Валерый Кавалеўскі: Беларусь пад пятой Расіі – не ў нацыянальных інтарэсах Украіны
Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі робіць Беларусь парушальнікам міжнароднага права і патэнцыйнай мішэнню.
Прэзідэнт Францыі лічыць, што нельга нарошчваць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнку, наадварот, трэба пакінуць яму шляхі да адступлення.
Ці з’яўляецца пазіцыя Макрона супольнай пазіцыяй Еўразвяза? Што азначае размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі?
Журналіст СНплюс пагаварыў з прадстаўніком АПК па міжнародных пытаннях Валерыем Кавалеўскім.
– Гэта азначае, што ў Еўрапейскага Звяза няма выразнай стратэгіі па Беларусі. Так, ёсць палітычны курс, вызначаны яшчэ ў 2020 годзе, – непрызнанне рэжыму, аказанне ціску на яго, падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэтая пазіцыя вытрымліваецца досыць паслядоўна, трэба аддаць належнае партнёраў з Еўрапейскага Звяза, ЗША, іншых краінаў.
Разам з тым заява Макрона паказвае, што ёсць і шуканні іншых алгарытмаў, якія змогуць дапамагчы вырашыць крызіс у Беларусі. Я не магу сказаць, што бачу значныя перспектывы менавіта ў таікм падыходзе, таму што ў дачыненні да Лукашэнкі ўжо неаднаразова спрабавалі памяняць стратэгію – з ціску на збліжэнне, але гэта рабіла рэжым толькі мацнейшым, больш жорсткім і ніякім чынам не вырашала праблему з адсутнасцю дэмакратычных інстытутаў у Беларусі.
– Пазіцыя Польшчы адрозніваецца ад агульнаеўрапейскай большай напорлівасцю: пасля пацвярджэння прысуду Анджэю Пачобуту яна ўвяла дадатковыя санкцыі, нядаўна прэм’ер-міністр выказаў намер патрабаваць ад Еўразвяза ўвядзення больш жорсткіх санкцыяў у дачыненні да афіцыйнага Мінска. Чаму так адрозніваюцца пазіцыі Брусэля і Варшавы?
– У Еўрапейскі Звяз уваходзяць суверэнныя краіны, у якіх ёсць свой погляд на сітуацыю ў рэгіёне. Польша з’яўляецца адным з лідараў, паколькі добра ведае яе, добра ўсё адчувае. А заява прэзідэнта Францыі ў прынцыпе адпавядае таму стылю дыпламатыі, які прапаведуе Парыж: мы памятаем, колькі намаганняў прыклаў Макрон, каб пераканаць Пуціна ў тым, што вайна – гэта кепска; мы ведаем вынікі гэтых спробаў. То бок, Еўрапейскі Звяз – саюз суверэнных краін, у якіх ёсць права ацэньваць сітуацыю ў рэгіёне са сваёй перспектывы. Але для нас важным застаецца тое, што палітыка Еўразвяза да рэжыму Лукашэнкі застаецца нязменнай.
– Якія мэты ставіць перад сабой Польшча, уводзячы больш моцныя санкцыі да афіцыйнага Мінска?
– Гэта важна, каб падтрымліваць ціск, нарошчваць яго. І для гэтага ёсць больш чым дастатковыя падставы: рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, становяцца больш жорсткімі, іх маштаб не спадае. Што датычыць Польшчы і яе нацыянальных інтарэсаў, то польская нацыянальная меншасць ў Беларусі з’яўляецца асобным аб’ектам для пераследу, ганенняў з боку рэжыма. Таму Варшава ў некаторых сітуацыях і становіцца лідарам працэсу: яна не толькі рытарычна апаніруе рэжыму, цісне на яго, але і гатовая да практычных захадаў. Мы, безумоўна, падтрымліваем такі падыход.
– Ці можа Варшава ўвогуле перакрыць мяжу з Беларуссю?
– Думаю, гэтае пытанне трэба адрасаваць польскаму ўраду: ці ў стане ён да такіх радыкальных дзеянняў. Але мы бачым, што Варшава паступова нарошчвае ціск на беларускі рэжым, і калі працягнуць гэтую траекторыю, то можа дайсці і да таго, што памежны рух будзе перакрыты.
