TOP

ТАКАЯ БЫЛЬ: І ГНІЛЬ, І ЦВІЛЬ

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі паведаміў, што прыкладна 40 працэнтаў гародніны, якая вырошчваецца ў Беларусі, губляецца пры захоўванні і перапрацоўцы. Пачаць патрэбна, мусіць, так:Спярша была яна, расада.Калі вясна прыйшла няўзнак,Хтось пасадзіў яе на грады.

І паступова, спакваля
Ад цёплых сонечных усмешак
(Жывіла сокамі й зямля)
Заззяла кветка, а пасля —
І Памідорчык, як арэшак.
Ён рос нібыта на дражджах,
Тлусцеў і чырванеў пры гэтым,
Цікаўна зыркаў па баках
І любаваўся белым светам.
Вунь Яблычак над ім павіс,
Прыкрыўся коўдраю-лісточкам,
Глядзіць, гарэза, зверху ўніз,
Падміргвае адзіным вочкам.
Яшчэ і Бульбінка з зямлі
Шле Памідорчыку флюіды…
Шчаслівымі дзянькі былі,
Цвілі, буялі краявіды!
Раслі бясклопатна сябры
На агародзе каля дома
І шчабяталі да зары
На мове, толькі ім вядомай.
Гадалі весела яны:
А што там робіцца за плотам?
Іх думкі цешылі адны:
Шчаслівы лёс чакае потым!
Мінуўся час…
І Памідор
Пузатым, як буржуй-куркуль быў,
І Яблык ліст сабой падпёр,
І ўжо не Бульбінка, а Бульба.
Затым яны гаспадара
Давольныя пачулі словы:
— Што ж, ураджай збіраць пара,
Ён будзе, мовіць так, пудовы!
Надзеі ў сябрукоў былі,
Што гаспадар іх разам кіне.
Ды хтось ляжыць у кашалі,
А для кагосьці месца ў скрыні.
І боль іх душыць незямны,
Туга зярняткі-сэрцы коле,
Бо болей,
Думалі яны,
Ужо не ўбачацца ніколі…
Руплівы фермер-гаспадар
Рашыў прадаць іх неўзабаве.
І ён не рушыў на базар,
А оптам адгрузіў дзяржаве.
І апынуўся Памідор
У нейкім сховішчы ці складзе.
Скуголіць садавінны хор,
Кляне гародніна бязладдзе.
Дзіравы працякае дах,
Са шчылін злосна вецер свішча…
(Чым тут ляжаць, спазнаўшы жах,
Дык лепш у дзеда на гарышчы.)
Агледзеў Памідор абшар,
І знік адразу сум пякучы:
Вунь Яблыка знаёмы шар,
І Бульбіна ляжыць у кучы.
Адчуў тамат душы палёт,
Бо зноўку будуць разам, побач!
Хоць тут не родны агарод,
І не ранейшым будзе побыт.
Ды неўпрыкмет прыйшла зіма.
Даймае Памідора холад.
Здароўя ўжо амаль няма,
Хоць быў калісьці ён, як волат.
Зусім бязрадасная быль,
Жыццё — нібыта ў пекле д’ябла…
І Бульбіну пабрала гніль,
I сетка-цвіль пакрыла Яблык.
На лёс выказвалі дакор —
Канец чакаў іх невясёлы…
I ў рэшце рэшт пайшлі на корм
Не для людзей, а для жывёлы.
Хоць куча ўжо была адной,
Ды «шчасцю» гэтаму не рады…
Жывёла з іх зрабіла гной,
Які вясной
Чакалі грады.
Калі ж няўсцяж ажыў абшар,
А сцюжы засталіся ззаду,
Прыйшоў на грады гаспадар
I пасадзіў ізноў расаду…
* * *
Заняты справаю пустой
I сёння мы, і будзем потым:
Расада — памідорчык — гной.
Жыццё ідзе кругазваротам.