• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Тузанні дыктатуры

Сергей Законников

Дыктатура прыходзіць тады, калі адмяняецца права, а парламент, суды, СМІ і ўсе іншыя інстытуты дзяржавы пачынаюць выгінацца і скакаць пад дудку аднаго «заклінальніка», якога называюць прэзідэнтам. Якая яна — мяккая, сярэдняя або жорсткая — неістотна. Галоўнае ў тым, што такая ўлада антыгуманная, яна ваюе з чалавечай годнасцю.

Пра метады праўлення А. Лукашэнкі апублікавана шмат матэрыялаў у незалежных мясцовых і замежных СМІ, яго назвалі «апошнім дыктатарам Еўропы». Цяпер ён займеў напарніка, які дапамагае трымаць у зубах уладу. Расійскі кінарэжысёр А. Звягінцаў бескампрамісна ацэньвае стан Расіі: «Существующий режим — это уже не персонолистская автократия, налицо состояние перехода к тирании. Неизбежное и, похоже, неотвратимое».

Гісторыя сведчыць, што дыктатура — гэта неправавое і неэфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, прымітыўнае, як слуп. Пры ім жыццё чалавека заціснута ўказамі, дэкрэтамі, распараджэннямі — сядзі ціха, не вылазь, за цябе думаюць і рашаюць наверсе. Якраз няўвага да думкі людзей, адсутнасць зваротнай сувязі з грамадствам прыводзяць да пратэстаў, да таго, што дыктатуры не застаюцца вечнымі, рана ці позна, але рэфармуюцца, дэмакратызуюцца.

Дэмакратыя — лад клопатны, трэба варушыцца і кіраўнікам, і народу. Грамадзянская супольнасць думае, абмяркоўвае, дыскутуе, канкурыруе, каб дамагацца поспеху. Так існуюць развітыя дэмакратычныя дзяржавы, забяспечваючы правы і свабоды чалавека і высокі ўзровень дабрабыту. Гэта падводзіць да высновы, што трэба мець не моцную ўладу, а разумнае кіраўніцтва.

Адзіная «цывілізаваная дыктатура», якая не мянялася з 1965 года і мае выдатныя эканамічныя вынікі, — Сінгапур. Без прыродных рэсурсаў маленечкая краіна выйшла ў сусветныя лідары ў галіне эканомікі, навукі, высокіх тэхналогій, стала трэцім фінансавым цэнтрам пасля Нью-Ёрка і Лондана. Тым не менш, хоць зарплаты ў большасці людзей значныя, але рэжым пазбавіў іх свабоды слова, крытыкі ўсемагутных карпарацый, якія тут правяць баль, загнаў пад пільны кантроль. Ці не на такі татальны нагляд узялі курс Беларусь і Расія?

Але А. Лукашэнку і У. Пуціну далёка да таленавітага, хоць і аўтарытарнага, кіраўніка Лі Куан Ю (1923 — 2015), які вучыўся ў Лонданскай школе эканомікі і ў Кембрыджскім універсітэце, належным чынам змагаўся з карупцыяй і змог стварыць «эканамічны цуд». Яны праходзілі зусім іншыя «ўніверсітэты».

За два дзесяцігоддзі ні Беларусь, ні РФ не дасягнулі прыкметнага развіцця. Яны ў большасці праядалі прыродныя рэсурсы, «кляпалі» газавыя і нафтавыя або калійныя долары. Адзінае, чым дыктатары могуць пахваліцца , — гэта разбухлы сілавы апарат для падаўлення народных пратэстаў і вытворчасць узбраення.

Сёмы месяц рэжым Лукашэнкі тузаецца ў цісках непрыемных, крытычных абставін, якія стварыў сам, бо ў тым, што народ выходзіць на вуліцы, заўсёды вінавата ўлада.

Сутнасць сітуацыі падсвяціла гэтак званае «Всебелорусское народное собрание», якое задумвалася, каб падтрымаць дыктатара, прадэманстраваць вернасць правіцелю. Але што з гэтага атрымалася? З трыбуны пырснуў такі фантан абуранасці, злосці і нянавісці, якога даўно не было. Дыктатар умудрыўся абразіць і пакрыўдзіць усіх: студэнтаў, настаўнікаў, айцішнікаў, банкіраў, бізнесоўцаў, творцаў і нават чыноўнікаў, якія не ратуюць «нашего президента». Вось табе і яднанне!

