TOP

У першыя дні снежня 1991-га насупраць Дома ўрада стаялі чэргі па хлеб – то хто мог любіць такую ўладу?

Фото: Анатоль Кляшчук

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Лявон Баршчэўскі пра распад СССР: міфы і рэальнасць

(Працяг. Пачатак — Частка 1Частка 2, Частка 3)

 

Як пішуць, падсумоўваючы ацэнку гістарычных падзей таго часу, сучасныя маскоўскія аналітыкі Дзмітрый Плотнікаў, Сцяпан Касцецкі і Дзмітрый Непагодзін: «Как ни крути, события 1991 года стали неожиданностью не только для СССР, но и для самих США. Более 40 лет американские элиты стремились одержать победу в холодной войне, однако к этой победе оказались совершенно не готовы. Администрации Буша-старшего даже пришлось поддерживать Горбачева в его борьбе с Ельциным и другими республиканскими лидерами, стремившимися к роспуску Советского Союза».

Сёння незашораныя і аб’ектыўныя гісторыкі і палітолагі з розных краін, у т. л. і з Расійскай Федэрацыі, сфармулявалі сапраўдныя прычыны распаду (не «развалу»!) Савецкай дзяржавы. Іх у цэлым зводзяць да прыкладна наступных пунктаў:

1. Аўтарытарны характар савецкага грамадства.

Да гэтага пункта належалі прымусовы калектывізм, пераслед дысідэнтаў, ганенні на цэрквы розных канфесій. Узведзены ў норму стандарт калектывізму нівеляваў індывідуальнасць, размываў асобу, якая збольшага трактавалася як шрубка ў грамадстве, авечка ў статку. Абезаблічванне прыгнятала адукаваных людзей, і не толькі іх.

У Беларускай ССР з часоў Хрушчова да мінімальнай знізілася колькасць дзейных храмаў розных веравызнанняў. У маім родным Полацку, напрыклад, праваслаўны вернік мог з цяжкасцю памаліцца толькі ў найстарэйшым, зусім невялікім сваімі памерамі храме св. Еўфрасінні Полацкай, а рыма- і грэкакатолікі не мелі і такой магчымасці (апошнія ўвогуле разглядаліся як нелегальная секта).

2. Панаванне адной ідэалогіі.

Дзеля яе падтрымання выкарыстоўваліся забарона або моцнае абмежаванне кантактаў з іншаземцамі, суровая цэнзура. З сярэдзіны 70-х гг. мінулага стагоддзя, відавочна, зноў узмацніліся ідэалагічны ціск на культуру, прапаганда ідэйнай вытрыманасці твораў на шкоду іх мастацкай каштоўнасці. У Беларусі аб’ектамі асаблівай увагі спецслужбаў былі сумленныя пісьменнікі, мастакі, гісторыкі.

3. Няўдалыя спробы рэфармавання савецкай эканамічнай сістэмы.

Спачатку яны прывялі да застою ў вытворчасці і гандлі, пасля пацягнулі за сабой распад палітычнай сістэмы. Пачатак гэтага працэсу часта адносяць да эканамічнай рэформы 1965 года, якую цяпер усё часцей у літаратуры называюць «рэформай Яўсея Лібермана – Аляксея Касыгіна».

Пазітыўныя моманты гэтай рэформы цалкам нівеляваліся манаполіяй дзяржаўнай уласнасці і існаваннем жорсткай камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання ўсім, у т. л. і эканомікай. Нават працавітасць вялікай колькасці людзей, асабліва высокая, да прыкладу, у балтыйскіх правінцыях савецкай імперыі і ў нас, у Беларусі, не прыводзіла да істотнага павышэння іх узроўню жыцця, бо гэтай працавітасцю ў істотнай меры як раз кампенсавалася лайдацтва і гультайства іншай часткі савецкага грамадства.

Экстэнсіўная эканоміка працягвала існаваць нягледзячы на ўсе спробы рэформаў. Пры ёй, як вядома, выпуск прадукцыі падвышаецца ў той жа меры, што і памеры выкарыстаных вытворчых асноўных фондаў, матэрыяльных рэсурсаў і колькасці працаўнікоў. А калі не павялічвалася эфектыўнасць вытворчасці, то не заставалася сродкаў на абнаўленне асноўных вытворчых фондаў – абсталявання, вытворчых памяшканняў, не хапала сродкаў на ўкараненне навукова-тэхнічных навінак.

Вытворчыя фонды СССР проста знасіліся да надзвычайнай ступені. Мацнеў крызіс даверу людзей да падобнай эканамічнай сістэмы. Тавары народнага спажывання былі аднастайныя – прыгадайма хоць бы мэблевы гарнітур, люстру ды посуд у дамах герояў у Маскве і Ленінградзе з фільма Эльдара Разанава «Іронія лёсу». Больш за тое, айчынныя тавары часцей за ўсё былі недапушчальна нізкай якасці: галоўнымі патрабаваннямі для вытворцаў выстаўляліся максімальная прастата ў выкананні і танныя матэрыялы. Нікому не патрэбнымі кепскімі таварамі запаўняліся крамы, а людзі ганяліся за дэфіцытам. Колькасці дамагаліся, працуючы ў тры змены пры нізкім кантролі якасці. У пачатку 1980-х гг. сінонімам слова «савецкае» ў дачыненні да тавараў стала слова «нізкаякаснае».

Карціну дапаўняла марнатраўства фінансаў, якое шырока практыкавалася камуністычна-савецкімі чыноўнікамі ў выніку адсутнасці сістэмы эфектыўнага кантролю. Велізарныя сродкі ішлі на гонку ўзбраенняў, якую Савецкі Саюз у выніку прайграў, а таксама на падтрымку партый камуністычнай арыентацыі па ўсім свеце, а асабліва ў краінах Варшаўскай дамовы. У 1987 г. была зроблена спроба ўвесці комплекс мераў паляпшэння сітуацыі (т. зв. «паскарэнне»), але выправіць вартую жалю сітуацыю ніяк не атрымлівалася.

