• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Пра «пераможаных, вязняў – пра многіх яшчэ!»

Роўна 200 год таму, 9 красавіка, у Парыжы нарадзіўся вялікі паэт Шарль Бадлер (1821-1867). Можна доўга пералічваць, што ён зрабіў для паэзіі, якія культурныя з’явы спарадзіў і каго з творцаў на рознае натхніў. Скажу толькі, што 160 год таму Бадлер напісаў геніяльны верш пра ўсіх нас.

Не, у гэтым творы няма слоў «Беларусь», «свабода», «рэвалюцыя» або «дыктатура». Ён не пра ваенныя парады і карныя аперацыі часоў позняга лукашызму (хутчэй пра вялікую «перабудову» сталіцы ІІ французскай імперыі). Нават пра буслоў там нічога няма, бо верш называецца «Лебедзь». Але разам з тым…

Ён пра «Мінск і Менск», цытуючы аднаго нашага творцу. Пра свабоду, якая «ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць», цытуючы іншага. Пра тое, як можна пачувацца чужынцам у родным горадзе, але і несці радзіму з сабой у выгнанне. Пра немагчымасць, але і непазбежнасць нашай рэвалюцыі. Зразумела, пра неабходнасць паэзіі нават у самыя, здавалася б, неспрыяльныя для яе, празаічныя часы. І, вядома ж, пра штучнасць любых падзелаў паміж намі – на рэвалюцыянераў і «калабарантаў»; на бунтоўных творцаў і прафесіяналаў, якія добра робяць сваю справу; на эмігрантаў і тых, хто «будзе жыць тут» (так і хочацца дадаць, на «свядомых» і «неверагодных»).

Андрей Хаданович

Упершыню я так для сябе прачытаў гэты верш у ноч з 23 на 24 сакавіка 2006, калі сілавікі «зачысцілі» намётавае мястэчка на Кастрычніцкай, затрымаўшы каля 500 ягоных абаронцаў. А дванаццатай ночы я пайшоў адтуль начаваць дадому. А ўжо а палове на чацвёртую маёй жонцы напісаў яе студэнт, які застаўся на Плошчы Каліноўскага, паведаміўшы, што яго (і ўсіх) арыштавалі. Мне заставалася трохі больш за 4 гадзіны, каб падумаць, з чым ісці да студэнтаў беларускага аддзялення філфака (найлепшых, дарэчы, за ўвесь час майго выкладання, сяброў і калегаў многіх з арыштаваных) на ранішнюю лекцыю. Я выбраў бадлераўскага «Лебедзя».

Магчыма, гэта найлепшы верш паэта. І ўжо дакладна адзін з найскладанейшых. Аўтар вяртаецца ў ім на нядаўніх спрэчак між рамантыкамі і класіцыстамі, першыя з якіх патрабавалі ад творцы сацыяльнай заангажаванасці, барацьбы з несправядлівасцю, а другія – служэння вечнай красе і культуры. Паэт паказвае, што сама спрэчка яйка выедзенага не вартая, бо гэта два бакі аднаго медаля і сапраўднае служэнне красе і ёсць змаганнем за справядлівасць. Ці наадварот.

Належачы да ўрбаністычнай нізкі «Парыжскія карціны», верш напраўду разгортвае вобразы французскай сталіцы, па якой самотна блукае лірычны герой, адчуваючы сябе няўтульна, бо не бачыць таго, чаго хацеў бы, а што ёсць – таго не хацеў бы бачыць. Але паралельна з парыжскім, аўтар уплятае ў верш прынамсі яшчэ два матывы, згадваючы лебедзя, які прагне і не можа напіцца, а таксама літаратурную гераіню, траянку Андрамаху:

Іншым стаўся Парыж, толькі смутак трывалы
З кожным сімвалам змены ў душы паўстае –
Рыштаванні, палацы, прадмесці, кварталы…
За камлыгу цяжэйшыя згадкі мае.

