TOP

НЕ КУПІЦЬ ДЗЕД ВЕЛАСІПЕД…

У Беларусі нарыхтавана 180 тысяч тон яблык. 75 працэнтаў з іх — для вінаробчых заводаў! У вёсцы дзед даваўся дзіву,Калі глядзеў на ўласны сад:Ад яблык — «белага наліву» —Ягоны цешыўся пагляд.

Ад грузу ломяцца галіны,
Хоць іх плячыма падапры…
Ніколі столькі садавіны
Не бачыў на вяку стары!
І неяк, будучы ў гуморы,
Паабяцаў унуку дзед:
— Здам ураджай нарыхтканторы —
Куплю табе веласіпед.
З райцэнтра прыбыла машына,
Каб не цягаў мяхі народ,
І неўзабаве садавіна
Паехала… на вінзавод.
Аднак жа потым некаторы
У дзеда «форс-мажор» узнік,
Бо не спяшалася кантора
За яблыкі зрабіць разлік.
Тым часам вінзавод мясцовы
З тых яблык нарабіў пітва,
З якога, бы цурбан яловы,
Гудзіць назаўтра галава.
У краму свежае «чарніла»
Прывезлі акурат тады,
Калі кантора заплаціла
Старому грошы за плады.
І дзед ад радасці да крамы
Трывала пратаптаў сляды…
(У вёсцы сёння — во дзе драма! —
П’юць і стары, і малады.)
Штодня дрыжэла ў дзеда цела…
Выходзіць, каб «нажрацца ў хлам»,
Вырошчваў сам «наліў» той «белы»
І «выпіў-з’еў» таксама сам.
А ўрэшце што ў сухой астачы?
Пусты, як кажуць, з яблык гук:
І грошай дзед, лічы, не ўбачыў,
І без веласіпеда ўнук.
Ды лепей бы націснуў соку
Для ўнука,
А не меў рублі…
* * *
Навошта нізка і высока
У садзе яблыкі раслі?..

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.