Калі гаварыць пра логіку развіцця падзей, то такі варыянт таксама нельга выключаць.
– Палітыка замірэння дыктатара, агрэсара – што Пуціна, што Лукашэнкі – давала і дае адваротны эфект. Ці мяняецца палітыка ЗША па “беларускім пытанні”?
– Злучаныя Штаты таксама прытрымліваюцца вельмі паслядоўнай пазіцыі – больш канкрэтнай і жорсткай: ЗША разглядаюць сітуацыю як непрымальную, рыхтуюцца да ўвядзення новых санкцый, там ёсць разуменне таго, што адбываецца, і што ціск мусіць заставацца моцным і канкрэтным. Таксама трэба дадаць і працу над стратэгічным дыялогам, які мы вядзем з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША; зараз распрацоўваецца механізм дыялогу, і мы чакаем, што ў бліжэйшыя тыдні ці месяцы стратэгічны дыялог пяройдзе ў практычнае рэчышча, стратэгічны дыялог пачне працаваць як механізм двухбаковых адносінаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і ЗША.
– Офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет у сваёй знешняй палітыцы робіць стаўку менавіта на ўзмацненні ціску на беларускі рэжым. Прапанова Макрона можа паўплываць на гэтую стратэгію?
– Зноў жа, у Еўрапейскім Звязе існуе кансенсус да рэжыма – яго непрымальнасць, яго крымінальнасць, злачынны характар застаецца нязменнай. Мы працягваем працаваць: і з Еўрапейскай камісіяй, і з Бруселем, і з нацыянальнымі ўрадамі (напрыканцы чэрвеня рыхтуецца мой візіт у Парыж, дзе ўсе гэтыя пытанні будуць абмяркоўваца на больш практычным узроўні). Разам з тым, не думаю, што прапановы Макрона, выказаныя ў Браціславе, нейкім чынам зменяць дыялог, які мы вялі. Мы бачым, што пэўныя пазіцыі маюць патрэбу ў абмеркаванні, але таксама аддаем належнае Францыі, іх паслядоўнай палітыцы непрызнання рэжыму Лукашэнкі: мы памятаем , што французскі амбасадар не ўручаў даверчыя лісты Лукашэнка, і праз тое вымушаны быў з’ехаць з Беларусі. І гэта быў вельмі моцны крок з боку Францыі, якая з’яўляецца адной з вядучых дзяржаў рэгіёна і адзінай краінай Еўразвяза, якая ўваходзіць у лік пастаянных сябраў Рады бяспекі ААН. Пазіцыя Францыі вельмі важная, і нам гэтаксама вельмі важна працягваць кантакты з ёю, збліжаць нашыя пазіцыі, каб палітыка, прынятая ў 2020 годзе, заставалася нязменнай, паслядоўнай, але адначасова працаваць над тым, каб зрабіць яе больш эфектыўнай.
– Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі ставіць незалежнасць краіны пад яшчэ большую пагрозу, паўстае рэальная небяспека паглынання краіны. Ці маюць дэмакратычныя сілы план дзеянняў, каб не дапусціць найгоршага для беларускай незалежнасці сцэнара?
– Сапраўды, сітуацыя вельмі трывожная. Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі робіць Беларусь, з аднаго боку, парушальнікам міжнароднага права – рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі ў свеце. З іншага боку, гэта робіць Беларусь патэнцыйнай ахвярай размяшчэння ядзернай зброі, бо яна пашырае ваенную прысутнасць Расіі на нашай тэрыторыі. Мы ведаем, як Масква карыстаецца сваімі ваеннымі аб’ектамі на прыкладзе Крыма, дзе ваенныя базы былі скарыстаныя для анэксіі паўвострава – ваенныя аб’екты сталі цэнтрамі ўлады. Акрамя таго, мы памятаем, што размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і прыняцце рашэнняў Расіяй аб яе выкарыстанні без удзелу беларускага грамадства і беларускага народа робіць краіну мішэнню для ўдара ў адказ.