Вось і тут, каля Луўра, я ў пастцы відзежаў:
Белакрылы пакутнік – варят ці святы? –
Неспатольнае прагі не ведае межаў,
Смешны й велічны, нібы выгнанец; і ты,

Андрамаха, калісь сужаніца героя,
Што пыхлівага Піра спазнала прымус,
Каб аплакаць пасля над магільняй пустою
Памяць Гектара й новы – з Геленам! – хаўрус…

Што, здавалася б, агульнага паміж лебедзем, які вырваўся з клеткі вандроўнага звярынца, удавой галоўнага траянскага абаронца Андрамахай – і Парыжам, што пачалі перабудоўваць па загадзе імператара Напалеона ІІІ? Звычайна гэтыя пытанні ставілі ў тупік маіх студэнтаў-раманістаў, а часам і мяне таксама. А вось у той дзень усё было проста і зразумела. Бо ўсё празрыста адсылала да радзімы і свабоды, якія вастрэй адчуваеш «ад супраціўнага», калі ў цябе гэта пачынаюць забіраць. Нагадаю, у адным з Бадлерам горадзе дзесяцігоддзі жыў на пакаленне старэйшы Міцкевіч, які параўнаў родны край са здароўем, што пачынаем цаніць, толькі калі страцім. Думаю, гэтак жа адчуваецца і свабода. У нармальнай сітуацыі мы проста пра яе не думаем. Але, як той казаў, дзе мы, а дзе нармальная сітуацыя?

Палітычная перадгісторыя бадлераўскага верша такая. На пачатку 1848-га ў Францыі адбылася так званая «лютаўская» рэвалюцыя і кароль Луі-Філіп адрокся ад улады. Як бывае з «лютаўскімі» рэвалюцыямі, быў абраны часовы ўрад, які ўзначаліў – і нават абвесціў рэспубліку – ярка выражаны інтэлігент Альфонс дэ Ламарцін – дарэчы, адзін з найлепшых французскіх паэтаў-рамантыкаў. Эканоміка, што праўда, хісталася, у Парыжы працягвалі выбухаць паўстанні, сяляне былі незадаволеныя павелічэннем падаткаў – і хутка ўсім стала не да паэзіі. Расло абурэнне ўсімі палітыкамі і партыямі, на прэзідэнцкіх выбарах адбылося чыста пратэставае галасаванне, у выніку чаго тры чвэрці галасоў атрымаў яшчэ нядаўна нікому не вядомы палітык-папуліст. Які быў бы яўным андэрдогам, каб не папулярнае ў народзе імя ды прозвішча – Луі-Напалеон Банапарт (пляменнік таго, вялікага імператара). Законна абраны прэзідэнт хутка падмануў сваіх выбарцаў, здзейсніў узброены антыканстытуцыйны пераварот – і, па сямейнай звычцы, абвесціў сябе імператарам Напалеонам ІІІ, якім і заставаўся доўгія васямнаццаць гадоў. Да болю знаёмая нам гісторыя.

Бадлер тады – і не ён адзін! – назаўсёды расчараваўся ў палітыцы, з таго часу нязменна дэклараваў чыстае мастацтва, але аднойчы, што называецца, «сарваўся». Калі новая ўлада пачала перабудоўваць яго родны горад. Зносячы старыя будынкі і, паводле плану барона Асмана, пракладаючы шырокія бульвары. Так, каб парыжскія вуліцы ўжо немагчыма было перагарадзіць барыкадамі.

Строга кажучы, Парыж пачаў набываць той выгляд, які потым палюбяць турысты і нават самі парыжане (згадайма бульвары на палотнах Каміля Пісаро ды іншых імпрэсіяністаў). Але на першых парах новыя гарадскія краявіды, што называецца, рэзалі вочы старажылаў па-жывому. Згадайма, як праз пару дзесяцігоддзяў не прымаўся ні мясцовымі, ні прыезджымі будучы турыстычны сімвал Парыжа – Эйфелева вежа. «Адвярніцеся ад яе – і ўвесь Парыж перад вамі, – казаў Оскар Ўайлд. – Паглядзіце на яе – і Парыж знікае». А яго зямляк, мастак і літаратар Ўільям Морыс (потым ягоныя словы прыпішуць Мапасану) прызнаваўся, што любіць абедаць у рэстаране на першым ярусе вежы. Бо гэта адзінае месца ў Парыжы, адкуль яе не відаць.

