TOP

АЛІМПІЙСКІ МЕДАЛЬ У КІШЭНІ АМАЛЬ…

Да беларускай каманды на Алімпіядзе ў Лондане даведзены план: заваяваць 25 медалёў. …Міжнародная федэрацыя пілоннага спорту рыхтуе заяўку ў МАК на ўключэнне гэтага віду ў праграму Алімпійскіх гульняў. Што такое пілонны спорт? Ды звычайны стрыптыз.А Беларусь пры гэтым ладзеНібы забыў-пакінуў Бог…Усё цяперка ў заняпадзе,Няма здабыткаў-перамог.

Ды, тым не менш, для ўлады нашай
Галоўны клопат сёння — спорт,
Каб перамогі поўнай чашай
Давалі стадыён ці корт.
У спорце, лічыць наша ўлада, —
Народа вызначальны лёс,
І для яе Алімпіяда —
Нібы жыцця апафеоз.
Таму даведзены атлетам
Дакладны план на медалі,
Каб мы перад астатнім светам
Не «папуасамі» былі.
Вядома, што не дасць нам плёну
Ну, скажам, нейкі скелетон:
Таго, прабачце, скелетону
Не знае наш народ здавён.
Затое рады мы «халяве»:
У алімпійскіх відаў спіс
Патрапіць можа неўзабаве
Пілонны спорт, інакш — стрыптыз.
Ды гэта ж шанец адмысловы
Займець яшчэ адзін медаль,
Бо гэты від для нас не новы,
Стрыптыз — народны спорт амаль.
Каб людзі не тачылі лясы,
Каб базіс мець для ўзнагарод,
«Даеш стрыптыз! Стрыптыз — у масы!» —
Быў лозунг кінуты ў народ.
І найпярод
Садкам і школам
Заняцца гэтым відам след.
«Як прыгажэй зрабіцца голым» —
Такі ў праграме ёсць прадмет.
Дзяўчынкі расцвілі, як кветкі,
І агаляюцца знарок.
А ўсе прышчатыя падлеткі
Бягуць-ляцяць на кожны ўрок.
Успрынялі стрыптыз з імпэтам
І ў інстытуцкае гурме,
Бо не сакрэт — зімой і летам
Там у дзяўчат адно наўме:
Як лепей выставіць каленцы,
Як выгадней акрэсліць бюст,
Каб мець паболей прэферэнцый,
Выкладчыка здаволіць густ…
І ўсё законна, без падвоху,
Ніякі гэта не намёк —
Так трэніруюцца патроху,
Да медалёў ідуць здалёк.
Ва ўсіх прыёмных сакратаркі —
Нібы на пляжах акурат.
І маладзёны, перастаркі
Сланечнікамі круцяць каркі,
На іх скіроўваюць пагляд.
Нахабна кожная путана,
Каб лепш усім было відно,
Зрывае ліфчык апантана,
Вышэй паказвае сцягно.
Да іх, путан, найбольшы нават
Спорткамітэта інтарэс:
Яны ў стрыптызе маюць навык,
Даўно асвоілі працэс.
А кожны конкурс прыгажосці
Абавязковы пункт займеў:
Хто прыгажэй пакажа «штосьці»,
Адзежу скіне неспадзеў.
Ну, словам, у краіне цэлай
Набыў размах той рух-стрыптыз.
І нават хлопцы захацелі
Дэманстраваць прыгожа целы,
Прычым не «верх», а болей «ніз»…
У спортчыноўніка ва ўладзе
Балець не будзе галава:
Мы мецьмем на Алімпіядзе
Яшчэ медаль, а то і два.
* * *
Я тайну тут зусім не выдам,
Бо ні для кога не сакрэт,
Што пашырае кола відаў
Той Алімпійскі камітэт.
І можа стацца, што законна
Ён выдавацьме медалі
І за шпурлянне тэлефона
(Ужо спаборніцтвы былі).
Я не здзіўлюся, калі з часам
На Гульнях з’явіцца яшчэ
Турнір па паяданні мяса —
Хто тры кіло «ўпіхне» хутчэй.
І ўлада да высновы прыйдзе
(Не сумняваюся, на жаль),
Што і ў такім «спартыўным відзе»
Павінны мы займець медаль.
Прыняць удзел у тым турніры,
Напэўна, будзе кожны рад.
На перамогу, скажам шчыра,
Ёсць у краіны шанцаў шмат.
У нас паесці кожны ласы…
Ды можам «праляцець» няўзнак:
Для трэніровак мала мяса,
Забыў народ ягоны смак…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.