TOP

Пагром культуры. Частка ІІ: забарона на іншадумства

Беларускі ПЭН прэзентаваў справаздачу па парушэннях культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры па выніках 2022 года. Пра унікальны на постсавецкай прасторы дакумент працягваем гутарку з кіраўнічкай Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай.

– У папярэдняй справаздачы пераслед за іншадумства займаў першы радок рэйтынгу парушэнняў, цяпер – трэці: 197 выпадкаў у дачыненні да 178 асобаў. То бок сітуацыя ў гэтым напрамку трохі выпраўляецца?

– На жаль, справа проста ў крыху зменненым падыходзе да падліку, іншай класіфікацыі: у 2022 годзе паняцце адміністрацыйнага пераследу ўвабрала ў сябе ўсе выпадкі рэпрэсій за іншадумства, што скончыліся для дзеячаў культуры складаннем адміністрацыйных пратаколаў.

– А што тады засталося ў звыклай для вашых сталых чытачоў графе?

– Тыя выпадкі, дзе даказана палітычна матываванае звальненне і паніжэнне ў пасадзе, скарачэнне выкладчыцкіх гадзін, адлічэнне з навучальнай установы.. А яшчэ – так званыя  «прафілактычныя гутаркі» з дзеячамі культуры і выклік іх на допыт, пераслед тых, хто выехаў за мяжу: абвяшчэнне ў міжнародны вышук, разгром кватэры, ператрус і канфіскацыю маёмасці без далейшага затрымання прадстаўнікоў сферы, а таксама тыя затрыманні, вынік якіх нам невядомы.

– Прыёмы пераследу ўражваюць… Відаць, і статыстыка адпаведная?

– Як на мове лічбаў, то размова пра 81 звальненне/непрадаўжэнне кантракта, 56 ператрусаў, 32 выпадкі канфіскацыі маёмасці,3 дэпартацыі.

У цэлым жа ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ў краіне ўвесь маніторынг парушэнняў у дачыненні да дзеячаў культуры (за выключэннем пытанняў аўтарскага права) можна разглядаць як пераслед за іншадумства, бо і затрыманне, і адміністрацыйны/крымінальны пераслед дзеячаў культуры, і адмова ў якаснай прававой дапамозе, і дэпартацыя, і «асаблівыя» ўмовы ўтрымання ў зняволенні, і цэнзура, і «чорныя спісы» аўтараў і г.д. – усё гэта формы пераследу менавіта за яго.

Глядзіце – слова якое “іншадумства”. Было папулярным на сконе СССР, калі тыя, хто “думаў іначай”, падпадалі пад прыцэл. Я бы сказала, эпоха рыфмуецца з той. Тады выйшла цэлая кніга “Іншадумцы”, якая атрымала дзяржаўную (ужо незалежнай Беларусі) прэмію. Кніга інтэрв’ю са знакавымі постацямі, якія сваёй дзейнасцю і творчасцю выводзілі грамадства да свабоды. Магчыма, сёння час для такой чарговай кнігі. Важна фіксаваць рух ідэяў, не толькі рэпрэсіяў.

– Ад іншадумства да палітычнага зняволення – адзін крок…

– Усяго, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1446 палітзняволеных станам на 31 снежня 2022 года.

Сярод іх мініму 108 чалавек, якія маюць дачыненне да культуры: 41 адбывае крымінальнае пакаранне ў калоніі, 7 – на «хіміі», 14 прадстаўнікоў сферы знаходзяцца ў турмах, 45 – у следчых ізалятарах МУС і КДБ у чаканні суда або этапавання ў месцы адбыцця пакарання, яшчэ 1 – пад хатнім арыштам.

Усіх гэтых людзей у інтэрв’ю не пералічыць, аднак давайце назавем хоць частку з тых, хто зараз у калоніях…

– Мяркую, можна назваць не толькі прозвішчы, але і прафесіі – тут прадстаўнікі практычна ўсёй культурнай беларускай нівы:

архітэктар Арцём Такарчук (асуджаны на 3,5 года); бард і праграміст Анатоль Хіневіч (2,5 года); дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега (3 гады); аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын (4,5 года); UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў (7 гадоў узмоцненага рэжыму); барабаншчык Аляксей Санчук (6 гадоў узмоцненага рэжыму); менеджарка культуры Міа Міткевіч (3 гады); пісьменнікі грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец (7 гадоў узмоцненага рэжыму); танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў (па 5 гадоў узмоцненага рэжыму); акцёр Сяргей Волкаў (4 гады ўзмоцненага рэжыму); дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (8 гадоў узмоцненага рэжыму); настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Андрэй Пятроўскі (1,5 года); паэт, бард і адвакат Максім Знак (10 гадоў узмоцненага рэжыму)…

Вы маеце дакладную інфармацыю пра кожнага з гэтых людзей? Адсочваеце іхныя лёсы?