4. Пастаянны і ўсеагульны дэфіцыт тавараў нават штодзённага попыту.

Ён непасрэдна вынікаў з неэфектыўнасці савецкай эканомікі. Савецкіх людзей, і найперш тых, хто па тым часе меў больш-менш прыстойны заробак, прыгнятала становішча, пры якім простыя рэчы накшталт халадзільніка, тэлевізара, мэблі і нават туалетнай паперы трэба было «даставаць», а часам іх «выкідвалі», г. зн. непрадказальна выстаўлялі на продаж, і грамадзяне, кінуўшы ўсе справы, ледзьве не біліся ў чэргах.

Гэта было не проста жудаснае адставанне ад узроўню жыцця ў іншых краінах, але і ўсведамленне поўнай залежнасці: не дазвалялася мець памяшканне для загараднага дома («дачы») больш-менш камфортных для знаходжання там памераў, нельга было мець у індывідуальнай уласнасці больш за 6 араў («сотак») зямлі пад сад і/або агарод.

5. Зніжэнне сусветных коштаў на нафту.

Як вынікае з папярэдніх тлумачэнняў, у 1980-я гады савецкая вытворчасць была ў стане пастаяннай стагнацыі. СССР, што называецца, трывала сядзеў на «нафтавай іголцы». Рэзкае зніжэнне коштаў на нафту ў 1985–1986 гг. дарэшты падарвала патэнцыял савецкага «нафтавага гіганта». Эканоміка БССР пацярпела яшчэ больш драматычна ў выніку таго, што нафтай распараджалася Масква, а ў дадатак, Чарнобыльская катастрофа красавіка 1986 г. дарэшты падарвала патэнцыял існавання найперш беларускіх заводаў-гігантаў, якія былі асноўнымі данатарамі бюджэту Савецкай Беларусі таго часу;

6. Монацэнтрызм прыняцця рашэнняў Масквой.

Фармальна саюзныя рэспублікі мелі пры СССР канстытуцыі і нібыта «свае» органы ўлады. Толькі вось канстытуцыі рэальна пакідалі мінімум магчымасцяў прыняцця рэспублікамі больш-менш самастойных рашэнняў, а ў рэспубліканскія органы ўлады збольшага патраплялі выключна асобы, правераныя, а часта і наўпрост падрыхтаваныя спецслужбамі і кіраванай з Масквы КПСС.

7. Цэнтрабежныя тэндэнцыі ў Савецкім Саюзе.

Яны вынікалі з усяго папярэдняга. Пры гэтым жаданне народаў самастойна развіваць сваю культуру і эканоміку, чаго яны былі пазбаўлены пры аўтарытарным рэжыме, выяўлялася ва ўсё большай ступені. Да сярэдзіны 80-х гг. у большасці тагачасных саюзных, а нават і аўтаномных рэспублік сфарміраваліся свае нацыянальныя гаспадарча-культурныя эліты (у Беларусі яны збольшага мелі адметны, кампрадорскі характар).

Пачаліся хваляванні.

16 снежня 1986 г. у Алма-Аце адбылася дэманстрацыя пратэсту супраць навязвання Масквой «свайго» першага сакратара ЦК кампартыі Казахстана Генадзя Колбіна.

У 1988 г. грымнуў Карабахскі канфлікт (які не скончыўся да сёння), пачаліся ўзаемныя этнічныя чысткі армян і азербайджанцаў.

9 красавіка адбылося крывавае падаўленне савецкімі войскамі бестэрміновага мірнага мітынгу ў Тбілісі.

У 1990 г. мелі месца крывавыя беспарадкі ў Ферганскай даліне (т. зв. «ошская разня»).

У Крыме ўзнікалі канфлікты паміж крымскімі татарамі, якія пачалі вяртацца на гістраычную радзіму, і часткай асоб рускай нацыянальнасці.

У Прыгарадным раёне Паўночнай Асеціі завязаўся канфлікт паміж асецінамі і інгушамі, у Абхазіі – паміж карэннымі прадстаўнікамі камуністычнай эліты і грузінамі.

У Беларускай ССР мясцовыя кіраўнікі як раз у абсалютнай большасці імкнуліся дасканала праводзіць маскоўскую палітыку падаўлення парасткаў нацыянальнага жыцца, адсюль вядомы разгон спецыяльна падасланымі правакатарамі школьнікаў і студэнтаў, якія 20 красавіка 1986 г. паспрабавалі вярнуць традыцыю святкавання народнага Гукання вясны; разгон міліцыяй жалобнага мітынгу-рэквіема каля Усходніх могілак 30 кастрычніка 1989 г.; рэгулярнае шальмаванне нацыянальна свядомай моладзі ў БССРаўскай камуністычнай прэсе самага высокага ўзроўню і г. д.

І яшчэ адзін красамоўны факт пра сітуацыю ў краіне напярэдадні вышэйзгаданай Белавежскай сустрэчы: проста з акна згаданага вышэй пакоя № 363 у Доме Ўрада ў першыя дні снежня 1991 г. можна было неаднаразова назіраць хіба што не бачаную з канца 1940-х гг. у Мінску карціну — каля хлебнай крамы (яна месцілася ў правым крыле будынка Мінскага педагагічнага інстытута) у марозны дзень проста на вуліцы Савецкай утвараліся чэргі па хлеб…

І што – за такое “шчасце” людзі гатовыя былі падтрымліваць уладу? Бараніць такую дзяржаву?

 

(Працяг будзе…)