Мы не можам глядзець на сітуацыю як на рызыку, якая можа або спраўдзіцца, або не, мы павінны працаваць над тым, каб не даць гэтаму здарыцца ў прынцыпе. Мы не можам дазволіць сабе палітыку “пажывём-пабачым”, мы павінны жорстка працаваць над тым, каб не дапусціць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Для гэтага задзейнічаем міжнародныя механізмы: зараз вельмі важнай становіцца пляцоўка ААН. На наступным тыдні я буду знаходзіцца з візітам у Нью-Ёрку менавіта, каб працаваць па пытанні ядзернай бяспекі для Беларусі – гэта будзе галоўнай тэмай майго візіту.
І тут вельмі важна падцягваць міжнародныя меркаванні да разумення беларускага погляду на праблему. З пункту гледжання глабальнай бяспекі, фізічнай бяспекі перамяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на некалькі соцень кіламетраў – з Расіі ў Беларусь мяняе не многае, але для інтарэсаў Беларусі – гэта вельмі глыбокая і сур’ёзная небяспека. Таму мы мусім адкрываць вочы міжнароднай супольнасці, прымушаць яе глядзець на сітуацыю нашымі вачыма. Афіцыйны Мінск зараз прымае рашэнні, якія ніяк не ўзгодненыя з беларускім народам – адзінай крыніцай улады ў нашай краіне, ён парушае нацыянальнае заканадаўства, ён парушае міжнароднае права, робіць нашую краіну ізгоем і сваімі дзеяннямі пагражае нацыянальнай бяспецы і нашаму існаванню як суверэннай незалежнай дзяржавы. Мы прыкладзём максімум намаганняў, каб міжнародная супольнасць паглядзела на сітуацыю беларускімі вачыма, а не проста праз прызму рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі, ядзернай бяспекі.
– Як развіваюцца стасункі беларускіх дэмакратычных сілаў з Кіевам, ці адбываюцца зрухі на беларуска-ўкраінскім фронце?
– Канешне, зрухі ёсць, і яны досыць станоўчыя. Прэзідэнт Зяленскі некалькі разоў станоўча выказаўся па нашай сітуацыі. Гэтыя важныя камунікацыі паказваюць, што ёсць разуменне таго, што ў Беларусі вядзецца барацьба, што беларусы знаходзяцца ў небяспецы, што беларусы імкнуцца да свабоды і што яны перамогуць у гэтай барацьбе.
Працягваецца актыўная супраца з экспертнай супольнасцю Украіны, працягваецца супраца з Вярхоўнай Радай Украіны. На бліжэйшы час запланаваныя некаторыя падзеі, візіты, амберкаванні; я таксама збіраюся ехаць ва Украіну праз два тыдні – там якраз будзе абмяркоўвацца тэма размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Для Украіны само па сабе размяшчэнне ядзернай зброі, магчыма, і не з’яўляецца вялікай праблемай на сённяшні дзень, але мы разумеем, дзеля чаго расійскую ядзерную зброю вязуць у Беларусь – каб пагражаць менавіта Украіне. А Беларусь пад поўным кантролем Расіі супярэчыць нацыянальным інтарэсам Украіны, якая не зацікаўлена ў тым, каб наша краіна і надалей заставалася крыніцай пагрозаў.
Таксама адзначу візіт Паўла Латушкі ва Украіну, каб расказаць пра датычнасць рэжыма да вывазу ўкраінскіх дзяцей, пра дапамогу Расіі ў гэтым злачынстве. Яго прысутнасць у Кіеве, сустрэчы – адзін з тых канкрэтных крокаў, якія дапамагаюць збліжаць пазіцыі, інфармаваць пра нашую працу, пра сітуацыю ў Беларусі.
Такіх дзеянняў адбываецца досыць многа, хаця павінна быць яшчэ больш, павінна нарошчвацца наша прысутнасць у Кіеве і па супольных дзеяннях, дзе нашыя інтарэсы перасякаюцца з інтарэсамі Украіны.