TOP

Ці стасуюцца дуліны з мемуарамі?

Роўна сем гадоў таму, на даравальную нядзелю, сышоў Рыгор Барадулін....

Такое бывае: аднойчы невядомая сіла чамусьці гоніць цябе некуды ці патрабуе зрабіць нешта асаблівае менавіта цяпер… Вось і надвячоркам 24 лютага 2004 году мы пасля працы пайшлі ў бальніцу на Энгельса шукаць знакамітага паэта Рыгора Барадуліна: ён чарговым разам злёг…

Перадгісторыя

Недзе праз паўгадзіны грукату ў дзверы цёцечка на ўваходзе плюнула ды пайшла клікаць хворага «на пяць мінутак размовы».

Яе доўга не было, мы пачалі сагравацца прабежкамі па дворыку і так перасякліся з чалавекам, які цягам нашых перамоваў прытупваў у далёкім куточку і, здавалася, размаўляў ці то сам з сабой, ці то з некім па мабільніку.

Ха: дзядзька Рыгор!

Абдымаемся, рагочам…

— …Які тэлефон, хлопцы: не маю! Цэлы дзень «дэлегацыі» ў палаце, вось выйшаў адпачыць. А тут бачыце — неба якое? Колькі зорак — як тых людзей, і ўсе розныя… Вось і вы: нібы з-пад месяца зляцелі! Дык што там, над аблокамі?

— Там толькі райскія апельсіны засталіся, трымайце! А на зямлі як? Ва Ўшачах што робіцца?..

Слова за словам і раптам высвятляецца: сёння — дзень народзінаў дзядзькі Рыгора: 69 гадоў!

Ёлы-палы, аблом…

Ладна, неяк рэабілітуемся, за намі даўжок.

Ідэя

Праз пару месяцаў «Свабода» прапанавала мне падумаць над ідэяй у ранішні эфір, замаўляўся гэткі серыял на ўсё лета. Каб народ цягнуўся да прымачоў…

— … Я згадаў зімовую сустрэчу з Барадуліным — дзядзька з зоркамі размаўляў, як са знаёмцамі. Разумееце, у ягонай арбіце процьма зорных людзей! Дык што, калі раскажа пра той небасхіл Беларушчыны? Не забубённа, а па-ранішняму: бадзёра, свежаветрана! З ягонай памяццю, дасціпнасцю, слоўцамі будзе тое, што трэба. Показка пра чалавека плюс эпіграма ў падсумаваннне…

— Ён жа бясконца хварэе, ды яшчэ як… А тут такая праца: спрасаваць у чатыры-пяць хвілін гісторыю, адкрыць за показкай вобраз, зноў жа — эпіграма… А да 31 жніўня мінімум 75 эфіраў… Тут і маладыя не вытрымаюць!

— Адужае. Да таго ж яго не выдаюць зараз, а ў стол працаваць не хоча… Вось і выйсце, ды яшчэ напярэдадні свайго юбілею!

Карацей, мне заставалася патэлефанаваць дзядзьку Рыгору, сустрэцца, перамовіцца ды дамовіцца. Прапанову ён прыняў адразу.

Праца

Рупіцца над цыклам дзядзька Рыгор пачаў напачатку траўня, каб яшчэ да запуску «Лета з Барадуліным» адкатаць методыку, намацаць стыль, зрабіць задзел на якіх 7-10 дзён: раптам захварэе, паехаць куды давядзецца ці якая ячшэ трасца-неспадзяванка…

Дзеля падстрахоўкі папрасіў паэта накідаць прыблізны спіс героеў і пачаў на ўсялякі пажарны сам шукаць цікавыя факты пра гэтых людзей: раптам дапамагу нейкай ідэяй?

Аднак пасля некалькіх сустрэч пераканаўся: гэтага не трэба. Па-першае, дзядзька Рыгор дэманстраваў фенаменальную памяць і проста фантастычнае адчуванне ключавога фактажу ў показках; па-другое, у яго такі непаўторны стыль мыслення, што навязанае збоку толькі збівала з рытму; па-трэцяе, ён усё ж адчуваў складанасць задачы, таму нягледзячы на ўвесь свой досвед заўважна хваляваўся і залішняе апекаванне толькі б нашкодзіла, прытармазіла фантазію…

Вось чаму я практычна не ўмешваўся ў творчую, як кажуць, лабараторыю свайго самага незвычайнага ў жыцці аўтара.

Хоць нюансаў хапала. Так, разы тры я далікатна прасіў перарабіць напісанае. І тройчы, гэтаксама далікатна пасупраціўляўшыся, ён пагаджаўся.

Найбольш яскравы прыклад тут — эпізод з Зянонам Пазняком.

Ведаючы барадулінскае стаўленне да фронтаўскага лідэра, я пабойваўся, што пачую задужа ўзнёслыя радкі — так і сталася: «Іконапіс…» У адказ: «А хіба Зянон не апостал?»— «А хіба Караткевіч не святы для вас і мяне? Але ж — вы расказалі пра чалавека…» — «Ну так, ну так, разумею, я паспрабую…» І перарабіў. Атрымалася усё адно на высокай ноце, але па-зямному: «Яго папракаюць, што ён нягнуткі ў палітыцы, але гісторыя паказала, што з гнуткіх лягчэй за ўсё пугі віць…»

Затое я зусім не шкадаваў дзядзьку Рыгора падчас запісаў у свабодаўскай студыі. Асабліва на старце цыкла. Тут пры чытанні тэкстаў важныя былі паўзы, інтанацыі, «непраглынутыя» канчаткі ды прыназоўнікі… Па праўдзе, не кожны малады б змог, але Барадулін, які рыхтаваўся да 70-годдзя, здолеў. Недзе ў ліпені мы працавалі ўжо амаль без дубляў.