Нічога не нагадвае? Я сам, і далёка не я адзін, дзясяткі разоў ужываў гэту фразу ў дачыненні да нашай Нацыянальнай бібліятэкі. Але перакананы, што неўзабаве з’явяцца (калі ўжо не з’явіліся) людзі, упэўненыя, што гэта вельмі прыгожа. Дарэчы, па іроніі лёсу, на дзіцячай пляцоўцы насупраць нацыяналкі неўзабаве вырасла маленькая Эйфелева вежа. На якой, у сваю чаргу, падрастала мая дачка. А летась вежа зрабілася адным з сімвалаў пратэставага руху ў мікрараёне Усход, за што і была бязлітасна знішчаная. Мінаючы месца, дзе яна стаяла, рэгулярна згадваю Бадлера з яго «Лебедзем». Дарэчы, не толькі там. Яшчэ адно зручнае для «светлых згадак» месца – катлаван на месцы нядаўна знесеных галерэі Ў і кнігарні Логвінаў, дзе мне дзесяць год таму давялося чытаць публічную лекцыю – вядома ж, пра паэзію Бадлера. Які трапна заўважыў, што ў сучасным горадзе нехта зноў і зноў, нават на ўзроўні дробных дэталяў, знішчае найдаражэйшае – мабыць, намагаючыся забіць нашу памяць. Часам памяць супраціўляецца.

Але вернемся да той лекцыі 2006-га. Я апавядаў, што Бадлера ў 48-м годзе бачылі на барыкадах і ў рэдакцыях рэвалюцыйных газет, а ўжо ў ХХ ст. нямецкія акупанты расстралялі літаратуразнаўца Жана Прэво – як выявілася, з бадлераўскім «Лебедзем» у кішэні. Што самыя далёкія ад народу эстэты ў «гарачыя» часы далучаюцца да Супраціву, а самая рафінаваная паэзія раптам пачынае дзейнічаць і рабіцца зразумелай шырокаму чытачу. Што словы ўвогуле з часам мяняюць сэнс і пачынаюць значыць больш, чым укладалі ў іх аўтары. Мабыць, таму, што напісанае – толькі «партытура», а сапраўдная «музыка» пачынаецца ў галовах суаўтараў-чытачоў.

Я пералічваў усіх эмігрантаў ды выгнанцаў, якімі аж перанаселены бадлераўскі твор. Тагачаснаму дысідэнту і палітэмігранту Віктору Гюго ён быў прысвечаны – і дасланы лістом на востраў Гернсі, дзе літаратар быў змушаны жыць амаль 20 год. (Гюго адкажа: «Вы выклікалі да жыцця новае трымценне».) Выгнанніцай была гераіня верша Андрамаха, што ўратавалася ад смерці, нават мімаволі стала царыцай, але вярнуцца дамоў не магла – проста не было куды. Выгнанцам са свайго «сапраўднага» Парыжа пачуваецца лірычны герой сярод дэкарацыяў імперскай перабудовы горада. Выгнаннік – лебедзь, пазбаўлены свайго неба ў клетцы звярынца. А паколькі лебедзь – не зусім лебедзь, а з часоў Гарацыя яшчэ і сімвал паэта, то і сама паэзія як бы зрынута з высокага п’едэсталу, каб гібець у ненавіснай Бадлеру сучаснай пошласці. Выгнанка – цёмнаскурая прастытутка на парыжскім бруку, хворая на сухоты. Выгнанцы – дзеці-сіроты, што п’юць з вымя болю, як смакталі «добрую ваўчыцу» нашчадкі траянскіх бежанцаў Ромул і Рэм.