Імкнемся мець як мага больш падрабязныя персанальныя дасье. Аднак па прычынах, згаданых мной вышэй, – закрытасць судоў, абмежаванні адвакацкай дапамогі, боязь сваякоў і блізкіх пагоршыць стан утрымання дарагіх для іх людзей маем, напрыклад, прабелы пра тое, дзе цяпер знаходзяцца асуджаныя на «хатнюю хімію» дызайнерка Таццяна Мініна; гумарыст, удзельнік КВК Васіль Краўчук; бібліятэкарка і экскурсаводка Ірына Коваль; гумарыст, арт-дырэктар і вядоўца Аляксандр Талмачоў; керамістка Анастасія Малашук; рамесніца і адміністратарка прасторы «Альфа-Бізнес Хаб» Алеся Курэйчык; настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Тарноўская; керамістка Наталля Карнеева; краязнаўца і экскурсавод Ігар Хмара; архітэктар і музыка Аляксандр Кухарэнка. А таксама пра тое, якія прысуды суды вынеслі дызайнерцы Аліне Каўтуноўскай, архітэктарам Таццяне Калеснік і Ігару Калесніку, у зняволенні яны ці на волі.

Як хто што ведае пра гэтых ці іншых людзей – паведамце Беларускаму ПЭНу. Мы захоўваем ананімнасць, а таксама не публікуем дадзеных, якія просяць не публікаваць. Разам з тым, мець дакладныя дэталі для нас важна, бо гэта становіцца і часткай статыстыкі пераследу, і істотна для разумення сітуацыі, тэндэнцый, а таксама для фіксацыі інфармацыі на будучыню (у тым ліку і з перспектывы пазнейшай рэабілітацыі палітычна рэпрэсаваных, аказання ім неабходнай дапамогі, а таксама прыцягнення да адказнасці вінаватых). Нам можна напісаць па наступных кантактах: [email protected],  (паўтаруся, ананімнасць і канфідэнцыйнасць інфармацыі гарантуем), або ў тэлеграм – @viadoma

Праз непаўнату даступнай інфармацыі мы таксама не ведаем пра наступствы затрыманняў шэрагу асобаў са сферы культуры, сярод якіх

музыкі Канстанцін Зімніцкі (затрымліваўся ў лютым) і Андрэй Задзяркоўскі (травень); выкладчык гісторыі Андрэй Дараховіч (травень); рэканструктар гісторыі і ўладальнік караоке-бара «Шум» Аляксей Гурскі(чэрвень); супрацоўнік Магілёўскага абласнога музея імя Масленікава Дзмітрый Жураўскі, менеджар культурных праектаў і актывіст Дзмітрый Бандарчук, дырэктарка і заснавальніца турыстычнай кампаніі «Віяполь» Галіна Патаева (жнівень); музыка Алег Самсонаў (верасень); літаратар і інжынер Вадзім Крук(кастрычнік); фатограф Руслан Мазанік (кастрычнік); музыкі Андрэй Гаварушка і Аляксей Варанцоў(кастрычнік); фатограф Андрэй Салаў (кастрычнік); спявачка Антаніна Валькова (лістапад); гісторык і выкладчык Вітольд Ермалёнак (лістапад); арганізатар фестываляў Сяргей Садоўскі (снежань); выкладчык гісторыі Віталь Магучаў (снежань); фатографы Варвара і Павел Мядзведзевы (снежань).

– Як тая драматычная карціна выглядае праз статыстыку?

– Усяго з лістапада 2020-га да канца 2022 года ў рамках крымінальнага пераследу былі асуджаны не менш за 164 дзеячы культуры, 8 з іх – некалькі разоў: літаратарка і актывістка Алена Гнаўк – тройчы; аўтар тэкстаў для часопісаў «Наша гісторыя» і «Arche» Андрэй Акушка; музыкі Уладзіслаў Плюшчаў і Аляксандр Казакевіч; краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар; літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава); паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін і бібліятэкарка Юлія Лаптановіч – двойчы.

