TOP

“Купала” застанецца на паліцы? Працяг вялікай размовы пра кіно з Тарасам Тарналіцкім

У першай частцы вялікага інтэрв’ю з кінакрытыкам Тарасам Тарналіцкім размова ішла пра незалежную прэмію “Чырвоны верас”, адным са стваральнікаў якой з’яўляецца Тарас. Сёння мы разглядаем беларускае кіно за межамі прэміі і пасля 2020 года: ананімныя стужкі як новы трэнд, сумны лёс “Купалы”, ці ўспадчынілі мы хоць нешта добрае ад савецкай кінаіндустрыі і ў чым сучасная Беларусь сугучная Польшчы і Ірландыі.

Кіно апошніх двух гадоў прэмія не разглядала, але вы за працэсам сочыце. Што можна сказаць пра постпратэстны перыяд?

– Кіно пасля 2020 года так ці іначай звязанае з тэмай пратэстаў і рэпрэсій. Такіх стужак даволі шмат, яны здымаліся як у Беларусі, так і за мяжой і ўдзельнічалі ў фестывалях. Вельмі шмат здымалася публіцыстычнай тэледакументалістыкі. Напрыклад, існуе праект “Жыве Беларусь”, чые стваральнікі  застаюцца ананімнымі. Гэта кіно на мяжы з тэатральным фарматам, пра людзей, якія засталіся пасля 2020 года ў Беларусі, пра змены ў грамадстве. Выйшла пяць эпізодаў, іх можна знайсці на юцюбе. Таксама выйшаў фільм “Галасы” пра Вольны хор, і таксама стваральнікі ананімныя.

Вельмі шмат рабілася для сацыяльных сетак, зноў жа, найперш для юцюба. Штосьці рабілі блогеры ў фармаце размоў. Яны кажуць, што гэта фільмы, але гэта, хутчэй, глыбокія інтэрв’ю, якія даюць магчымасць паказаць, як жывуць героі. Такі фільм зрабіў Сяргей Будкін для канала “Тэлебудка”.

Многія цяпер здымаюць негалосна, публікуюць работы ананімна. Гэта новая хваля партызанскага кіно і ў вялікай ступені – пошук сябе, самасцверджанне.

Магчыма, яны здымаюць, бо не могуць не здымаць?

– Такіх, насамрэч, вельмі мала. Вось Улада Сянькова: каб працаваць, з’ехала ў Варшаву, там спрабуе пісаць сцэнарыі і здымаць кіно. Ёсць Андрэй Куціла – зорка беларускай кінадакументалістыкі; ён можа здымаць такое кіно для тэлебачання, якое не сорамна паказаць на фестывалі. Таксама можна назваць Максіма Шведа, якога мы адзначылі ў некалькіх намінацыях. Ён прыйшоў у кіно даволі позна, пасля 30-ці, прайшоў школу Вайды ў Варшаве, зняў некалькі стужак, пра якія пішуць за мяжой. Напрыклад, расійская “Медуза” пісала пра фільм “Маршрут перабудаваны”, які Швед здымаў перад выбарамі ў Беларусі: фільм пра двух таксістаў і рознае стаўленне да ўлады і саміх выбараў. Гэтая стужка таксама падавалася на “Чырвоны верас”, але нічога не атрымала.

І яшчэ назаву Антона Гапіенку, які з’ехаў у Варшаву і адкрыў студыю, каб займацца аўтарскай анімацыяй. Гэта вельмі добры паказчык: ёсць людзі, якія асэнсавана сябе бачаць у кінапрацэсе; нават не звязаныя з Беларуссю непасрэдна, з’яўляюцца часткай нашай кінасупольнасці. За дэбютны праект “Царства зорак” Антон атрымаў “Чырвоны верас”.

 Да слова: наш няспраўджаны нацыянальны блакбастар “Купала” ўдзельнічаў у конкурсе?

– Не, гэта ўвогуле балючая гісторыя: можна пэўна казаць, што “Купала” – “палічнае кіно”, якое існавала ў савецкі час, калі цэнзары забаранялі паказваць пэўныя стужкі. Паколькі Беларусь з’яўляецца працягам савецкага саюза, такія рытуалы пасёння існуюць. “Купалу” хацелі паказаць на Еўразійскім кінафестывалі ў Лондане, але знялі з паказу. Дэманстрацыя адбылася толькі на “Маскоўскай прэм’еры”. Магчыма, фільм пакажуць, калі будуць спаганеныя стасункі Беларусі і Расіі, але хто ў гэта верыць?.. Я вось не веру.

Ад саветаў Беларусь успадчыніла штосьці акрамя цэнзуры? Засталося нам хоць нешта добрае?

– Пры саветах у нас уласна і пачало стварацца кіно. Асноўная праблема ў тым, што разам з практыкамі кінастваральніцтва ў познім савецкім саюзе сфармаваліся цэнзура і Камітэт па разглядзе кінапраектаў пры Міністэрстве культуры – і перайшлі ў сучаснасць.

Засталася вялікая плынь ігравога кіно, якое стваралі на базе “Беларусьфільма”. Засталіся кадры, кінематаграфічны вопыт, але ў сучаснай Беларусі ён знік, бо не створаныя ўмовы для існавання кінаіндустрыі, кіно загнанае ў кут цэнзурай і ідэалогіяй, кепскім фінанасаваннемя. Старыя кадры ці паўміралі, ці з’ехалі, ці пакінулі прафесію.

