TOP

ПРЭЧ З ВАЧЭЙ, КАЗНАЧЭЙ!

Прэзідэнт загадаў павялічыць зарплаты, прычым у другой палове гэтага года — двойчы. А старшыня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова адразу ж заявіла: «Наша задача — вытворцаў і кіраўнікоў, Нацыянальнага банка — усімі спосабамі, формамі і метадамі знайсці, як гэтыя грошы ў насельніцтва забраць». Жыў-быў на свеце добры цар.Ён царствам правіў год каторы,І ўвесь народ як Божы дарЯго ўспрымаў — не ведаў гора.

Былі, вядома, бунтары,
Паказвалі, як кажуць, рогі,
Ды бунтавалі да пары —
Цар пасадзіў іх у астрогі.
І тое царства як узор
Было б для ўсіх краін на свеце.
Але нахлынуў раптам мор —
Нагнаў заразы нейкай вецер.
Забедаваў тамтэйшы люд,
Бо зажылося невясёла:
Мор ахапіў усё, як спрут —
Расліны чахлі і жывёла.
Спазналі ўсе тады бяду —
І заскарузлы бомж, і волат.
Люд перайшоў на хлеб-ваду,
Бо наступіў у царстве голад.
І пры такой бядзе
Людзей
Скруціў адчай, заелі вошы:
Нічога не купіць нідзе
За абясцэненыя грошы.
Здавалася, цару — капут,
На трон свой
Болей ён не сядзе,
Бо згаладалы, злосны люд
Кіроўцу скіне, як хамут,
Пры новай будзе жыць уладзе.
Ды, мовіць так, сухім з вады
Там выйшаў цар у час суровы.
Ён палымяна, як заўжды,
Правёў з народам перамовы:
— Табе, народ,
Купюр-банкнот
Я намалюю мех і торбу.
Ты мецьмеш ежы поўны рот,
Навек забудзеш пра няўрод,
Не згадвацьмеш, што колісь мор быў.
«Намаляваў» ён сапраўды!
Народу радавацца ўпору,
Ды недалёка да бяды,
Бо час прыйсці другому мору…
Сказаў галоўны казначэй:
— Нам грошы трэ забраць адразу,
«Зажучыць» як мага хутчэй —
Якраз яны нясуць заразу.
Ёсць спосаб для таго адзін,
І ён надзейны і нязменны:
Хай люд шыбуе ў магазін,
І там яго кусаюць цэны.
Крыху «адкусіць» каўбаса
І «адскубе» смятана трохі…
І змусіцца народ наш сам
Заначку выцягнуць з панчохі.
Штось камунгас наш «адшчыпне»,
Затым і транспарт штось «адколе»…
Глядзіш, і грошы ўжо ў казне,
А не ў народа, як і колісь.
Прайшоў зусім кароткі час.
Народу цар мазгі запудрыў,
А потым стала ўсё якраз,
Як казначэй задумаў мудры.
І паступова, спакваля
Зноў напаткала царства гора,
Хоць і не чэзне ўжо зямля,
І ўжо няма, здаецца, мору.
Зноў атрымаўшы той жа ўдар,
Казалі людзі ўсе і ўсюды:
— Які ў нас слаўны, добры цар!
А казначэй яго — паскуда!
* * *
Не сплю я, людцы, пяць начэй —
Пытанне, нібы стрэмка, ные:
Чаму на волі казначэй,
І цар не дасць яму па шыі?..

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.