У абвінавачваннях правіцель не звяртае ўвагі на прэзумцыю невінаватасці, спалучае ў сваёй асобе КДБ, МУС, Следчы камітэт, пракурора і суддзю. Яму галоўнае — «паказаць на некага пальцам», а пасля «пайшла пісаць губерня». Пра гэта сведчыць абсурд масавага затрымання невінаватых людзей, бясконцыя штрафы і пасадкі ў турмы.

Некалькі разоў дыктатар напомніў прысутным, што Беларусь ён нікому не аддасць. Нават Сталін, які меў статус «вождя», «отца народов», не замахваўся на тое, каб лічыць СССР сваёй уласнасцю, не казаў, што без яго краіна загіне.

Але мяне цікавіць не ўзурпатар, які страціў арыентацыю ў рэчаіснасці, не лічыцца з народным недаверам, а рвецца напралом, любымі спосабамі трымаецца за седала. З ім яснасць даўно ёсць.

Асобная гаворка пра людзей, якія ў традыцыі савецкага часу сядзелі ў зале, слухалі «палітінфармацыю» і пляскалі ў далоні. Пакінем за дужкамі сілавікоў, бо спецыфіка іх адукацыі, выхавання і самой службы прыводзяць да абсалютнага падпарадкавання начальніку, але тры чвэрці прысутных — гэта цывільныя, інфармаваныя людзі. Яны павінны разумець, што дыктатуры прыйшоў бясслаўны канец. Як можна працаваць ізалявана ад свайго народа і большасцікраін свету?

Тады адкуль у іх страх, рабская ўгодлівасць перад раз’юшаным індывідам, які выклікае смех у людзей сваім нагадваннем «кто в доме хозяин», і «амапаўская» агрэсіўнасць у стаўленні да пратэстуючага народа?

Раю мясцовым і замежным палітыканам надта не разлічваць на тое, што беларусы з’ядуць усё, што ім падсунуць узурпатар і яго «старэйшы брат». Дарэмна спадзявацца, як раней, на замбіраваны, палітычна неадукаваны пласт насельніцтва, не разумеючы, што інтэлектуальны ўзровень людзей значна вырас, што ім надакучыла паблажлівая дэмагогія і абяцанкі павышэння на пару рублёў зарплат і пенсій. Яны могуць самі, дзякуючы розуму і рукам, зарабляць патрэбныя грошы для годнага жыцця. Але для гэтага павінны быць належныя ўмовы.

Тузанні правіыеля і клана скіраваны на раскол і прыніжэнне нацыі, на тое, каб зрабіць беларусаў такімі ж касмапалітычнымі, як яны. Свядомасць яны гатовы «вырезать», «выжигать каленым железом». Адкрытым тэкстам аб’яўлена вайна беларускай душы, якая самаахвярна беражэ родную мову, гістарычныя нацыянальныя сімвалы, з якімі жылі і перамагалі продкі.

Але, як бы там ні было, мы не адступім! Грамадства не супакоіцца, пакуль не выпусцяць на свабоду палітвязняў, не будуць пакараны ўсе злачынцы ў пагонах і без іх, не праведзены новыя сумленныя выбары, не адбудзецца дэмантаж дыктатуры. Гісторыя паказала, што накіп сыходзіць, а беларусы застаюцца навечна.

Нас яднае чароўная зямля, родныя песні, ад якіх на вочы набягаюць слёзы, сумесная стваральная праца, мілыя дзеці і ўнукі, якія радуюць спачатку агуканнем, усмешкамі, затым выдатнымі поспехамі ў школе і ВНУ, у прафесіі, а таксама пагосты, на якіх вечным сном спачывае вялікая радня.

Бюракратычным пустадомкам, прыстасаванцам і «чорным прывідам» з дубінкамі нічога ў жыцці не дорага, акрамя ласкі «гаспадара», які раздае чыны, пагоны і грошы. Ламаючы чалавечую годнасць і людскія косці, яны спрабуюць перарабіць нацыю на свой капыл.

Але не на тых натрапілі! Беларусы бачаць і разумеюць, з кім маюць справу і што рабіць у цяперашняй палітычнай сітуацыі.

Разам з абуджэннем прыроды ў Беларусь павінна прыйсці абнаўленне народнага парыву да свабоды і прыстойнага жыцця. Без волі да перамогі, нязломнасці і мужнасці радаснай вясны не будзе, замест яе на роднай зямлі ўсталюецца азызлая, змрочная «дыктатарская зіма».

Сяргей Законнікаў