TOP

ПАБОКУ ЗАКОНЫ, ЗАВУЦЬ СТАДЫЁНЫ!

Спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка на апошнім пасяджэнні, падводзячы вынікі працы, пахваліўся поспехамі дэпутатаў на спаборніцтвах, дзе ў спорце супернічалі парламенты некалькіх краін. Напрыклад, беларуская каманда заняла трэцяе месца ў бадмінтоне і настольным тэнісе і другое — у футболе. «Усяго вам найлепшага на спартыўнай арэне!» — напрыканцы пажадаў спікер дэпутатам. Не трэба магам быць заўзятым,Каб ведаць (тут я не маню!),Хто зноўку стане дэпутатам,Хто абярэцца ўпершыню,

Бо напярод наканавана
І прадугледжана ў «вярхах»,
Каму належыць быць «абраным»,
Каго чакае поўны крах.
У кабінеце (нават зале),
Дзе ёсць дзяржаўны герб і сцяг,
Ад ранку галасы гучалі —
Нарада набыла размах.
Належыла чынам вяльможным
Зацвердзіць дэпутацкі спіс,
Прайсці па кандыдаце кожным
У гэтым спісе — зверху ўніз.
Прычым пастаўлена задача:
Павінны атрымаць мандат
Найперш «спартсмены» — не іначай!
Другіх не бралі на разгляд.
У той задачы ёсць адгадка:
Такі бязлітасны адбор,
Бо дэпутаты —
Во дзе хватка! —
Усе «спартсмены» з блізкіх пор.
І гэта важкая прычына!
Заўжды ў спартыўнай барацьбе
Парламент наш глядзеўся чынна,
Няблага паказаў сябе.
Ні малдаване, ні грузіны
Не маюць столькі перамог.
Яны, каб рос прэстыж краіны,
Не бераглі ні рук, ні ног.
Не варта парушаць традыцый,
Здаваць пазіцыі не след.
Дык хай жа ў крэсла той садзіцца,
Хто выглядае як атлет.
Футбол хвалюе ўсіх найболей.
Павёў галоўны самы рэй:
— Былі другімі мы ў футболе…
Цяпер падняцца трэ вышэй!
— Баюся, што не хопіць сілы… —
Хтось голас свой падаў з кутка. —
Гуляе ў зборнае Расіі
«Пенсіянер» са «Спартака».
— Не лыкам шыты мы таксама, —
Адразу ж паступіў загад. —
З БАТЭ ці з мінскага «Дынама»
Хай абярэцца дэпутат!
Узнёсласць наплыла на твары —
Хакей, вядома ж, на чарзе!
Павінна ўсіх каманда-мара
«Абставіць на адной назе».
— Каго з «Дынама» ў дэпутаты? —
Пытаецца галоўны чын. —
— Ды там жа выбар небагаты:
Куды ні плюнь — ці чэх, ці фін.
— Стаў дэпутатам Мезін хай бы,
Бо ён, лічы, пенсіянер.
У нашыя вароты шайбы
Не будуць залятаць цяпер.
Апроч хакея і футбола,
Дзе ёсць майстры — і не адзін,
Акрэслілі, так мовіць, кола
Спартыўных іншых дысцыплін.
Каго ўключылі ў спісак гэты?
Рашылі злагадна яны:
Спатрэбяцца цяжкаатлеты,
Барцы, баксёры, бегуны.
Яшчэ быў кліч, што ў дэпутаты
Абраць дзявок-гімнастак след,
Бо могуць быць чэмпіянаты
Сярод парламенцкіх кабет.
Калі адбор застаўся ззаду,
Заапладыравалі аж:
— Ну хоць ты на Алімпіяду
Вязі цяпер парламент наш!
Ды зноўку ўспыхнулі дэбаты,
Бо ўчуў рэмарку правадыр:
— Прыдумаць могуць дэпутаты
І іншы конкурс ці турнір.
Сумесны, скажам, конкурс песні…
Збярэцца недзе талака,
А ў нас не будзе — хоць ты трэсні! —
Для перамогі спевака.
А пасля конкурсу па шклянцы
Кульне той «дэпутацкі хор»,
Пацягне ўсіх на танцы-шманцы…
А хто ў парламенце танцор?
— Яшчэ ж уздумаюць правесці.
Гульню накшталт «Што? Дзе? Калі?» —
Пачуўся голас збоку дзесьці. —
Каб не дурнымі мы былі…
Патрэбна інтэлектуалаў
Дадаць у дэпутацкі спіс…
І спіс пакрэмзалі нямала —
Ён новы атрымаў абрыс.
Там і спартсмены, і танцоры,
І музыканты-спевакі…
Цяпер, як кажуць, зверне горы
Парламент выбітны такі!
І тут усклікнуў хтось рэзонна,
Пытанне ставячы рабром:
— А хто ж стварацьме там законы,
Калі вось гэтых абяром?
Але сумніўца-панікёра
Адразу паднялі на смех:
— Ты нібы ў Беларусь учора
З планеты іншае прыбег.
Калі ў нас дэпутаты самі
Тварылі штось, як ты сказаў?
Законы-ўказы мы пісалі,
Яны ж галасавалі «за».
Каб рукі працягнуць да кнопак
Ці крэмзнуць нешта ў пратакол,
Не трэба ім вялікіх клёпак…
Няхай гуляюць у футбол!
Хай ездзяць да калег у госці,
Спяваюць, скачуць пад хмяльком…
Глядзіш, з парламента кагосьці
На «Еўрабачанне» пашлём…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.