Калі Мінск упершыню выгукнуў: “Жыве Беларусь!”
Напрыканцы 1980-х ў Беларусі нацыянальна арыентаваныя суполкі моладзі арганізоўвалі эфектыўныя грамадскія кампаніі. Сярод іх вылучаюцца акцыі супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС і ў абарону Верхняга горада Мінска.
Змаганне супраць ГЭС
У красавіку 1987-га Алесь Бяляцкі прапанаваў мне далучыцца да ўдзельнікаў экалагічнана воднага ралі „Дзвіна-Даўгава” супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС.
Доўга дабіраліся да Друі. Там да нас далучыліся ўдзельнікі гомельскай „Талакі”, іншыя ўдзельнікі. Памятаю Алеся Яўсеенку, які вельмі эмацыйна абураўся занядбаннем архітэктурных помнікаў у Друі. З Алесем Бяляцкім узняліся на хоры абсалютна закінутага і разбітага касцёла. Пад скляпеннямі – анёлы без галоваў, адбітых вандаламі. Муры абмазюканыя мацюкамі…
Плылі мы на чаўнах Таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя”, пад сцягам, намаляваным Сяргеем Харэўскім. Эмблема на ім – маска, дзе вочы плачуць, а рот смяеецца. Падчас ралі вялі дзённік – кожны апісваў частку дня: хто што больш адчуваў. Зялёны той сшытак цяпер невядома дзе. Але над астатнімі чоўнамі луналі сцягі з сімвалам ралі .
Стартавалі мы 29 красавіка 1987 года.
Святлана Радкевіч згадвае:
“Пра ралі я даведалася ад сястры Ірыны, яна тады вучылася ў Акадэміі мастацтваў на кераміцы. А я жыла ў Вільні.
Вельмі перажывала, што спазнюся і паплывуць без мяне.Запомнілася доўгая, пустая вуліца ў Друі апоўдні. І раптам выйшла да вялікай ракі, на беразе якой сабралася шмат вясёлай, рухавай моладзі! Усе былі занятыя справай: рыхтавалі чаўны, надзьмувалі гумавыя плыты, малявалі эмблемы… Знайшла сваіх і далучылася да іх.
Наш човен быў мастацкі, кіраваў ім Алесь Костка. У Друі мы намалявалі на белай тканіне чырвонай фарбай знак-сімвал дзяўчыны-Дзвіны. Плыў тады і мастак Алесь Цыркуноў, ён маляваў эцюды на кожным прыстанку! Мне было 23 гады, я вучылася ў Віленскім універсітэце на прыродазнаўчым факультэце і займалася веславаннем у віленскім спартыўным клубе “Дынама.
Згдадвае удзельніца ралі Марына Сідаровіч:
«На водным ралі „Дзвіна-Даўгава“ незалежныя патрыятычныя суполкі маладых беларусаў і латышоў разам пратэставалі супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, што мела знішчыць не толькі палеткі, але і старадаўнія паселішчы, унікальныя краявіды».
Ну а які плён? Пражэкт гідраэлектрастанцыі лёг урэшце пад сукно. І тое ралі сыграла ў гэтым сваю вялікую ролю.
Змаганне за Верхні горад
Лідар “Талакі” Сяржук Вітушка распавёў мне, калі і як упершыню ў найноўшай гісторыі ў Мінску публічна прагучаў вокліч “Жыве Беларусь!” – 20 сакавіка 1988 года на Плошчы Свабоды.
“У прынцыпе, гэта быў першы мітынг у горадзе. Спантанны абсалютна. Ніякіх заявак мы нікому не падавалі. Не існавала ніякога заканадаўства пра мітынгі і дэманстрацыі.
Тады не трэба было надта моцна агітаваць: кожны вышукваў, што б гэта такое пачытаць, што б зрабіць, куды б схадзіць, з кім бы пазнаёміцца… Атмасфера была наэлектрызаваная. І мы знайшліся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. На мітынг прыйшлі свядомыя талакоўцы і людзі старэйшага веку з інтэлігенцыі.
На тым мітынгу ўпершыню ад Анатоля Сыса прагучала “Жыве Беларусь!” Я быў страшэнна злосны на яго за гэта.
Дакладна памятаю той момант, бо перад зборам мы разам абмяркоўвалі, што рабіць, як, пра што гаварыць. Была прыдуманая вельмі простая канцэпцыя: я скажу ўступнае слова і запрашу людзей да дыскусіі. За мной меўся выступаць Сяргей Харэўскі, ён прафесійную архітэктурна-археалагічную даведку даў бы, нібыта экскурсію… А пасля – вольны мікрафон.
Тады ў “Талакі” меўся такі маленькі хрыпаты мегафончык, набыты ў спартовай краме за грошы, якія ўдалося зарабіць на адной з талокаў.
Атрымалася класна: чалавек 50 выступілі. Напачатку “талакоўцы”, а пасля выпадковыя людзі, якія падышлі на гэты мітынг. Выступалі эмацыйна. І Анатоль Сыс выступаў, чытаў верш, калі не памыляюся – “Маналог Апанаса Філіповіча”, сваім акторскім, трыбунным голасам. І скончыў выступ заклікам “Жыве Беларусь!” Натоўп, з падагрэтым настроем, дружна адказаў: “Жыве!” Гэта пасля і прыпомнілі нам…
Сакавік 1988 года, акцыя ў абарону Верхняга гораду. Удзельнікі Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» Алесь Бяляцкі і Уладзімір Сцяпан. Аўтар фота: Мікола Крывальцэвіч
А мы потым сварыліся з Сысам, я крычаў: “Як ты мог… Мы ж дамаўляліся! Ты ж нам сапсаваў усё, паглядзі…” А Сыс толькі пасмейваўся, маўляў, так і трэба, маўляў, яшчэ і мала я сказаў. А мы дамаўляліся на паседжанні папярэднім, што “палітыку” ніякім чынам закранаць ня будзем. Неяк мы гэта ўсё прытарможвалі…”
Згадвае мастацвазнаўца Сяргей Харэўскі:
«Акцыю каардынаваў Віктар Івашкевіч. З камсамола мяне, на той час, ужо выключылі. А вось камуністамі мы ніколі не былі і не збіраліся імі станавіцца. Гэтая знакавая падзея вывела дыскусіі пра праблемы гістарычнага цэнтра сталіцы на публічны ўзровень. А ўскосна – засведчыла пачатак публічнай палітычнай актыўнасці, што ўрэшце прывяла нашую краіну да незалежнасьці! Так усё і пачыналася. Мы крочылі там, дзе яшчэ ніхто не хадзіў. Наш доўгі несупынны шлях…»
Паліна Качаткова