TOP

Амерыканцы супраціўляліся развалу СССР – у Мінск з гэтым наведваўся прадстаўнік ЦРУ

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Лявон Баршчэўскі пра распад СССР: міфы і рэальнасць

(Працяг. Пачатак — Частка 1, Частка 2)

 

З пачатку верасня 1991 г., асабліва пасля таго, як Дзяржсавет СССР (папраўдзе, неканстытуцыйны орган) прызнаў выхад са складу Саюза Літвы. Латвіі і Эстоніі, Гарбачоў і яго акружэнне адчайна спрабавалі вярнуцца да ідэі новага Саюзнага дагавору.

У прыватнасці, да ўдзелу ў паседжаннях саюзнага Вярхоўнага Савета запрасілі пастаянна дзейныя парламенцкія дэлегацыі тых саюзных рэспублік, якія з гэтым пагадзіліся.

Адзін з чальцоў нашай такой дэлегацыі Віктар Какоўка, дарэчы, расказваў на сесіі нашага Вярхоўнага Савета, што там, у Маскве, неаднаразова чуў словы захаплення прыгажосцю нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, які 19 верасня, разам з гербам «Пагоня» быў зацверджаны адным з галоўных дзяржаўных сімвалаў Незалежнай Беларусі.

Дарэчы, пачатак 6-й, ужо чарговай, сесіі беларускага парламента стаў апошнім фрагментам сітуацыі, калі старая наменклатура аказалася гатовай прыняць не толькі гістарычную сімволіку ў якасці дзяржаўнай, але і некаторыя, прапанаваныя апазіцыяй законы першачарговага значэння: аб грамадзянстве, аб уласнасці, аб першачарговых кроках рынкавай эканамічнай рэформы. На жаль, незалежніцкі імпэт парламенцкай большасці на працягу другой паловы верасня, кастрычніка, лістапада і пачатку снежня 1991 г. проста на вачах слабеў, і толькі, бадай, агульная нянавісць большасці старой наменклатуры да асобы Міхаіла Гарбачова, на маю думку, дапамагла атрымаць канстытуцыйную падтрымку ў вырашальны момант, пасля падпісання Белавежскіх, або Віскулёўскіх, пагадненняў.

У выказваннях палітыкаў і ў публікацыях прасавецкай і праімперскай арыентацыі досыць назойліва паўтараецца канспіралагічная версія, нібыта заходнія краіны, а найперш Злучаныя Штаты Амерыкі, самым непасрэдным чынам спрычыніліся да, як яны любяць выказвацца, «развалу СССР».

Сфармулюю на гэты конт сваю думку. Па-першае, што да самога тэрміна. У семантыцы слова «развал» прысутнічае элемент сцвярджэння, што нешта развальваецца намаганнямі некага.

Найбольш вядомая ў гэтай сувязі байка, нібыта «тры чалавекі сабраліся 8 снежня 1991 года ў Белавежскай пушчы і вырашылі там разваліць Вялікую Дзяржаву». Пры гэтым маюцца на ўвазе тагачасныя прэзідэнты Расійскай Федэрацыі і Украіны, адпаведна, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук, а таксама вышэйшая службовая асоба Рэспублікі Беларусь, старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. Часам пры гэтым робяцца малапрыстойныя намёкі, нібыта Белавежскія пагадненні рыхтаваліся і падпісваліся «на п’яную галаву» і да т. п.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне ў адказ: калі дзяржава СССР была такая вялікая, якім гэта чынам тры чалавекі здолелі яе на працягу некалькіх гадзін «разваліць», пры гэтым існавалі Канстытуцыя СССР, магутныя Савецкая армія, за боегатоўнасць якой адказваў маршал авіяцыі Яўген Шапашнікаў, і савецкія спецслужбы (Камітэт дзяржбяспекі, міністэрства ўнутраных спраў) ды спецпадраздзяленні, кшталту вядомай групы «Альфа», якія непасрэдна падпарадкоўваліся не расійскаму або ўкраінскаму прэзідэнту, а саюзным органам улады. Адначасова, заўважце, ніводнага амерыканскага ці заходнееўрапейскага ўзброенага чалавека на тэрыторыі СССР у гэты час не было.