У 2022 годзе асуджаны як мінімум 91 дзеяч культуры. Трое з іх – двойчы на працягу года: музыкі Уладзіслаў Плюшчаў і Аляксандр Казакевіч, паэт, прадзюсар і блогер Уладзіслаў Савін.

Што найчасцей інкрымінуюць дзеячам культуры?

– Ім выстаўляюць ад аднаго (59 чалавекам) да чатырнаццаці (Аляксандру Францкевічу) артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Найбольш фігуравалі «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» – на падставе гэтага артыкула асуджаны 32 дзеячы культуры, яшчэ 9 мелі ў «складзе злачынства» гэтае і іншыя абвінавачанні. На другім і трэцім месцах – крымінальны пераслед паводле артыкулаў «Распальванне варожасці або разладу» і «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Судовая сістэма выкарыстоўвае іх як пакаранне за крытыку прадстаўнікоў дзяржаўнага і сілавога апаратаў краіны.

– На якія тэрміны творцы трапляюць за краты?

– Ад 1 да 18 гадоў. Большасці прызначылі пакаранне ў выглядзе калоніі: так, 12 чалавек былі або будуць адпраўлены ў калоніі строгага рэжыму, 46 – агульнага. 13 дзеячаў культуры асуджаны на “хімію”, 17 – на “хатнюю хімію” Наконт 3 прадстаўнікоў сферы мы не валодаем інфармацыяй адносна рашэння судоў.

– У нашай размове нельга абмінуць і тэму ўмоў утрымання ў зняволенні: зразумела, тут інфармацыі прабіцца яшчэ цяжэй, але вы маеце яе хоць бы часткова?

– За год даведаліся пра 117 выпадкаў парушэння правоў затрыманых калег у закрытых установах МУС і КДБ. Вы маеце рацыю: насамрэч гэта толькі малая частка таго, што рэальна адбываецца за сценамі турмаў у дачыненні да палітзняволеных.

Калі казаць пра побыт асуджаных паводле адміністрацыйных артыкулаў, то “нормай” сталіся татальная антысанітарыя, шматразовая перапоўненасць камер, холад, скразнякі, адсутнасць матрацаў і пасцельнай бялізны, кругласутачна ўключанае святло, неядомая ежа, «падкідванне» ў камеру бяздомных для заражэння вошамі, начныя праверкі, адмова або няякаснае аказанне медыцынскай дапамогі, жорсткае і грубае стаўленне з боку супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і іншыя факты ціску на палітычных зняволеных…

Ад затрыманых і асуджаных паводле крымінальных артыкулаў ведаем пра абмежаванні ў шпацырах, чытанні, занятках спортам; адмовы ў званках і спатканнях з роднымі, у шпіталізацыі; пазбаўленне перадач і блакаванне карэспандэнцыі.

Афіцыйна паведамлялася і пра тое, напрыклад, што з 1 чэрвеня знікла магчымасць дадатковай, так званай «вітаміннай» перадачы, якая дазваляла адпраўляць зняволеным пэўны набор садавіны і агародніны вагой да 10 кг раз на 30 дзён…

– Так, гэта моцна ўдарыла па асуджаных…

Але апроч такога вось “фізічнага” ўціску на правы зняволеных, ідзе і ўціск маральны – ма маем факты пра праблемы з перапіскай у дзясяткаў дзеячаў культуры, якія знаходзяцца або былі ў зняволенні. Пацвярджэнне гэтаму – і спыненне ініцыятывы «Письма в клеточку», што здарылася з-за адсутнасці зваротнай сувязі ад палітзняволеных больш за паўгода. Вядома таксама, што перапіска ў прынцыпе была істотна абмежавана з пачаткам вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Падчас апошніх судовых працэсаў прапагандысцкія пляцоўкі выкладаюць здымкі, дзе абвінавачваныя знаходзяцца не проста ў клетках, але і ў кайданках на руках. 

– Перамяшчэнне пад узмоцненым канваіраваннем і ў кайданках, утрыманне ў кайданах у зале суда, ціск з боку адміністрацыі – гэты будні тых дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ў СІЗА; ператрусы, правакацыі, перапрацоўкі, мізэрныя заробкі і цяжкія ўмовы працы – тых, якія адбываюць пакаранне ў калоніях і ўстановах адкрытага тыпу (на «хіміі»).

