшчыкаў, баючыся чыноўніцкіх змоў, запалохвае дырэктарскі корпус турмой, тузае просьбамі Расію і Кітай — апекуноў і эканамічных донараў, задзіраецца і грозіць «знешнім ворагам» — НАТА, ЗША, Еўразвязу. У рот яму глядзяць генералы, якія робяць цемрашальскія заявы, расколваюць грамадства, публічна пагражаюць мірным людзям забойствамі.

Супрацьстаянне чыноўніцкага, спецслужбаўскага, міліцэйскага апарату і народных сіл перайшло ў рашаючую фазу. Ахвяры, сярод якіх наўмысныя, жорсткія і подлыя забойствы А. Тарайкоўскага і Р. Бандарэнкі сталі найбольш рэзананснымі, паказалі, што жарты пра «саўгас» скончыліся.

У жаданні настаяць на сваім дыктатар зайшоў далёка. Ён выдумляе неверагодную хлусню, цынічна апраўдвае фальсіфікацыю выбараў, таемную інаўгурацыю, прыкрывае гвалтоўныя дзеянні сілавікоў. Грамадству аб’яўлена вайна і выстаўлены ультыматум: або здаецеся на нашу міласць, або будзем падаўляць усім арсеналам сродкаў, які ёсць.

Заходнія палітыкі назіраюць за пратэстамі, за масавасцю і кажуць: «Калі рэпрэсіі будуць больш жорсткімі, то мы ўзмацнім санкцыі». Але якога яшчэ градуса гвалту чакаеце? Ён і так зашкальвае! Прычым тут масавасць на акцыях, калі штодня ў Беларусі пакутуюць тысячы людзей. Безабароннаму народу, які фізічна і маральна тэрарызуюць, тэрмінова патрэбна міжнародная дапамога.

Пахвальба двух аўтакратаў, што Беларусь і Расію санкцыямі не возьмеш, — гэта блеф. Яшчэ як возьмеш, бо ў сучасным свеце эканоміка, фінансы і ўсё астатняе ўзаемазвязана. Сёння, як пры СССР, за «жалезнай заслонай» не схаваешся.

Беларусы жывуць не на «далёкім хутары», як Паўночная Карэя або Куба, а ў цывілізаванай, густа заселенай Еўропе. Кепска, што Беларусь доўга была «прахадной тэрыторыяй», а Расія і цяпер лічыць яе часткай свайго «мягкого подбрюшья».

Аднак насуперак гэтаму беларусы сказалі: «Хопіць!» Мы не хочам, каб Масква разам з тутэйшым дыктатарам атручвала наша жыццё агрэсіўнымі памкненнямі, ваеннымі гульнямі. Усталяванне ў Беларусі дэмакратычнага ладу, прыход да кіравання падрыхтаваных, сумленных, неваяўнічых людзей паслужыць справе міру на еўразійскім кантыненце.

Калі Крэмль не ўсвядоміць памкненняў беларусаў, не спыніць загорнутую ў цэлафан «сяброўства і адзінства» прыхаваную экспансію, будзе валтузіцца з Лукашэнкам, то страціць добразычлівасць суседзяў, у якіх уласны лёс.

У Беларусі і Расіі пратэстны настрой народа, кпіны і рогат над аўтакратамі ні спецслужбам, ні сілавікам не спыніць. Як жа далей кіраваць?

Замірэння большасці беларускага грамадства з дыктатарам не будзе. Не дапамогуць выдуманыя «сходы», «рэформы», агіткі прапаганды, заклікі праўладных святароў да адзінства. Толькі транзіт улады, вызваленне палітвязняў і новыя выбары могуць супакоіць грамадства.

Падкрэсліваю, неабавязкова кожны дзень выходзіць па 200–300 тысяч чалавек, а сілавікам — па тысячы арыштоўваць. А што, 100 пратэстуючых, кінутых у час чарговай акцыі ў заснежаным Мінску ў аўтазакі, — гэта не лічба? За ёю стаяць лёсы канкрэтных студэнтаў, рабочых, айцішнікаў, прадпрымальнікаў, урачоў, выкладчыкаў, спартсменаў, пенсіянераў, інвалідаў.

Беларусы застаюцца героямі нават на фоне самых гучных падзей у свеце. Нягледзячы на тэрор, яны змагаюцца за волю. Ім трэба пасобіць усёй міжнароднай талакой.

Мне балюча, што сілы народа, і асабліва моладзі, якая думае, параўноўвае, рабіць высновы, якой належыць будаваць новую Беларусь, марнуюцца на ўціхамірванне ўладалюбца. Было шчымліва на душы, калі чытаў словы маці арыштаванай студэнткі: «Они юные и чистые, смелые и сильные дети, которым выпало жить в такие непростые времена, но каждый из них принял ответственность за свое решение, свой выбор. Как показали последние месяцы, далеко не каждый взрослый способен выбрать между тем, что правильно, и тем, что легко».

Сапраўды, перад кожным грамадзянінам пытанне стаіць рубам: ты разам з тымі, хто хлусіць, парушае законы, калечыць, катуе і забівае, або з тымі, хто хоча, каб Беларусь была свабоднай, прававой дзяржавай, і за гэта ідуць на пакуты, на смерць? Адкажы сабе, і ўсё стане ясна: хто ты, чыйго роду.

Лукашэнка лямантуе, што «разрушают государство». Але якую дзяржаву ён заклікае абараняць? Тую, дзе няма самастойнага парламента, незалежных судоў, свабодных СМІ, дзе прэзідэнт-узурпатар і яго генералы-сілавікі цынічна заяўляюць, што закон можна пераступаць?

Такая дзяржава не патрэбна мільёнам звычайных грамадзян.

Жарты скончыліся. Беларусам трэба пераадолець шмат перашкод. У нас ёсць не толькі патрыёты Айчыны, але і кан’юнктуршчыкі, прыстасаванцы, правакатары. Пад апекай функцыянераў «Русского мира» створана мноства антыбеларускіх фондаў, цэнтраў, «круглых сталоў», «ваенна-спартыўных» лагераў. Апошнім часам прыўладныя «шасцёркі» ў шалёным тэмпе закарагодзіліся каля прапаноў і мерапрыемстваў, якія нахабна падкідаюць грамадству паліттэхнолагі А. Лукашэнкі.

Але сцерці з памяці народа злачынствы, знішчыць доказы, забалбатаць жах не ўдасца. Беларусы не толькі добрыя, сціплыя і цярплівыя людзі. Яны яшчэ рашучыя, цягавітыя і ўпартыя, каб самаахвярна здабываць перамогу.

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.