Вось жа, сцвярджэнні канспіролагаў, якія ўсё яшчэ сумуюць па «вялікім Савецкім Саюзе», дапаўняюцца дэзынфармацыяй, нібыта ўсё гэта рабілася ў адпаведнасці са «злачынным планам Захаду і, у прыватнасці, ЗША». Факты, аднак, сведчаць зусім пра іншае.

Сёння нават у Сеціве лёгка знайсці пацверджанне таму, што тагачасны прэзідэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш-старэйшы не зыходзіў у сваёй палітыцы са сцэнару распаду СССР. Напрыклад, выступаючы ў Лондане ў траўні 1991 года, ён адназначна падкрэсліў, што ЗША хочуць адысці ад палітыкі стрымлівання і «інтэграваць Савецкі Саюз у садружнасць народаў».

Менавіта тады праходзіла серыя яго сустрэч з савецкім кіраўніком Міхаілам Гарбачовым, якая, як лічаць эксперты, шмат у чым вызначыла далейшыя крокі абодвух бакоў. Ужо тады Буша крытыкавалі за занадта лаяльнае стаўленне да савецкага кіраўніцтва.

Магчыма, больш за ўсё – за прамову 1 жніўня 1991 года ў Кіеве, якую журналісты пагардліва ахрысцілі «Катлетай па-кіеўску» (Chicken Kiev speech). У гэтым выступе амерыканскі прэзідэнт адкрыта выказаў сімпатыі Маскве ў пытанні захавання адзінага Савецкага Саюза ў абноўленым выглядзе. Хоць Буш падкрэсліў, што ЗША свядома не займаюць нечы бок у гэтай спрэчцы, яго падбор слоў меў на ўвазе адзінства СССР: пра будучыя прадпрыемствы і інвестыцыі ён, казаў у кантэксце «Савецкага Саюза, уключаючы Украіну», а аўтаномію рэспублік, які пашыраецца, прапаноўваў выкарыстоўваць дзеля «большага добраахвотнага ўзаемадзеяння з цэнтрам ва ўсіх сферах».

Ужо праз некалькі месяцаў пасля жнівеньскага путчу ў Маскве, 5 лістапада 1991 г., дзяржсакратар ЗША Джэймс Бэйкер яшчэ раз падкрэсліў, што пазіцыя ЗША ў дачыненні да падтрымкі саюзнага кіраўніцтва на чале з Гарбачовым у яго рэфарматарскай дзейнасці на карысць міру і дэмакратыі ў свеце «застаецца нязменнай».

Я ж як дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання магу расказаць пра факты, вядомыя асабіста мне і некаторым маім калегам з тагачаснай Апазіцыі БНФ.

Яшчэ недзе на пачатку вясны 1991 г. у Мінску з’явіўся прадстаўнічага выгляду чалавек, які прыехаў са Злучаных Штатаў і адразу напрасіўся на асабістую сустрэчу з Зянонам Пазняком, «пры магчымым удзеле яго дарадцаў». Вось жа, Пазняк як такіх дарадцаў запрасіў мяне (заадно і ў якасці перакладчыка размовы) і вышэйзгаданага Уладзіміра Заблоцкага.

Спадар прадстаўнічага выгляду падаў нам свае візітоўкі (дзе, як памятаю, было пададзены нейкае імя, прозвішча, а хутчэй, псеўданім, і прыпіска накшталт: «палітычны аналітык»), папрасіў называць яго «проста Джонам» і адразу ўзяўся, нават не выслухаўшы нашых пазіцый і аргументаў, горача даводзіць, што «вы, апазіцыянеры, і тут, і ў Кіеве, павінны абавязкова падтрымліваць Гарбачова, яго рэформы, ні ў якім разе не дамагацца, а нават супраціўляцца распаду Савецкага Саюза, бо іншай палітыкі ў ЗША ніхто не зразумее».

Праз пару месяцаў гэты самы чалавек (паводле ацэнкі Зянона Пазняка, «відаць звязаны з ЦРУ») прыехаў да нас яшчэ раз, цяпер са сваім сынам-падлеткам. Папрасіў арганізаваць паход у мінскі цырк і ў кулуарах гэтага цырка прадоўжыў намаўляць нас (а мы былі там у тым жа складзе) «не пярэчыць Гарбачову»…

(Працяг будзе…)

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.