НА КВАТЭРЫ І КАЛЫСКІ ПАТРАБУЮЦЦА РАСПІСКІ
Старшыню АГП Анатоля Лябедзьку і ягоных сваякоў правярала падатковая інспекцыя. Палітыка аштрафавалі на 500 тысяч рублёў. Прычынай для штрафу стала тое, што Лябедзька для куплі аўтамабіля пазычыў грошы ў бацькі, але не аформіў гэта юрыдычна як пазыку і не ўказаў пра гэта ў дэкларацыі. Як камель-цяльпук, здаровы(Важыў ледзь не пяць кіло!)Нарадзіўся хлопчык Вова.Бацьку радасна было!
Цэлы тыдзень ён, шчаслівы,
Ліў у глотку самагон.
Ну а потым, што не дзіва,
Клопатаў займеў мільён.
Не было шчэ дома жонкі
(Прытрымаў яе раддом),
Ды ўжо ў краму па пялёнкі
Кінуўся мужык бягом.
Прадаўцы «зрабілі ласку» —
Хціва ўперлі мужыку
І калыску, і каляску
(Стала пуста ў кашальку…).
Багатырскі хлопчык Вова
Рос, як кажуць, на дражджах:
«Умінаў» паёк харчовы,
Нібы слонік, — проста жах!
Тут не радасць — гора ў хату,
Хоць ты крычма закрычы:
Бацька ледзь не ўсю зарплату
Пераводзіў на харчы.
А яшчэ ж патрэбны цацкі,
Каб забавіць хлапчаня.
Без турбот-клапот у бацькі
Не праходзіла ні дня.
Час ішоў, і ўжо да школы
Спакваля хлапчук дарос.
Бацька змрочны, невясёлы:
Грошай трэ — цялежка й воз!
Форма, ранец, кнігі, сшыткі…
Бацьку — як кашмарны сон:
На вучнёўскія «пажыткі»
Не адзін пайшоў мільён.
А затым, праз час кароткі,
Заявіў бацькам хлапчук:
— Мне купіць патрэбна, продкі,
Тэлефон і наатбук!
У вучэльні ўжо ўсе дзеці
Маюць гэткі «інструмент».
Набылі! Куды падзецца?
Разарыўся бацька ўшчэнт…
У мястэчку, на прыродзе
«Вымахаў да неба» сын.
Ён не Вова ўжо — Валодзя,
Пазірае на жанчын…
Ды не зменшылася ў бацькі
Ні турбот і ні пакут:
Ён, Валодзя, — хлопец хвацкі,
Паступіў у інстытут.
Да ў сталіцы інтэрната
Маладзёну не далі.
— Памагай мне зноўку, тата,
Даставай свае рублі…
Пяць гадоў плацілі «продкі»
За наёмнае жытло.
У радні збіралі сродкі,
Прадавалі, што было.
Галадаў юнак, бывала,
І ў няпросты час такі
Ад бацькоў цягаў ён сала,
Памідоры-агуркі.
Атрымаў дыплом Валодзя,
І сказаў бацькам хлапец:
— Пагуляў крыху — і годзе!
З дзеўкай рушыў пад вянец.
Бацька воз цягнуў не ў меру,
Ён нямоглы ўжо, стары…
Што рабіць пенсіянеру?
За крэдыт купіў кватэру,
Маладзёнам падарыў.
Бацька шчасця зычыў сыну.
Той хацеў аўто займець.
Даў стары і на машыну
Што бярог сабе на смерць.
Так бы й жыў Валодзя-Вова
У старога на гарбе,
Ды інспектар падатковы
Нейк паклікаў да сябе.
Той інспектар нехарошы
На яго разявіў рот:
— Дзе ты ўзяў, скажы мне, грошы
Для такіх сваіх даброт?
Утаіў ад нас ты, бачу,
Не рубель і не мільён…
І наогул: справаздачу
Мне падай з дзіцячых дзён.
Ад пялёнак і калыскі
Да машыны і жылля…
Дай мне бацькавы распіскі,
Што ўсё меў з яго «рубля»,
Што купляў твой бацька сшыткі
І даваў табе гуркі…
Аббяру інакш да ніткі,
Пакрамсаю на шматкі!
Хто ж даўмее (смех дый годзе!)
Браць «паперкі» ад радні?
І інспектар той Валодзю
Падкасіў на карані…
* * *
У Валодзі-небаракі
Падрастае ўласны сын.
Ён на выпадак усякі,
Перш чым джгаць у магазін,
Каб купіць дзіцяці цацку,
Нешта піша з гэтых пор.
Хлопца некалі знянацку
Не заспее «кантралёр»!
Каб не меў затым правіну,
Бацька хлопцу робіць «шчыт»:
Што дае-купляе сыну —
Афармляе як крэдыт.