Брава!

Смела

З амаль 80 персанажаў большасць — фактычна прарабы беларускага духу, зоркі Беларушчыны.

Пісаць штодзённа трохмесячны цыкл пра такіх яскравых асоб наагул складана;

пісаць не панегірыкі, а з гумарам, усмешлівай іроніяй пра тых, з кім ты перамаўляешся па тэлефоне, сустракаешся на імпрэзах, у каго ты пазычаеш, з кім ты хоць і зрэдзьчас, але сядзіш за адным сталом — складана ў квадраце;

пісаць радкі «на фолавай мяжы» пра фактычна жывых класікаў — складана ў кубе…

А сярод напісанага ім была і процьма показак «у квадраце», і некалькі — «у кубе».

Адкрыю ваенную тайну: мінімум за дзве з іх мяне ледзьве «не расстралялі».

А дяздзька Рыгор? Колькі «эмацыйных» рэакцый ён пачуў, колькі крыўдаў выслухаў, аднак жа — не спыніўся, хоць, паводле маіх назіранняў, і балюча перажываў за свае «дуліны».

Вось табе і крохкі паэтычны характар.

Не-а: не крохкі. Тыя показкі мог напісаць не проста таленавіты, але і — цвёрды чалавек.

Сакавіта

Яшчэ ў працяг гэтай тэмы.

З лёгкай рукі дзядзькі Рыгора такая вось як мінімум вострая «мемуарыстыка» пра сучаснікаў стала дастаткова распаўсюджанай, нават моднай.

Але: час ад часу ў напісаным ягонымі паслядоўнікамі так і бачыш элементарнае звядзенне рахункаў, спробу звярнуць на сябе ўвагу праз непрыхаваную абразу, выразную непавагу…

А ў «дулінах» Барадуліна (як тое ні парадаксальна прагучыць) — гармонія жанра, іранічная добразычлівасць і любоў.

Хоць зрэдзьчас бачыцца і выдатна сфармуляванае катэгарычнае непрыманне таго, што натварыў чалавек — напрыклад Лукаш Бэндэ: «Калі я перакладаў Яна Райніса, у слоўніку ўбачыў слова «bende» — у латыскае мове ў яго адно значэнне: «кат». Сапраўды, Бог шэльму меціць»…

Ці вось што напісаў пра байкапісца ды акадэміка Кандрата Крапіву:

Быў камуністам з галавы да ног,
І сталіністам з ног да галавы.
І на расейскі лад, як толькі мог,
Гнуў мову,
Засукаўшы рукавы.

Або пра не менш славутага Заіра Азгура: «У майстэрню ягоную было шчасьцем зайсці. Як у музей. Аж сам маэстра здаваўся жывым манумэнтам… Неяк сумнавата Васіль Быкаў адзначыў: «Азгур нарадзіўся камуністам, а памёр габрэем…»

Вось эпіграма на яшчэ аднаго знакамітага беларуса, Станіслава Шушкевіча:

Дасведчана засведчана вякамі –
Рамантык не дамовіцца з ваўкамі…

Не варта думаць, быццам барадулінскія партрэты, што называецца, у нагу з агульным уяўленнем пра славутасцяў. Зусім не так. Як думаць шаблонна, то пра Броўку дзядзька Рыгор мог напісаць у працяг шырокавядомага ёрніцтва на тэму: «піша лоўка». Але не: Барадулін лічыць, што старэйшы ягоны зямляк хоць і быў сынам свайго часу, але не такім адыёзна савецкім, як яго часта згадваюць. І распавядае: на адзін са сваіх дзён народзінаў, што выпаў на ўрадавы маскоўскі прыём, Пётр Усцінавіч пакінуў застолле і праходзячы па крамлёўскім двары сказаў: «З усіх цароў люблю Пётру. І не таму, што цёзка. Гэта ж ён пасылаў Меншыкаву запіску: «Пришли Катьку, страшно еть хочется…» Вось вам і «акадэмічны» Броўка…

Як супрацьход — «памежная» эпіграма на шаноўнага апекуна беларускай песні Генадзя Цітовіча:

Я, ябун, сцерагу
Маладых харыстык.
Хоць і сам не магу,
Але ганарысты.

І што — не разумеў, якія пачуцці будуць у героя? Разумеў. Таму і напісаў: Цітовіч прасіў задзірыстую эпіграму. Атрымаў… Ну а мы бачым партрэт чалавека з характарам.

А хіба не ўражвае вобраз ураджэнца Смаленшчыны Аляксандра Твардоўскага ў адной толькі прымаўцы, згаданай Барадуліным: «Выходзячы з ЦК, дзе яго спрабавалі зламіць, любіў паўтараць: «Как говорят у нас, белорусов, пережили лето горячее, переживем и говно собачее»…

Як пасуе да гэтага показка пра Пімена Панчанку: «Панчанка быў беларусам наскрозь. І калі не пісаў у арміі па-расейску, у насценнай газеце выйшаў шарж: паэт ляжыць на канапе, а ўнізе такі подпіс:

Дайте водки и закуски,
Напишу стихи по-русски».

А вось пра двух волатаў адразу, Макаёнка і Караткевіча:

І паваліцца славы казённы тын,
І развеецца пыл грашавітай раскошы.
Макаёнак запомніцца толькі тым,
Што ў яго пазычаў Караткевіч грошы.

Затым — нібы выбачаецца перад знакамітым драматургам, падагульняе:

«Ну, гэта пад непадхмеленую руку. А так кожны па-свойму вяльможны. Усім хопіць месца пад коўдраю славы. Яна ж засцілаецца кожны раз па-новаму».

(Заканчэнне ў наступным нумары)

Аляксандр Уліцёнак

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.