Для Бадлера любы чалавек на зямлі – па азначэнні «эмігрант» (у вершы разглядаюцца толькі самыя відавочныя формы выгнанніцтва). Усе мы, паводле паэта, – нашчадкі выганых з Эдэму за першародны грэх Адама і Евы. Але разам з тым штодзённыя пакуты – адзіная даступная нам дарога да страчанага раю. І адзін з нешматлікіх даступных інструментаў – памяць, якая баліць і не дае страціць чалавечай сутнасці.

Магчыма, галоўная гераіня верша – менавіта памяць. Сухотніца-мурынка нястомна выглядае за парыжскім туманам краявіды роднай Афрыкі. Лебедзь уцякае з клеткі і безвынікова, але ўпарта ірвецца ў неба на сваіх падрэзаных крылах. Андрамаха на чужыне загадвае выкапаць «другі Сімаэнт» – штучнае рэчышча, якое нагадвала б ёй страчаную рэчку радзімы. І ставіць кенатаф – сімвалічную пустую магілу – у памяць пра пахаванага ў Троі мужа Гектара. А згаданыя Ромул і Рэм ужо маюць на тэрыторыі памяці добрыя перспектывы: імі – як бы ў памяць пра страчаную айчыну продкаў, прынамсі, так у Вергілія – будзе заснаваны вялікі Рым, які ўрэшце стане «сваім».

Апошняя страфа верша – апалогія «старой Памяці», якая «на поўныя грудзі дзьме ў рог», бо праца з ёй – адзіная зброя і апраўданне кожнага сапраўднага паэта, што пакліканы згадваць і называць па імені любую несправядлівасць і ўсякае злачынства, не забываючы – бо «нельга забыць»:

Пра матросаў, загубленых у акіяне,
Пераможаных, вязняў – пра многіх яшчэ!

Што тут казаць, зброя бяссільных, – яна ж чалавечая памяць, – часам перамагае. Праз 10 год пасля напісання «Лебедзя» ў Парыж трыумфальна вернецца эмігрант Віктор Гюго. А яшчэ праз год іншы геній, Арцюр Рэмбо, уступіць у дыялог з бадлераўскім «Лебедзем», стварыўшы сваю панараму пераможанага – і непераможнага! – горада ў вершы «Парыжская оргія, або Сталіца засяляецца наноў», дзе будуць проста ў Бадлера з языка знятыя словы:

Паэт збірае ў хор праклёны ўсіх вязніцаў,
Тугу ўсіх выклятых і
 слёзы ўсіх ахвяр,
Ён
 хвошча, як агнём, любоўю ўсіх блудніцаў
І
 кожнаю страфой плюе злачынцу ў твар!

Яшчэ праз 80 гадоў будучы набеліст Чэслаў Мілаш дафармулюе бадлераўскую формулу да зусім афарыстычнага «poeta pamięta»:

Не спадзявайся! Паэт не забудзе.
Можаш забіць яго – з
явіцца новы.
Ён захавае ўсё ўчынкі і словы.

І завершыць свой верш зусім ужо непаліткарэктнай пагрозай любому тырану, узурпатару і дыктатару:

Лепш бы ты выбраў світанак зімовы,
Сук і пятлю ў справядлівыя суддзі.

А самому Бадлеру, як таму Гектару, праз 35 год пасля смерці прыхільнікі паставяць кенатаф – мабыць, адчуваючы несправядлівасць: паэт, як у выгнанні, ляжыць у адной магіле з ненавісным яму айчымам. Дарэчы, гэта адзіны кенатаф на знакамітых парыжскіх могілках Монпарнас, месца масавых паломніцтваў аматараў паэзіі з усяго свету. І я там быў, нават прачытаў некалькі бадлераўскіх радкоў па-беларуску.

* * *

9 красавіка а 19.00 Андрэй Хадановіч прачытае анлайн-лекцыю, прысвечаную 200-годдзю паэта: «Куды заўгодна з гэтага свету: Шарль Бадлер і яго паэзія».

Андрэй Хадановіч