TOP

«САПРАЎДНЫ» ВЯСКОВЕЦ: другая частка назіранняў

Тэма вяскоўцаў для беларускіх пісьменнікаў як была сярод галоўных у класічнай літаратуры, так застаецца і ў фокусе ўвагі цяперашніх творцаў. Прапануем нізку назіранняў Уладзіміра Сцяпана: тут і тонкая іронія, і нечаканы погляд, і гумар, і боль, і павага, і захапленне… Складаны, зусім не просты – не анёл і не мішэнь для кпінаў, наш сучаснік, які жыве на роднай зямлі…

Фота Уладзіміра Сцяпана

Чытайце таксама: «САПРАЎДНЫ» ВЯСКОВЕЦ: першая частка назіранняў


Фота Уладзіміра Сцяпана

Сапраўдны вясковец ніколі не скажа: «Пойдзем купацца». Ён скажа: «Пайшлі мыцца». А рака, возера, сажалка, мора – без розніцы.

***

Сапраўдны вясковец упэўнены, што я лаўлю яго рыбу, збіраю яго ягады і грыбы, ем яго яблыкі… І яго не хвалюе, што ён не можа злавіць тую рыбу, бо не мае вуды, што па грыбы-ягады ён не пойдзе, бо яму ляніва, што яблыні садзіў яшчэ мой дзед, а за зямлю я плачу падатак. Ён упэўнены – і ўсё.

***

Сапраўдны вясковец лічыць, што кот лепшы за кошку, сын лепшы, чым дачка, мужчына лепшы, чым жанчына… Але свіння лепшая, чым кабан.

***

Сапраўдны вясковец, калі выпраўляе дачку вучыцца ў тэхнікум, сумна кажа: «Дай Бог не вернецца».

***

Сапраўдныя вяскоўцы пра свае грошы гаварыць не любяць, а вось пра заробкі швагра ці суседа – калі ласка.

***

Фота Уладзіміра Сцяпана

Сапраўдны вясковец, калі ў дзяцінстве пасвіў кароў, то сваёй дазваляў лезці ў шкоду (лубін, канюшыну, кукурузу), а суседскіх за тое ж самае кляў і сцябаў пугай.

***

Сапраўдны вясковец кажа, што без кавы не можа жыць, а насамрэч любіць салодкі-салодкі чай. Такі, каб лыжка стаяла.

***

Сапраўдны вясковец заўжды за смяротнае пакаранне.

***

Сапраўдны вясковец вяртаецца з войска з лычкамі сяржанта. Заўсёды.

***

Сапраўдны вясковец лічыць, яму вінны ўсе – нават Бог.

***

Гэта сапраўдныя вяскоўцы дадумаліся трымаць дакументы і паперкі са спісамі тэлефонаў пад тоўстым шклом, на стале. Бо так у вёсцы захоўваюць розныя паперы пад цыратай ці абрусам.

***

Фота Уладзіміра Сцяпана

Сапраўдныя вяскоўцы засвоілі слова «фэйк».

***

Сапраўдныя вяскоўцы не надта любяць шведаў і балгараў… А вось «шведку» і «балгарку» паважаюць.

***

Сапраўдныя вяскоўцы вельмі любяць атрымліваць узнагароды і званні.

***

Сапраўдныя вяскоўцы купляюць дзецям абутак і адзежу навырост. Заўсёды.

***

Сапраўдныя вяскоўцы расейцаў называюць «нашые», але не так часта, як раней.

***

Калі да крамы якіх сто крокаў, то сапраўдны вясковец паедзе на ровары, машыне, трактары, кані…

***

Як кожны салдат марыць стаць генералам, так кожны сапраўдны вясковец – гараджанінам.

***

Фота Уладзіміра Сцяпана

Сапраўдны вясковец заве аўтамат Калашнікава «Калашом».

***

Цяпер бульбу і сала сапраўдны вясковец купляе на базары.

***

Адышоў на тры крокі ад месца, дзе працаваў, справіў малую патрэбу, і далей можна працаваць. Так і робіць і сапраўдны вясковец.

***

Слова «карона» сапраўдныя вяскоўцы ўжываюць часцей, чым «кавід».

***

Сапраўдныя вяскоўцы кветкі любяць вялікія і яркія, а калі кветкі дробныя, то каб шмат.

***

– Добрая бульба ўрадзіла! – хвалю суседа.

– А-а-а, трохі ёсць», – незадаволена адказвае сапраўдны вясковец.

(Бульба ў кошыку адна ў адну, па кулаку).

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.