TOP

“Стоп! Знята!” Хто і чаму не прайшоў цэнзурны адбор на “Арт-Мінск”-2022?

Сёлетняя мастацкая выстава “Арт-Мінск” адзначылася цэнзурным скандалам: напярэдадні адкрыцця знялі з экспазіцыі работы мастакоў, чый удзел ужо быў пацверджаны.

Кіраўніцтва Палаца мастацтваў не хавала наяўнасць чорных спісаў, спушчаных ва ўстанову “зверху”.

Як на гэта адрэагавалі мастакі? Дзе ўбачыць творы, якія не прайшлі цэнзуру? І чаму яны, уласна, яе не прайшлі?

Разбіраемся.

Аляксандр Бельскі, “Анубіс”

Апальная кераміка і забароненыя васьміногі

Апальныя мастакі стварылі альтэрнатыўную віртуальную выставу “Стоп! Знята!”. Наведаць яе, у адрозненне ад афіцыйнага “Арт-Мінска”, можна і сёння. Удзельнікамі сталі 18 аўтараў з 40 абдзеленых любоўю мінкульта.

Выстава створаная на пляцоўцы spatial.io. Некаторыя “наведнікі” скардзіліся на нязручнасць у выкарыстанні прасторы, маўляў, было б прасцей размесціць работы на адмысловым сайце ці ў сацыяльных сетках. Аднак у такім разе выпускаецца з-пад увагі адзін значны момант: сутнасць выставы не ў тым, каб паказаць работы, – сутнасць у тым, каб сітуацыю адлюстраваць, стварыць менавіта альтэрнатыўную прастору, паўнавартасную замену (наколькі гэта магчыма).

Што, у сваю чаргу, сведчыць пра тое, што мастаку гэтая самая цэнтралізаваная прастора патрэбная, пры ўсёй яго самасці і адасобленасці; мастак і ў 2022-м прагне быць паказаным “фізічна”.

Цалкам натуральна глядзець на выставу мастакоў, пацярпелым праз цэнзуру, задаючыся пытаннем “за што?”. Адразу трэба сказаць: адказ невідавочны.

Напрыклад, Вольга Котава выставіла “Ідэальнага кулінара” – звалянага з воўны рознакаляровага васьміножыка (метафара мастака і яго справы, пазначае канцэпцыя). Або абстрактныя “Модулі” і  “Шлях” Анастасіі Ліхачэўскай: калі і ёсць у іх штосьці крытычнае, то хіба асэнсаванне рэлігіі праз сацыяльную крытыку (зрэшты, мастачка пакінула волю інтэрпрэтацыям).

Фатаграфічны трыптых Сяргея Кулагіна цалкам нейтральны. Якую пагрозу ўяўляе Ліза Хіхлушка з кранальнымі адбіткамі індустрыяльнага Мінска – незразумела.

Тацяна Леановіч прадставіла іранічнае поп-арт-увасабленне беларускіх народных прымавак: іх ілюструюць “партрэты” жывёл на яркіх палотнах. Слава Наваслаўскі – партрэт дзяўчыны ў духу “пластыкавы свет перамог”. Кірыл Хлопаў – мастацкую інтэрпрэтацыю фотаздымка Георгія Гойнінген-Гюнэ з часопіса амерыканскага Vogue1930 года і “Мядовы месяц”. Дар’я Лазункова і Алег Барычэўскі выставілі кераміку, якая цалкам магла мець поспех на “Арт-Мінску” ў камерцыйным сэнсе.

Словам, палова ўдзельнікаў “Стоп! Знята!” трапіла ў спіс апальных відавочна не праз сваё мастацтва.

Натуральна, гэта не значыць, што было б лепш, калі б правы мастакоў абмяжоўвалі “па справе”; не значыць, што ў такім выпадку дзеянні Палаца мастацтва былі б апраўданыя. Гэта ўсяго толькі лішняе пацверджанне, што ў сучаснай Беларусі не існуе прасторы, якая б знаходзілася па-за рэпрэсіямі.

Фотаздымак з серыі “Сейчастье_бай”, Марына Бацюкова

Запрашэнне на “День зависимости

Серыя Марыны Бацюковай “Сейчастье_бай” – фотаздымкі, якія перадаюць атмасферу постсавецкай Беларусі, той самай Белоруссии. Заўважна, што Марына не адчувае пагарды да гэтай часткі радзімы, але з любоўю ставіцца да ейных своеасаблівасцяў. За крамолу можна было б палічыць фотаздымак з чырвонай расцяжкай “С днем независимости Республики Беларусь”, дзе “не” схавала лісце. Аднак кажучы строга, “крамольны” сам настрой серыі – туга, безвыходнасць, вырачанасць чалавека ў “эрбэрыі”. І ўсё ж сумніўна, што цэнзары мыслілі абстрактна. Хутчэй, іх засмуцілі развагі аўтара пра свабоду, шчасце і прыналежнасць да свайго часу ў канцэптуальным апісанні серыі.

