TOP

Беларускі ПЭН: ”Унутры крымінальнага пакарання дзейнічаюць дадатковыя рэпрэсіўныя метады, гэта жах!”

Амаль чатыры апошнія гады Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Што засведчыў маніторынг падзеяў за апошнія паўгады? Гутарым са старшынёй арганізацыі Таццянай НЯДБАЙ.

– ПЭН “збірае факты” – як гэта робіцца ва ўмовах, калі лёсы тысяч  людзей залежаць часам ад аднаго неасцярожнага слова, меркавання, погляда?..

– Безумоўна, для нас прынцыпова важная інфармацыйная бяспека тых, кім апякуемся. Таму прапускаем праз сваё “сіта” абагульненую інфармацыю з адкрытых крыніц – гэта 77 працэнтаў прааналізаваных фактаў, астатняе – праз асабістыя кантакты чальцоў каманды і непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры ў рамках праекта даследавання схаваных рэпрэсій.

Кульмінацыяй жаху, які творыцца ў месцах зняволення, сталася чорная стужка смерцяў…

– Апошнім часам гэтыя трагедыі настолькі пачасціліся, што ў мяне ствараецца горкае ўражанне – яны пакрысе перастаюць выклікаць шокавы стан ў грамадстве. І не з-за душэўнай чэрствасці. Але калі людзі бачаць смерць за смерцю, эмоцый перастае хапаць, не стае больш слёз. Але гэта фіксуецца ў памяці, асэнсоўваецца ў свядомасці, каб урэшце выбухнуць… Так магутна выбухнула у свой час незадаволенасць безадказнымі паводзінамі ўладаў падчас каранавіруса. На такія злачынствы проста немагчыма забыцца.

– Згадаем забітых за кратамі…

– 5 студзеня ў гродзенскай турме памёр мастак Руслан Карчаулі. Як заўжды ў такіх выпадках інфармацыі мізэр: “смерць наступіла пасля перанесенай пнеўманіі ў выніку нясвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі.”

6 траўня ў віцебскай калоніі сканаў культурны менеджар і блогер Мікалай Клімовіч. Сталы ўзрост, другаягрупа інваліднасці з-за кардыялагічнай хваробы. Аднак чалавека ў такім стане асудзілі ў апошні дзень зімы на год калоніі. І за што? За смайлік «смешна» на сатырычную выяву Лукашэнкі ў «Аднакласніках».Змог вытрымаць невыносныя, супрацьпаказаныя для сябе ўмовы ўсяго два месяцы…

1 чэрвеня памёр малады – усяго 37 год – паэт Дзмітрый Сарокін. Яго вершы застануцца, веру, што прагучаць, напрыклад, на “Ноч нерасстраляных паэтаў”. Але як ды што здарылася – зноў жа таямніца так званых “органаў”. Цяперашнія перанялі і шмат у чым яшчэ больш абясчэлавечылі досвед сваіх папярэднікаў са спрэс “сакрэтнага” 1937-га. Паэт загінуў “пры нявысветленых абставінах” у Лідскім РАУС…

11 ліпеня ў рэанімацыі перастала біцца сэрца палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. Тут з інфармацыяй пашчасціла больш. У прыватнасці таму, што гэта  чалавек-легенда, майстар перформансу, яго вельмі многія ведалі і цанілі за яркую індывідуальнасць, талент, адкрытую грамадзянскую пазіцыю… Ён таксама адбываў пакаранне ў гродзенскай турме. Трагічная смерць – вынік запушчанай прабадной язвы і нясвоечасовае аказанне неабходнай меддапамогі.

– Гэтыя надзвычайныя выпадкі, смяротныя трагедыі ў стане прыпыніць махавік рэпрэсій? Хаця б дзеля фармальнага разбору драматычнай сітуацыі? Каб хоць умоўна навесці парадак у пенітэнцыярнай сістэме, у працэдурах следства і судовых працэсаў?

– Лічбы сведчаць: НЕ.

На 1 ліпеня ў рамках крымінальнага пераследу ў калоніях, турмах, СІЗА, установах адкрытага тыпу або на «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш за 133 дзеячы культуры, 114 з якіх прызнаны палітычнымі зняволенымі (усяго ў Беларусі 1496 палітвязняў паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна»).

Раптам падумалася: як вашаму маніторынгу пад чатыры гады – немалы тэрмін, то ў ім, мабыць, хапае ўжо людзей, якія ўвесь гэты час за кратамі?

– Не менш за 15 чалавек знаходзяцца ў зняволенні ўжо больш за 1000 дзён .

Ёсць сэнс канкрэтызаваць, бо падобныя згадкі прымушаюць грамадства не забывацца пра вастрыню праблемы, глыбей асэнсоўваць яе.

– Менеджар культуры, відэаблогер і палітык Сяргей Ціханоўскі; пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец; мецэнат і палітык Віктар Бабарыка; менеджар культуры Эдуард Бабарыка; музыка і актывіст Сяргей Спарыш; танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў; аўтар турэмнай літаратуры, анархіст Аляксандр Францкевіч; музыка і менеджарка культурных праектаў, грамадская дзяячка Марыя Калеснікава; літаратар, бард і адвакат Максім Знак; аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын; UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў; архітэктар Арцём Такарчук; прамоўтар гісторыі, блогер Эдуард Пальчыс; дызайнер, архітэктар Расціслаў Стэфановіч.

Колькасць праведзеных у няволі дзён – толькі форма здзекаў над людзьмі. А змест?

– Дзеячы культуры, якія пераследуюцца паводле палітычных матываў, зазнаюць жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, яны ў стане пастаянных абмежаванняў, ціску, без сувязі з сям’ёй і адвакатамі. Часцяком сваякі месяцамі не маюць вестак. Так, з лютага мы нічога не чулі ад Максіма Знака, з сакавіка цалкам адсутнічае незалежная інфармацыя пра Сяргея Ціханоўскага, з красавіка перапынілася ліставанне з Марыяй Калеснікавай, дагэтуль няма нічога пра стан здароўя Віктара Бабарыкі, шпіталізаванага ў канцы красавіка ў вельмі цяжкім стане, як і няма ніякіх тлумачэнняў з боку пенітэнцыярнай сістэмы пра тое, што з ім насамрэч адбылося. У 2023 годзе рэжым перайшоў да практыкі жорсткай ізаляцыі палітычных вязняў, а гэта сітуацыя incomunicado – прыроўніваецца да катаванняў.

Людзі культуры ў няволі цярпяць ад дадатковага ціску на працягу ўсяго тэрміну свайго зняволення. Адзін з рэспандэнтаў у рамках даследавання схаваных рэпрэсій назваў гэта «турмой у турме»«…седзячы ў калоніі, яго (Уладзіміра Мацкевіча) пачынаюць забараняць: з ім нельга размаўляць навакольным, калі навакольныя з ім размаўляюць, то яны атрымліваюць ШІЗА… Яму забараняюць атрымліваць пасылкі, лісты. Гэта ўвогуле фантастыка – унутры крымінальнага пакарання дзейнічаюць рэпрэсіўныя метады яшчэ дадаткова, гэта жах».

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.