Сучаснае ігравое кіно “Беларусьфільма” нецікавае; яго ствараюць не для гледача, а для замоўцы – чыноўнікаў, якія не стануць яго глядзець і нават не разумеюць, што ствараюць. Яны мяркуюць, што такое кіно паўплывае на аўдыторыю, але ніхто на яго не пойдзе, калі не лічыць адміністратыўны прымус. Гэта бессэнсоўная праца, сізіфава праца, на якую выдаткоўваюць грошы і якая робіцца вельмі дрэнна. Унікальны кінематограф, які ствараецца, але не мае свайго гледача.

Засталася магчымасць адкрытага пітчынгу кінапректаў, калі грошы атрымоўвае не толкі “Беларусьфільм”, але і іншыя кінастудыі; але гэтая сістэма таксама заганная, бо дзейнічае яна датычна лаяльных кінапректаў, якія ствараюць па замове чыноўнікаў, а не гледачоў. Зрэшты, ёсць у Міністэрства культуры добры досвед фінансавання праектаў: “Забароненая зона” Дзмітрыя Сямёнава-Алейнікава, “Дзесяць жыццяў мядзведзя” Андрэя Кудзіненкі – яны спалучаюць забаўляльнае, жанравае з працай з гісторыяй краіны. Таксама дзяржава фінансавала серыял пра Уладзіміра Мулявіна “За паўгадзіны да восені”. Вось такія праекты мэтазгодныя.

У цэлым кіно, якое ствараецца “Беларусьфільмам”, – састарэлы хлам, і нават калі ствараецца ён сучаснымі інструментамі, мэты стваральнікаў штурхаюць нас не ў будучыню, а ў мінулае.

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі

Уявім, што незалежнае беларускае кіно дэманструецца на вялікіх экранах. Ці ёсць у яго шанец перамагчы расейскі і заходнееўрапейскі імпарт у барацьбе за касу і гледача?

– Тут, канечне, трэба адзначыць, што гэта ўтапічны погляд на сітуацыю. Асноўным канкурэнтам будзе амерыканскае кіно – якасна зробленае, шматлікае, добра рэкламаванае. Расейскі і заходнееўрапейскі імпарт не такі страшны, у іх няма такіх вялікіх грошай, як у амерыканцаў, асабліва падчас вайны, калі казаць пра расіян.

Але калі разважаць гіпатэтычна, беларускаму кіно ўвогуле неабавязкова змагацца з імпартам, яно не мусіць у чымсьці выйграваць; дастаткова прысутнасці ў кінатэатрах, каб яго ведалі беларусы, каб у гледачоў быў выбар. Але гэта зусім іншы свет, мы нават блізка не падышлі да такой сітуацыі.

Сучаснае кіно якой краіны найбольш сугучнае нашаму – не столькі тэматычна, колькі эстэтычна, у мастацкім, светапоглядным плане?

– Цяжка адказаць. Нават нашыя блізкія суседзі вельмі адрозніваюцца кінамовай – што палякі, што літоўцы, што ўкраінцы. Падобныя мы, хутчэй, перыядамі. Калі разглядаць кіно па ўзнёсласці, то нашае сучаснае падобнае да кіно Ірландыі 1980-90-х гадоў, калі ішоў апошні этап барацьбы за незалежнасць Паўночнай Ірландыі з каланіяльнай уладай Брытанскай імперыі. Ці з кіно1980-х Польскай Народнай Рэспублікі, часоў змагання з камуністычным ладам. Увогуле незалежнае беларускае кіно сугучнае фільмам краін постсавецкага блоку – краіны Балтыі, Чэхія, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія – перад аксамітнай рэвалюцыяй.

Можна згадаць авангарднае кіно 1960-х (“новую хвалю” ў французскім кіно) і шасцідзясятнікаў савецкага саюзу, калі ствараліся фільмы пра акупацыю падчас Другой сусветнай вайны. Тут ёсць пэўныя паралелі з жыццём беларусаў 2020 года. Напрыклад, фільм “Усходні калідор” Вінаградава вельмі атмасферна і “псіхалагічна” дэманструе, як беларусы сябе адчуваюць цяпер.

Рэзюмуем: калі ўручаць “Чырвоны верас” другі раз, невядома, беларукае кіно часткова выехала з Беларусі…

– А тыя, што здымаюць, здымаюць ананімна ці для іншага рынку; нават цяжка сказаць, ці хочуць яны, каб іх успрымалі як беларускае кіно. Тое, што здымае “Беларсьфільм”, – ідэалагічнае і нават агітацыйнае кіно, гэта тычыцца ўжо і дакументальных работ (Другая сусветная вайна і падзеі савецкіх часоў, асабліва што датычыць палякаў). Гэтае кіно – працяг фрустрацыі беларускіх уладаў. Успрымаць яго як мастацкі прадукт, канечне, можна, але глядзець невыносна.

Паспрабуем узяць пазітыўную ноту: парайце кіно на вечар.

– Я вось нядаўна глядзеў “Род мужчынскі”, такі фемінісцкі трылер брытанскага рэжысёра Алекса Гарланда. Сэнс яго ў тым, што мужчынская парода не змяняецца, асабліва датычна жанчын, і мужчыны першародна таксічныя людзі. Я, насамрэч, вельмі добра стаўлюся да такога аўтарскага песімізму, і кіно зробленае візуальна якасна, ідзе крыху больш за сто хвілін – вельмі добры фільм на вечар. Але калі вы не надта ўражлівы. Перад самым сном глядзець яго не варта.

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.