TOP

…І КОЖНЫ БЫСТРЫ ПАЙСЦІ Ў МІНІСТРЫ

Наведаўшы ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», кіраўнік дзяржавы прызначыў ягонага гендырэктара Леаніда Зайца міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. Цікава, што раней гендырэктар гэтага таварыства Сямён Шапіра таксама стаў міністрам Мінсельгасхарчу. Быў старшыня калгаса дбайны,У ступе ён не тоўк ваду.Саджалкі, трактары, камбайныЗаўжды, як кажуць, на хаду.

У гаспадарцы год каторы
(Ці спёка, ці мароз які)
Раслі, як дыні, памідоры
І, як вужакі, агуркі.
Давалі спраўныя каровы
Дзесяцітысячны надой
(Наедак быў у іх здаровы,
Іх не кармілі лебядой).
У полі жыта і пшаніца
Схілялі долу каласы…
Было чым, словам, пахваліцца,
Калгас — магнат на ўсе часы.
Гасцей заўжды было нямала,
Прывозілі і з-за мяжы
(Хоць тыя госці — як навала,
Аж надакучвалі, бывала:
І пакажы, і раскажы).
Сягалі ўдалеч промні славы!
Таму не ўздзіў зусім якраз,
Што нават кіраўнік дзяржавы
Звярнуў увагу на калгас.
Было яго рашэнне быстрым
І без залішняй мітусні:
— Ва ўрадзе будзеш ты міністрам! —
Сказаў ён неяк старшыні.
Стаў старшыня вялікім чынам,
Прыйшоўся Бацьку па нутру,
А гэта важкая прычына,
Каб і далей ісці ўгару.
Тым часам у калгас багаты
Прыйшоў наступны старшыня.
Рупліва працаваў, заўзята,
Ён — папярэдніку раўня.
Калгас не страціў сілы-моцы —
Надоі тыя ж і ўраджай.
І хвалі радасных эмоцый,
Так мовіць, білі цераз край.
І калі зноўку
У Саўміне
На кадры дэфіцыт узнік,
Іх не шукаў па ўсёй краіне
Дзяржавы нашай кіраўнік.
Рашэнне хуткае, як выстрал,
Пачуў і новы старшыня:
— Да працы ў якасці міністра
Прыступіш з заўтрашняга дня!
І вось міністр з’явіўся новы…
Якраз у гэты самы час
Прыйшлі ў народзе да высновы,
Што кузняй кадраў стаў калгас.
Маўляў, растуць на гэтай глебе
Не памідоры-агуркі,
А вырастаюць пры патрэбе
Чыны-міністры і чынкі.
У тую казку-небыліцу
Паверыў і мясцовы люд:
Наменклатуру
У сталіцу
Рыхтуе ўлада, пэўна, тут.
І кожны пры такой выяве
Мазгі надзеяй загрузіў,
Што ён таксама неўзабаве
З гразі патрапіць у князі.
Калгасны ідэолаг Грыша
Сур’ёзны вельмі меў намер,
Лічыў: яго чакае ніша
Ва ўладзе доблесным цяпер.
Усё адбудзецца, бы ў цудзе,
Не выслізне сініца з рук:
Кантраляваць ён заўтра будзе
Увесь рэспубліканскі друк.
Бібліятэкарка Тамара
Таксама цешыла сябе,
Што збудзецца, нарэшце, мара —
Пасаду хлебную зграбе.
Не пасмяюцца з дзеўкі куры
І паважацьмуць на сяле,
Калі мастацтва і культуры
Ва ўрадзе стане на чале.
Напалеонаўскія планы
Меў і начальнік мехдвара.
Хіба ж ён хібны ці заганны?
Міністрам стаць даўно пара!
Дык прэзідэнт даўмець павінны
(І зразумее ён, дальбог),
Што транспартам усёй краіны
Начальнік кіраваць бы мог.
Яшчэ пасаду меў на мэце
Мясцовы фельчар-акушэр.
Хоць і ў гадах ужо, ды меціў
Наменклатурай стаць цяпер.
Да хворых ставіўся не чэрства —
Пра гэта знае ўсё сяло.
Чаму б яму і міністэрства
Не ўзяць, як кажуць, пад крыло?
Арганізатар фізкультуры
Ёсць у калгасе, не сакрэт.
Фізрук ніколі не халтурыў
І марыў пра Спорткамітэт.
І верыў ён, што ў крэсла сядзе —
Падставы важкімі былі:
На лонданскай Алімпіядзе
Быў неўраджай на медалі.
І ўвогуле калгаснік кожны,
Хто шчыра «ўкалваў» на арцель,
Надзеяй цешыўся, што можна
Займець хоць нейкі, ды партфель.
Падумваў нават дзедка Моця
Пасады хлебнае наконт.
Гарэць гатовы на рабоце,
Калі дадуць Пенсійны фонд.
Чакае дружна люд вясковы —
І маладзёны, і дзяды, —
Калі прыедзе ў раз чарговы
Галоўны кіраўнік сюды.
* * *
Пакуль жа
У здагадках грузне
Уся народная гурма:
Ці сапраўды там кадраў кузня,
Ці проста выбару няма?