У “Запрашэнні” Алены Ванковіч пытанне можна ўзнікнуць хіба датычна колеравай гамы: што азначае гэты белы касманаўт на чырвоным фоне?.. Гучыць абсурдна, але не ў Беларусі 2022 года.

Надзя Бука прадставіла сюррэалістычныя млыны з красамоўнай назвай “Вецер пераменаў” (у падазронай сіне-жоўтай гаме). Анастасія Ткачова – экспрэсіўныя партрэты ў плакатным стылі, якія наводзяць адначасова на думкі пра комікс і пра сімволіку Фрыды Кала. Пытанне, чаму работы не дапусцілі да выставы, знікае па прачытанні тэкставага суправаджэння:

“Мне вельмі цяжка было спраўляцца з навінамі пра вайну. 11 сакавіка я зайшла па каву ў месца, дзе на бары была стойка з паштоўкамі. Набыла паштоўку са смешным мядзведзем і надпісам “горш няма куды, але ты стараешся”. І сяброўка запрапанавала паспрабаваць намаляваць тое, што я перажываю, раптам гэта кагосьці падтрымае, як гэты мядзведзь.

 Карціны з’явіліся за пару гадзін, таму там няма нейкай глыбокай філасофіі і сэнсу, яны крыху наіўныя і клішыраваныя. Але яны праўда дапамаглі мне зняць напружанне. І я іх вельмі люблю і перажывала, што іх пазбавілі аўдыторыі на Арт-Мінску. што іх ніхто не ўбачыць”.

Надзея Леановіч, з якой наш чытач меў магчымасць пазнаёміцца раней, таксама не палічыла патрэбным пазбягаць вострых кутоў. “Нам от прошлых побед ничего не осталось” і “Трымаючы счэпку сэрцам” – назвы кажуць самі за сябе.

Шчымлівы дыптых Марыі Кошалевай-Ліхоты з серыі “Сведкі часу”, дзе сведкамі і сімвалічнымі вобразамі выступаюць вокны. Першая работа – “Бабуліна вакно”: вобраз знаёмы, родны, поўны цеплыні, прыкмета мірнага часу і чагосьці трывалага, як у вершы Анемпадыстава пра простыя рэчы. Другая работа – “24.02.22” – вакно з разбітай шыбай і чорным прагалам усярэдзіне.

 

Усходні вецер над саламянымі пірамідамі

Адна з найбольш адметных і сур’ёных работ на выставе “выгнаннікаў”– “Анубіс” Аляксандра Бельскага. Тут ёсць пра што пагаварыць: мастак спалучыў у візуальным шэрагу калгасную сутнасць нашых уладаў і пафас ды амбіцыі, роўныя па маштабах пафасу ды амбіцыям уладароў старажытнага Егіпта (“вы хацелі дождж – я даў вам дождж”). Прычым мастацкае выказванне Бельскага не іранічнае, ён не камуфлюе крытыку жартам, не заніжае градус крытычнасці. Гэта сур’ёзная работа, якой можна знайсціся месца ў падручніках па беларускім мастацтве – прынамсі, як прыкмеце часу.

Піраміда вялікая, але саламяная, і Анубіс не Анубіс, а брадзяжны сабака, і пожня ўжо гарыць – не так заўважна, недзе з краю, але гарыць. Кантраст, які ляжыць у аснове “ідэйнай кампазіцыі”, калі так можна сказаць, звяртае на сябе ўвагу імгненна.

Тое ж датычыць “Анамаліі” Аляксандра Бельскага, якую можна расчытаць літаральна і сімвалічна. Літаральна яна адсылае да 2020 года, калі невядомыя расфарбавалі ў полі снапы “экстрэмісцкімі” колерамі. Сімвалічна ж карціна гучыць падобна да “Анубіса”: “фараоны” вырачаныя на паразу. Дапаўняе сімвалічны шэраг грувасткая фігура праваслаўнага святара, выкліканага на барацьбу з нячыстай сілай. Зноў жа, парадокс на паверхні: анамалія, з якой пакліканы змагацца чалавек нібыта бога, насамрэч боская з’ява, калі разглядаць яе ў полі свабоды, сумлення, чалавечнасці; у той час як сам “божы чалавек” служыць злу.

