TOP

ЧАМУ КУЗЬМУ ЎПЯКЛІ Ў ТУРМУ

Беларусь да 1 красавіка 2013 года павінна выплаціць знешнім крэдыторам 19,5 мільярда долараў. Як за пазухай у Бога Жыў (так сам лічыў) Кузьма.Радасці ў жыцці нямнога,Але й клопатаў няма.

Колісь ён сышоў ад жонкі,
Што з суседняга сяла,
Бо абрыдлі, бач, пялёнкі
І да дзевак жарсць была.
Жонцы, дзеткам родным часам
Ён падкідваў нейкі грош.
Ім на хлеб хапала з квасам
Тых «капеек» — і не больш.
Галадалі, словам, дзеткі,
Бо Кузьма, хоць малады,
На калгасныя палеткі
«Ліў свой пот» гады ў рады.
Жыў ён у бацькоўскай хаце
(Продкі адышлі ў нябыт).
Там, дзе грады мела маці,
Чарназём, нібы граніт.
Дзе былі барозны-скібы,
Быльнягом зарос гарод,
Спарахнеў вакол сядзібы,
Пахіліўся дзедаў плот.
Гаспадарка заняпала,
А Кузьма не дзьмуў і ў вус:
То ў радні прыдбае сала,
То ў суседзяў — хлеба кус.
Грошай жа яму не трэба
На гарэлку ці віно,
Бо чамусь, засведчыць неба,
Кінуў піць Кузьма даўно.
Як бугай, Кузьма здаровы.
Ён скіроўваў свой імпэт,
Траціў свой запал самцовы
На дзявок і на кабет.
Ён не бомж, не апушчонік…
Млела тых кабет гурма.
— Я куплю сабе гармонік! —
Неяк вырашыў Кузьма. —
Буду ў вёсцы першы хлопец,
Як мяхі я разгарну.
Дзевак мне да смерці хопіць,
Слёзы ліцьмуць на труну…
«Дзе ж узяць на гэта сродкі?» —
Думкі мучылі Кузьму.
Папрасіў у роднай цёткі,
Каб пазычыла яму.
Потым і старыя дзевы,
І кабеціны ў саку
Пад мелодыі-напевы
Аддаваліся ў кутку…
Люд казаў Кузьме як бацьку:
— Пустадомак ты! Цурбан!
Лепш купіў бы дзецям цацку,
А не для пацех баян!
Потым «бзік» займеў ён новы:
— Каб заўчасна не памёр,
Я здаровы лад жыццёвы
Буду весці з гэтых пор!
Спортам буду цешыць цела,
Мне ўспадоб футбол, хакей!
Грошай «на такое дзела»
Даў у доўг сусед Карпей.
Мяч купіў Кузьма і кеды,
Гойсаў ён, як жарабец
(Ад удараў плоту дзеда
І зусім гамон-капец).
Быў і тэніс у праграме…
А калі прыйшла зіма,
Клюшку ён купіў у краме,
І канькі прыдбаў Кузьма.
Чарадой ішоў у хату
І казаў яму народ:
— Лепш бы ты купіў лапату
І ўскапаў сабе гарод.
Ці касу прыдбаў бы дзесьці,
Пазбіваў быллё ў двары.
Мог бы і карысць прынесці,
І на целе мець бугры.
У мазгах Кузьмы-аблуды
І чарговы «бзік» узнік:
— Пабываць хачу я ўсюды
І прыдбаю легкавік!
Легіён дзявочы цэлы
Пакатацца запрашу!
Спортам я здаволіў цела,
Дык спатолю і душу…
Легкавік жа — не шкарпэткі,
Ды і клюшцы не раўня…
Не пазычаць грошай гэткіх
Ні суседзі, ні радня.
Для Кузьмы няма ў тым гора,
Не схмурнеў ягоны від:
Раніцой падаўся ў горад,
Там у банку ўзяў крэдыт.
На заюзганай «таёце»
Гойсаў ён заўжды «за сто»,
Аж пакуль у шула ў плоце
Не ўвагнаў сваё аўто.
Не дзівіліся багата
Людзі гэтага наконт…
— Лепей бы бацькоўскай хаты
За крэдыт зрабіў рамонт, —
Гаварылі дабрадзеі
Бесталковаму Кузьме. —
Ты прапашчы без надзеі —
Маеш іншае наўме…
Потым час прыйшоў найгоршы,
Бо даўгі вяртаць жа след:
Патрабуе цётка грошы,
І за грудзі ўзяў сусед.
Следам банк Кузьме па шыі,
Мовіць так, нанёс удар:
Пінкертоны «справу шыюць» —
Не вярнуў крэдыт махляр.
За даўгі прыйшла расплата,
Цяжкі лёс чакаў Кузьму:
З аўкцыёна пойдзе хата,
А Кузьму ўпяклі ў турму.
* * *
Каб затым не лезці ў пельку,
Варт даўмець, сагнаўшы хмель:
Сёння возьмеш ты капейку —
Заўтра аддасі рубель…