TOP

ДА ПАСЁЛКА І СЯЛА АДУКАЦЫЯ ПРЫЙШЛА

Прэзідэнт адзначыў, што многія выкладчыкі інстытутаў «адсталі і плятуцца ў хвасце падзей», тады як сельская гаспадарка «пайшла далёка наперад». Плануецца, што два з чатырох гадоў навучання студэнты будуць праводзіць у полі ці на ферме. Мікіта, брыгадзір вясковы,Справодзіў сына ў інстытут.Дзяцюк пайсці на ўсё гатовы,Каб быў з дыпломам «баламут».

Цвяроза разважаў Мікіта:
«Я вечна корпаўся ў г…не.
Дык хай жа лёс несамавіты
Рыгорку любага міне».
Было, прынамсі, шанцаў мала
Патрапіць сыну «на бюджэт»:
Рыгору ведаў не ставала,
Бо не ўвіхаўся ён як след.
Ды не шкада нічога тату,
Любы аплаціць каштарыс,
Ахвяраваўшы ўсю зарплату,
Каб сын Рыгор навуку грыз.
Хоць бацьку і было вядома:
Сын не хапацьме з неба зор.
Вучыцца стаў на агранома
У інстытуце тым Рыгор.
…Глядзеў на сына бацька люта,
Бо два гады ўсяго прайшло,
А ён чамусьці з інстытута
Вярнуўся ў роднае сяло.
— Ты ж у мяне не сын, а гора!
Бязмозглы! Галавы няма! —
Крычаў Мікіта на Рыгора. —
Плаціў, выходзіць, я дарма!
Абоўдзіла! Прыдуркаваты! —
На сына бацька танкам пёр.
— Скажы, чаго ты ўз’еўся, тата? —
Перапыніў яго Рыгор. —
Навука добра мне далася,
Я над падручнікамі чах.
Цяпер жа ў родненькім калгасе
Вучоба будзе мець працяг.
Размах
Маім тут будзе ведам…
Мікіта ж зноў не адстае:
— Дык што, сюды прыедуць следам
Усе прафесары твае?
— Іх досвед састарэў, не новы,
А гэта значыць, што пусты…
Яны заклалі мне асновы,
Цяпер давучваць будзеш ты.
Мікіта аж вушам не верыў,
Хацеў спагнаць на сыне злосць,
Затым, разгледзеўшы паперы,
Пераканаўся: так і ёсць!
Выходзіла, што да дыплома
(Ды гэта ж проста смех адзін!)
Вучыць хлапца на агранома
Ён абавязан, брыгадзір.
Такога не было ніколі!
Аднак жа з гэтае пары
Цягаў з сабой Рыгора ў поле
Ён ад зары і да зары.
Паказваў, дзе пасеяць жыта,
Дзе лепш падымецца авёс…
З нагоды гэткае Мікіта
Аж у сваіх вачах падрос.
Хоць думка грызла, як ваўчыца:
«Свайму Рыгору-смаркачу
Дапамагаю я вучыцца.
Дык а за што ж тады плачу?..»
Прынамсі, не адзін Мікіта
«Сушыў» Рыгоравы мазгі.
Яму выкладчыкам нібыта
Там быў хто-кольвеч і другі.
Бы ў інстытуце, як належна,
Шырокі профіль трэба мець.
Асвойваў навык ён сумежны,
Хоць і даваўся той ледзь-ледзь.
Механізатар дзядзька Коля
Таксама ўрок даваў: пакуль
Не стане трактар «на прыколе»,
Ён сесці дазваляў за руль.
Калі псаваўся трактар нават
(Бо ён жа быў дабіты ў хлам),
Рыгор асвойваў іншы навык —
З Міколай бралі па сто грам.
Калі вясковец ты, для клёку
Усё спатрэбіцца ў жыцці.
Нат варта знаць, з якога боку
Льга да каровы падысці.
Таму не дзіва, што, бывала,
Як тэрмін дойкі настае,
Давала
І даярка Ала
Урокі плённыя свае.
Даярка — дзеўка-маладзіца.
І да яе з нядаўніх пор,
З якога боку падступіцца,
Няўзнак даведаўся Рыгор.
Хадзіў вучыцца ён к даярцы
І вечарам — не толькі днём…
Праз два гады
У гаспадарцы
З’явіўся новы аграном.
З такое радасці Мікіта
Наладзіць вырашыў банкет.
За стол, смакоццямі накрыты,
Засеў увесь «вучоны свет».
Не выпускала
Там бакала
Даярка Ала
З грубых рук:
— А я выкладчыцаю стала,
Лічы, што кандыдат навук!
Механізатар дзядзька Коля,
Калі наклюкаўся ўжо ўшчэнт,
Плявузгаў для ўсяго застолля:
— А я цяперака дацэнт!
Дый бацька, брыгадзір Мікіта,
Бакал свой поўніў цераз край
І ўсім даказваў:
— Я — эліта!
Цяпер прафесар я, бадай!
І ўсе прыйшлі да згоды: з часам
Той храм навукі будзе тут,
А рэктар — старшыня калгаса,
Ён узначаліць інстытут.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.