Удзел Аляксандра ў «Арт-Менску» і «Восеньскіх салонах» быў штогадовым. У каментарыі для Reform.by мастак зазначыў, што разглядаў іх як магчымасць звароту да гледача. “У гэтым годзе, будучы ў спісе адабраных аўтараў, я прывёз і нават паспеў змантаваць на месцы палотны… Ужо калі забіраў працы, даведаўся аб множным ліку «адмоўнікаў». Наогул, падаючы заяўку, я меркаваў фільтрацыю сваіх работ з верагоднасцю 80%. Але здзіўляе «заварочванне» візуальна нейтральных палотнаў іншых аўтараў. Адсюль напрошваецца выснова, што цэнзураванне будуецца не абавязкова на змесце і каляровым рашэнні”.

Мы з вамі ў гэтым ужо запэўніліся.

Анастасія Ткачова

 

“І сюды дабраліся”: што кажуць мастакі?

Мы звярнуліся па каментарыі да Надзеі Леановіч, чыя грамадская пазіцыя прасочваецца ў работах, і да “візуальна нейтральных” Лізы Хіхлушка і Кірыла Хлопава.

“Склад журы трымаюць у сакрэце, а густ ва ўсім, што тычыцца мастацтва, суб’ектыўны, таму нельга стоадсоткава сцвярджаць, што ніякай цэнзуры няма, – кажа Надзея. – Тое, што ты прайшоў конкурсны адбор, не значыць, што ў экспазіцыю ўключаць усе заяўленыя творы.

Да таго, як у сацсетках абвясцілі спісы адабраных аўтараў, мне паведамілі, што я адбор прайшла, але назаўтра ператэлілі і сказалі, што везці творы не трэба. Фармулёўка адмовы была такая, што з вышэйстаячай інстанцыі спусцілі спіс імёнаў, якія не павінны ўдзельнічаць у выставе. Сама адмова мяне не дужа здзівіла: падумалася – ну вось, і сюды дабраліся. Для мяне быў важны першы ўдзел у «Восеньскім салоне» ў 2018 годзе і ў “Арт-Мінску”-2019. Калі б сёлета быў мой першы ўдзел, я б моцна засмуцілася; вялікая зборная выстава – гэта шанец для пачаткоўцаў заявіць пра сябе. А так не расцэньваю гэта як трагедыю. Адзінае, хацелася б даведацца, якія дзверы цяпер зачыненыя, хацелася б далей працаваць без няпэўнасці.”

Ліза Хіхлушка выстаўлялася з 2020 года, на “Арт-Мінску”-2021 атрымала дыплом-прыз у намінацыі “Арыгінальная графіка”. Сёлета Лізу папрасілі прывезці работы, але на наступны ж дзень патэлефанавалі: “Сказалі, што я не прайшла цэнзуру (не маі работы, там проста мінскія пейзажы). Адчуваю сум і крыўду, разуменне, што нават тут табе перакрываюць шлях. Я хачу асацыявацца толькі з беларускім мастацтвам і выстаўляцца для беларускай аўдыторыі ў сваёй краіне. “Арт-Мінск” і “Восеньскі салон” былі магчымасцю выставіцца на шырокую аўдыторыю. І гледачы былі ў гэтым зацікаўленыя не меней. Абсалютна ўсе працы, якія я выстаўляла, прадаваліся з гэтых выставак”.

Той жа сцэнар паўтарыўся з Кірылам Хлопавым: мастак выстаўляўся з 2019-га, а сёлета галерыст паведаміў, што работы з экспазіцыі трэба забраць, бо так вырашылі “устроители фестиваля”.

“Для мяне як мастака “Арт-Мінск” ёсць публічная прастора з максімальнай колькасцю гледачоў, безумоўна добрая рэклама для прэзентацыі і магчымасць знайсці свайго калекцыянера. Канечне, застаўшыся без магчымасці выставіцца гэтым разам я засмучаны – але толькі з гэтага пункту гледжання.

 У астатнім губляе больш глядач, які застаецца без магчымасці ўбачыць поўную карціну прадстаўнікоў мастацкай супольнасці Беларусі”.

 

Чытайце таксама:

https://www.sn-plus.com/2022/05/31/art-minsk-2022-shto-zastalosya-paslya-czenzurnaj-chystki/

 

 

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.