TOP

Канец беспартыйнай аўтакратыі?

Трэба прызнаць, што беларуская аўтакратыя мае ў сабе нешта ўнікальнае. Аўтакратыі апошніх 70 гадоў — гэта або ваенныя хунты, або партыйныя дыктатуры, або абсалютныя манархіі, якія сумарна складаюць каля 80% усіх пасляваенных аўтарытарызмаў.

Наша аўтакратыя належыць да персаналісцкага тыпу, які складае прыблізна 20% пасляваеннных аўтакратый. Але і тут ёсць адхіленне ад нормы: пераважная большасць такіх аўтакратаў маюць сваю партыю, а наш да гэтага часу — не. Такая партыя ёсць у Пуціна, у Назарбаева/Такаева, Рахмона, Аліева… у Чавеса/Мадуры, у Фідэля/Раула Кастраў, у дынастыі Кімаў у Паўночнай Карэі… Хто тут яшчэ на слыху? Вось, нябожчык Мугабе — таксама ж меў сваю партыю.

Карацей кажучы, куды вокам ні павядзі, паўсюль персаналісцкія аўтакраты мелі/маюць свае партыі. Спрабаваў з ліхтаром у руках знайсці менавіта «беспартыйныя» персаналісцкія аўтакратыі. І што ж — знайшоў. За ўвесь пасляваенны перыяд удалося налічыць такіх — ні многа ні мала — 20-25 штук (недаакрэсленасць лічбы звязана з тым, што некаторыя кейсы спараджаюць класіфікацыйныя цяжкасці).

Адсотак невысокі, бо ўсіх аўтарытарных рэжымаў за гэты перыяд было або ёсць больш за паўтысячы.

Характэрнай рысай «беспартыйных» персаналісцкіх аўтакратый з’яўляецца іх кароткі век —

у сярэднім 5-6 гадоў. І тут атрымліваецца адхіленне ад нормы: наша аўтакратыя на дадзены момант налічвае ўжо 26 гадоў.

Узяўшы ў рукі яшчэ большы ліхтар, пачаў шукаць такія аўтакратыі, якія былі б: (1) персаналісцкімі, (2) «беспартыйнымі» і (3) пратрымаліся хаця б 10 гадоў.

За ўвесь пасляваенны перыяд удалося адшукаць усяго толькі пяць такіх кейсаў:

— рэжым Сукарна ў Інданезіі (17 гадоў),
— рэжым Кадафі ў Лівіі (42 гады),
— рэжым Акаева ў Кыргызстане (14 гадоў),
— паў-аўтакратыя Качарана/Саргсяна ў Арменіі (у суме 20 гадоў),
— рэжым Лукашэнкі ў Беларусі (26+ гадоў).

Але і ў гэтай малюсенькай групе не ўсё так адназначна. Сукарна быў стваральнікам і ідэолагам Нацыянальнай партыі Інданезіі. Пасля прыходу да ўлады ён то дыстанцаваўся ад яе, то зноў набліжаўся. Таму гэта не ёсць чысты прыклад «беспартыйнай» персаналісцкай аўтакратыі.

Нешта падобнае ў выпадку Качарана/Саргсяна. Іх падтрымлівала наменклатурная Рэспубліканская партыя, хоць функцыянавала ў значнай ступені аўтаномна ад іх.

Акаеў — вось гэта больш цікавы кейс. 12 год яго рэжым праіснаваў без уласнай партыі, але пазней ён і яго акружэнне прыйшло да высновы, што гэта не вельмі добра і трэба ствараць сваю партыю. Стварыў у 2003. Але гэта не памагло: трэшчыны ва ўладных структурах ужо былі глыбокімі, ну а само стварэнне партыі на 12 годзе панавання, калі ты і многія ў тваім акружэнні прывыклі функцыянаваць без партыі — рызыкоўная рэч. Праз два гады Акаева зверглі.

Што застаецца ў сухім астатку? Атрымліваецца, што за ўсю гісторыю пасляваенных аўтакратый, ёсць толькі адзін больш-менш адпаведны аналаг нашай аўтакратыі: джамахірыя Муамара Кадафі. Што праўда, у 70-ыя гады нават ён быў стварыўшы сваю партыю, але пазней ад яе адмовіўся і цягам 30 з лішнім гадоў Лівія была беспартыйнай персаналісцкай аўтакратыяй.

Калі Лукашэнка ў 2000 годзе падчас візіту ў джамахірыю запэўніваў, што ўважліва вывучаў рэвалюцыю Кадафі «па месяцах, па тыднях, па днях», то, хутчэй за ўсё, прыўкрашваў, як тое ён часта робіць. Але няма сумневу, што Кадафі быў і застаецца для яго самога важным пунктам аднясення.

Вось ужо неўзабаве споўніцца 10 год з дня забойства («распяцця», як кажа Лукашэнка) Кадафі. А разам з яго смерцю памерла і яго мадэль аўтарытарнага кіравання. На дадзены момант

Лукашэнка з’яўляецца літаральна апошнім у свеце персаналісцкім аўтакратам, які трымае кантроль над наменклатурай і грамадствам без уласнай партыі.

Невядома, ці сёлета распадзецца беларуская аўтакратыя, але амаль няма сумневу, што цягам гэтага года скончыцца ў Беларусі эпоха беспартыйнай персаналісцкай аўтакратыі. Што гэта азначае для грамадства, для наменклатуры і для самога рэжыму? Падказку на гэта пытанне дае сам рэжым сваімі дзеяннямі, а дакладней, адсутнасцю некаторых дзеянняў. Больш за 10 гадоў «Белая Русь» так і праіснавала ў якасці «кандыдата на партыю ўлады». Больш як 10 гадоў топ-чыноўнікам так і не ўдалося ўгаварыць Лукашэнку даць дабро на стварэнне партыі ўлады.

Чаму не даваў дабро? Бо гэта азначае змену некаторых прывычак кіравання. Змена прывычак, дый некаторых правілаў кіравання — рызыкоўная рэч. Адна справа — стварыць сваю партыю на 2-ім, 3-ім, хай сабе 5-ым годзе кіравання. І ўсё далейшае кіраванне выбудоўваецца ўнутры гэтага фармату. Але зусім іншая сітуацыя, калі партыя ствараецца на 20-ым, 25-ым ці 27-ым годзе кіравання.

Здавалася б, от, што тут такога: паставіць на чале сваіх лаялістаў, будзе час ад часу «ператрахіваць» і ніякай пагрозы. Не ўсё так проста. Ізаляваныя адно ад аднаго лаялісты — гэта адно. А лаялісты, якія цесна камунікуюць паміж сабой у межах партыйнай дзейнасці, здабываюць вопыт каардынацыі дзеянняў — гэта другое. Не сёння дык заўтра ў такіх лаялістаў могуць з’явіцца свае ўласныя інтарэсы… Кантроль за новай структурай — гэта, зноў жа, дадатковыя выдаткі.

Але ўнутры рэжыму ёсць моцнае ўсведамленне, што без партыі ўлады яны могуць цалкам згубіць кантроль над грамадствам і наменклатурай. І партыя амаль напэўна будзе створана.

Вонкава ўсё гэта выглядае як «анты-перабудова». Але эфект можа можа быць прыблізна такі, што і гарбачоўская перабудова. Драматызм любога аўтарытарызму — што любая рэформа, нават касметычная, можа запусціць некантраляваны каскад пераменаў.

Пётр Рудкоўскі, BISS