– Ці не зашмат – гэта ж не забойцы, а літаратары, мастакі, артысты?

– Стаўленне да звычайных крымінальнікаў куды “чалавечней”, чым да палітзняволеных. На апошніх адміністрацыі папраўчых устаноў выкарыстоўваюць дадатковыя метады ціску: вынясенне спагнанняў з надуманых прычын; пастаноўка на прафілактычны ўлік – «схільны(-ая) да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў» (цягне за сабой дадатковую працу, праверкі, абмежаванні і кантроль для такіх зняволеных, іх адзенне і ложкі адзначаюцца адпаведнымі жоўтымі біркамі) – найбольш распаўсюджаная ў дачыненні да палітычных зняволеных катэгорыя; змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) або карцар.

За «сістэмныя» парушэнні палітзняволеных, якія адбываюць пакаранне ў калоніі, адпраўляюць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) – турэмную камеру, з якой яны выходзяць толькі на працу і паўгадзінны шпацыр у дзень, таксама ўводзяцца абмежаванні на пасылкі, лісты, набыццё неабходных рэчаў у турэмнай краме і інш. Вядома, што за аналізаваны перыяд у ПКТ траплялі (або знаходзяцца там на цяперашні момант) Мікалай Дзядок(тэрмінам на 4 месяцы), Вячаслаў Ламаносаў (тэрмін невядомы), Алесь Пушкін (быў адпраўлены на 5 месяцаў), Дзмітрый Кубараў (на 6 месяцаў), Максім Знак (тэрмін невядомы), Алена Гнаўк (на 2 месяцы).

Наступныя пасля ШІЗА і ПКТ віды пакарання – перавод на турэмны рэжым або завядзенне новай крымінальнай справы паводле артыкула «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Гэта дзве новыя тэндэнцыі, якія замацаваліся ў аналізаваны перыяд. Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у 2022 годзе як мінімум 41 палітзняволены быў пераведзены на турэмны рэжым, у тым ліку 6 прадстаўнікоў культурнай сферы краіны. Супраць 16 (на канец 2022 года) палітзняволеных заведзены новыя крымінальныя справы.

– Тэму задушэння іншадумства немагчыма ўявіць без так званага антыэкстрэмісцкага заканадаўства. У вашай справаздачы знайшлося месца гэтай практыцы?

– Яна актыўна развівалася ў 2022 годзе. Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам дзейныя ўлады душылі любыя формы выказвання меркавання – за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, за каментарыі ў сацыяльных сетках з асуджэннем гвалту, за эмацыйныя выказванні ў адрас прадстаўнікоў ўлады…

Сілавыя структуры сфармавалі шэраг адмысловых спісаў, куды трапляюць і культурныя деячы.

Так, у спісе «Асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» першыя 140 імёнаў былі апублікаваны ў сакавіку 2022 года. На канец года іх колькасць складала ўжо 2236 чалавек, у тым ліку як мінімум 102 дзеячы культуры.

У «Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» 10 адносяцца да сферы культуры.

У «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2022 годзе 56 пазіцый, датычных да сферы культуры або дзеячаў культуры (хоць пры больш дэтальным вывучэнні іх там выявіцца на парадак больш). Сярод такіх матэрыялаў 12 песняў, 24 кнігі, шматлікія

сайты СМІ, сайты крам з таварамі нацыянальнай сімволікі ды іншыя.

«Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» у 2022 папоўніўся 14 дзеячамі  культуры, а з улікам раней абвешчаных там не менш за 18 творцаў.

13 дзеячаў культуры ўнесены адначасова ў два спісы – «экстрэмісцкі» і «тэрарыстычны». Адбываецца гэта ў сувязі з падабенствам падстаў для іх папаўнення.

– Што азначае ўнясенне туды прозвішчаў канкрэтных людзей?

– Яны зазнаюць істотнае «пазбаўленне правоў» на тэрмін судзімасці і пасля. Гэта тычыцца і магчымасці займацца пэўнымі відамі дзейнасці (у прыватнасці, выдавецкай і педагагічнай), і складанасцяў з ажыццяўленнем фінансавых аперацый (блакаванне банкаўскіх рахункаў), і некаторых іншых.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.