ЗГНІЛІ КАЛАСЫ, ДЫ ЁСЦЬ ГАЛАСЫ
Напярэдадні выбараў палітолаг Валерый Карбалевіч выказаў такую думку: «Барацьба за высокую яўку ва ўмовах заклікаў апазіцыі стане галоўнай задачай усёй выканаўчай вертыкалі. Менавіта па гэтаму паказчыку, а не па ўзроўні ўраджайнасці будуць ацэньваць эфектыўнасць дзейнасці мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў». Лявона, старшыню калгаса,Пазвалі неяк « у раён».Там не пра збожжа, не пра мясаПачуў загад суровы ён:— На носе выбары. Задача: На ўчастках яўку забяспеч.
Каб сто працэнтаў — не іначай!
Ці галава, як кажуць, з плеч…
Лявон, вярнуўшыся дадому,
Сабраў на сход увесь калгас.
Там і малому, і старому
Даў, у сваю чаргу, наказ:
— Усім нам дэпутата скора
Належыць выбраць, і таму
Калі не прыйдзе з вас каторы
Або памрэ, крый бог, не ў пору —
З магілы нават падыму!
Электарат найбольш надзейны
(А ён, вядома ж, на сяле)
На выбары ў дзянёк нядзельны
Пайшоў з Лявонам на чале.
Хоць для яго, электарата,
Было галоўным, не сакрэт:
Пітва асартымент багаты
Завезлі ранкам у буфет.
Агітаваў Лявон заўзята,
Як і ў мінулыя часы,
Каб аддалі за кандыдата
Таго, што трэба, галасы.
Хто на віно, а хто на піва
Налеглі потым мужыкі.
І таннай закусі хапіла.
Ну што паробіш — дзень такі.
Напрыканцы, пад вечар недзе,
Лявон акінуў вокам спіс
І ад таго, што там угледзеў,
Непрыхавана тварам скіс:
Тры (во аблуды!) чалавекі
Ігнаравалі «чараду».
Прычым не нейкія калекі —
Усе, як кажуць, на хаду.
Іх старшыня аблаяў бурна,
Паабураўся ён, але
Затым з камісіяй і з урнай
Пайшоў таропка па сяле.
Сівагаловы дзедка Моця
Туляўся, корпаўся ў двары —
Хацеў залатаць дзірку ў плоце.
— Ты што тут робіш, пень стары?
Чаму на выбарах, гарбаты,
Цябе сягоння не было?
Вунь паглядзі: за кандыдата
Галасавала ўсё сяло.
А Моця з крыўдай кінуў словы:
— Хваробу, а не голас мой!
Ці ж ты прывёз мне з лесу дровы,
Як я ў цябе прасіў зімой?
Старога старшыня ўлагодзіў:
— Прагаласуеш, дык табе
Бярэзніку я ў гэтым годзе
Прывалаку хоць на гарбе.
— Не нажыві пры гэтым грыжы… —
З ухмылкай мовіў Моця-«пень»,
Але дзе след паставіў крыжык,
І ў скрыню кінуў бюлетэнь.
Камісія апойку Хведзі
Падняцца з ложка памагла.
Ён мутным позіркам агледзеў
Усіх з цяжкога пахмяла,
І ад яго пачулі госці:
— Нікому голас не аддам,
Калі вось зараз жа мне хтосьці
Гарэлкі не налье сто грам.
А дзе ж узяць ім тыя грамы,
Каб голас атрымаць хлапца?
Прыйшлося ў рэшце рэшт да крамы
Камісіі паслаць ганца.
А вось старая баба Маня
Падрыхтавала ім сюрпрыз.
Яна… памерла з самай рані.
Але ж унесеная ў спіс!
І хто там разбірацца стане,
Ці ўдзень сканала, ці ўначы.
Выходзіць, трэба бабе Мані
Аддаць свой голас памагчы.
І старшыня сваёй рукою
За Маню ўкінуў бюлетэнь.
— Лічыцьмем лепей мы такое:
На выбары схадзіла ўдзень,
Затым вярнулася дахаты
І ціха ўлеглася ў труне…
І ні «раён», ні кандыдаты —
Ніхто мяне не папракне.
Свайму начальніку з райцэнтра
Рапартаваў затым Лявон:
— Прыйшло на ўчастак
сто працэнтаў —
І дзед стары, і маладзён!
Мінуўся час адказны самы.
Падводзіць вынікі раён.
За выбары ад выканкама
Падзяку атрымаў Лявон.
А што згнілі пшаніцы тоны,
Сатлеў, пайшоў на подсціл лён,
Ніхто не папракнуў Лявона,
Не атрымаў па карку ён…