TOP

І ШТО ДЛЯ НАС ПРЭМ’ЕР ПРЫДУМАЕ ЦЯПЕР?

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паабяцаў, што наступны год стане годам эксперыментаў.Спакон вякоў і год за годамНа нашай родненькай зямліЭксперыменты над народамУсе правіцелі вялі.

Не мелі да людзей патолі
Князі, цары, бальшавікі.
Стагнаў народ: такая доля,
Несправядлівы лёс такі…
Цяпер жыццё здавацца раем
Павінна, бо няма цара,
Мы самі ўладу выбіраем
(А можа, выбар — мішура?..),
Ды не сышлі эксперыменты.
Даведаліся мы няўзнак:
Яны, прэм’еры-прэзідэнты,
Таксама любяць «так і сяк».
Каб не было для ўсіх сакрэтам,
Нам аб’явілі напярод:
За цывілізаваным светам
Не пойдзе мудры наш народ.
У нас уласная дарога…
І каб па ёй пракрочыць нам,
Яды-пітва не трэба многа —
Нам «шкваркі» хопіць і ста грам.
Улада лозунг падарыла
Для багацея і бамжа:
«З’яднаць сацыялізм і рынак!»
Нібыта вожыка й вужа…
Дык ці шчасліва ў нашых хатах?
Куды эксперымент вядзе?
Ёсць процьма бедных.
А багатых
Лічы на пальцах — дзе-нідзе…
Здавалася, што больш не будзем
Нікуды збочваць…
Дый цяпер
Эксперыменты нашым людзям
Прадрок-паабяцаў прэм’ер.
Яно, прынамсі, і няблага
(Прэм’ера я не папракну),
Калі ўзнікае часам прага
Ва ўсё прыўнесці навізну.
Аднак жа знаюць нават дзеці:
Каб не агортваў потым жах,
Эксперыменты ў цэлым свеце
Спярша праводзяць на мышах…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.