TOP

Украіна адкажа ваенным ударам на наступны ўдар з Беларусі

Паўторнае ўварванне з тэрыторыі РБ ва Украіну прывядзе да пераносу баявых дзеянняў на беларускую тэрыторыю.

Сустрэча Лукашэнкі і Пушыліна  прывяла да нечаканай рэакцыі афіцыйнага Кіева. МЗС Украіны адклікала з Мінска амбасадара Ігара Кізіма “для кансультацыяў”, што сведчыць пра гатоўнасць Кіева да больш рашучых адказаў ан правакацыі Лукашэнкі.

Пра наступствы сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным карэспандэнт СНплюс пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

– Каб не ішла вайна, то адкліканне амбасадара стала б чаканым крокам. Або каб сітуацыя была іншай: на тэрыторыі Беларусі не знаходзіліся б расійскія войскі, не было б лукашэнкаўскай падтрымкі Расіі, не было папярэдняга ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну з беларускай тэрыторыі – калі б усё гэта ўжо не здарылася, то такі жэст на дэмарш Лукашэнкі быў бы абсалютна чаканы. І не здзіўляў бы.

У сённяшняй стуацыі такі адказ трохі здзівіў. Здзівіў таму, што магчымасцяў Украіны неяк паўплываць на Лукашэнку амаль не засталося – хіба толькі разарваць дыпламатычныя адносіны, іншых магчымасцяў няма. Мне падавалася, што гэтую магчымасць, ці не апошнюю, украінскі бок прытрымае для крайніх выпадкаў, а магчымасцей у афіцыйнага Мінска шмат: гэта і ўдары з беларускай тэрыторыі па Украіне, і верагоднасць паўторнага ўварвання расійскіх войскаў адтуль. На такія відавочна несяброўскія крокі Украіна магла б адказаць – адклікаць амбасадара, закрыць амбасаду і разарваць дыпламатычныя адносіны.

Не, у Кіеве палічылі неабходным зрабіць першы крок у гэтым накірунку ужо сёння. І гэта, як мне падаецца, ускоснае сведчанне пераменаў: калі з тэрыторыі Беларусі адбудуцца пералічаныя мной дзеянні, то гэтым разам Україна ўжо не будзе абмяжоўвацца дыпламатычнымі крокамі, а адразу адкажа ваенным чынам: на ўдар з тэрыторыі Беларусі Украіна адкажа ваенным ударам. Адпаведна, калі паўторыцца ўварванне з тэрыторыі Беларусі ва Украіну, то магчымы і перанос баявых дзеянняў на беларускую тэрыторыю.

Чаму такая рэакцыя выключна на Пушыліна? Я бачыў меркаванне Арцёма Шрайбмана, што гэта адказ па сукупнасці: усе дробныя пакасці, зробленыя Лукашэнкам, правакацыі, абразы на адрас Зяленскага, дзеянні дзяржаўнай прапаганды да Украіны і ўкраінцаў, стаўленне да амбасадара. Сустрэча з Пушыліным, сапраўды, магла стаць апошняй кропяй, якая перапоўніла чашу цярпення Кіева. Хаця той жа Лукашэнка не зрабіў радыкальных заяў падчас сустрэчы: ён жа не сказаў напрамую, что Данбас – частка Расіі, хаця ўскосна і пацвердзіў гэта. Але калі б ён хацеў справакаваць Украіну, то ўжываў бы іншую рыторыку. Ён сказаў тое, каб спадабацца Расіі, спадабацца Пушыліну, але дадатковых рухаў для правакацыі Украіны не зрабіў.

Але гэтага хапіла. Калі я гляджу на рэакцыю дзяржаўнай прапаганды, такога адказу яны не чакалі.

– Вы кажаце, на ваенны ўдар з Беларусі прыйдзе ваенны адказ. Не зважаючы на заявы пра верагоднае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі?

– Кіеў гэта не палохае. Украіна наносіла ўдары і па расійскай тэрыторыі, хаця афіцыйна і не прызнае. Але што такое патапленне крэйсера “Масква”, або кейс з Крымскім мастом, альбо штодзённыя ўдары па Белгарадскай   і Курскай абласцях? Што стаіць за забойствам Дугінай і Татарскага? Ва Украіне не прызнаюць сваю датычнасць да ўсіх гэтых падзеяў, але ўсё гэта досыць відавочна. Усё тое робіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, якую ўвесь свет прызнае расійскай тэрыторыяй. Але калі нейкі акт агрэсіі будзе здзейснены з беларускай тэрыторыі, то ваенны адказ будзе ўспрымацца легітымна.

Што тут трэба падкрэсліць? Безумоўна, Захад не зацікаўлены ў тым, каб вайна прыйшла ў Беларусь, бо гэта яшчэ больш наблізіць вайну да межаў Еўразвяза. Асабліва калі гаворка ідзе пра абсалютна непрадказальнага і сумнеўнага палітыка, як Аляксандр Лукашэнка, які ў стане пайсці на самыя надзвычайныя і самыя жахлівыя крокі. У гэтым Захад сапраўды не зацікаўлены. Але нават калі Захад дасць рэкамендацыі не адказваць, то калі ў Кіеве палічаць неабходным адказаць, то адкажуць. Нават нядаўняя ўцечка дакументаў з Пентагона паказвае: Украіна прыслухоўваецца да Захаду, але робіць па-свойму. Усе ўяўленні пра марыянетачны характар кіеўскіх улад – гэта ўсё прапагандысцкія фантазіі з Мінска і Масквы.

– Некаторыя аналітыкі кажуць, што абвастрэнне паміж Кіевам і Мінскам адкрывае новыя перспектывы для дыялогу паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ўкраінскай уладай. Ці бачыце вы такія перспектывы?

– Я пакуль не бачу сур’ёзных перспектыў для паляпшэння адносінаў. Мы павінны паразважаць на тэму: чаму Кіеў супрацоўнічае ці не супрацоўнічае з беларускімі дэмакратычнымі сіламі? Калі мы сыходзім з таго, што Кіеў не ішоў на кантакт з Ціханоўскай толькі таму, каб дадаткова не правакаваць Лукашэнку, то тады акно магчымасцяў сапраўды адкрываецца. Я ўпэўнены, што і Ціханоўская, і яе атачэнне гэтовыя скарыстацца новымі абставінамі і выйсці на новы ўзровень стасункаў.

Але мне падаецца, у тым, што Кіеў адкрыта не супрацоўнічае з Ціханоўскай, усё-такі два чыннікі. Першае: дадаткова не справакаваць Лукашэнку, а па-другое, і гэтая акалічнасць мне падаецца больш важнай: а што Ціханоўская можа прапанаваць афіцыйнаму Кіеву? Уплыў яе на падзеі ў Беларусі мінімальны, вывесці людзей на вуліцы для пратэсту яна не можа. Ды і ніхто не зможа…. Полк Каліноўскага, партызанскі рух, рэйкавыя партызаны ў Беларусі хутчэй не звязаныя з Ціханоўскай. А версія Азарава пра тое, што Байпол мае дачыненне да пашкоджання расійскага самаллёта ў Мачулішчах, – вельмі цьмяная гісторыя, мы так і не ведаем, што там адбылося.

Што можа Ціханоўская прапанаваць Зяленскаму? У яе абмежаваныя магчымасці.

Сапраўды магчымыя нейкія сустрэчы – каб даць пстрычку Лукашэнку, але прарыву я не ўяўляю.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.