«КАПЕЙКА» ДЛЯ ДЗЯЛКА — «РУБЕЛЬ» ДЛЯ ЖАБРАКА
Беларускія ідэолагі паспяшаліся заявіць: «у ЗША цэны на бензін выраслі ўдвая, сярэдні клас раздушаны!» Аднак яны замоўчваюць, што амерыканцы цяпер сталі плаціць за бензін амаль столькі ж, колькі і беларусы, а параўноўваць заробкі няма сэнсу… Жылі ў адным сяле суседзі.Варагавалі з даўніх пор,Бо «кулаком» лічыўся Хведзя,І пустадомкам быў Рыгор.
Вёў Хведар спраўна гаспадарку,
Трымаў свіней, карову, коз…
Таму не толькі ў святы скварку
І малако да роту нёс.
У лесе Хведар меў дзялянку,
Дзе травастой зялёны рос,
І летам з саменькага ранку
Хадзіў мужык на сенакос.
А жонцы і дзятве на радасць
Меў Хведар сад і агарод.
Каб куры не пагрэблі грады,
Вакол паставіў новы плот.
Зямлю падкормліваў даволі —
І калій падсыпаў, і гной.
Участак Хведар меў і ў полі,
Дзе бульбу ён садзіў вясной.
Там не «пятак», а сем гектараў!
(Яшчэ прыдбаць
Хацеў ён пяць,
Бо фермерам зрабіцца марыў,
Гаспадаром сапраўдным стаць.)
А што пазначыць пра Рыгора?
«І ні кала, і ні двара».
Хоць не сказаць, што быў ён хворы —
«Ісці да продкаў» не пара.
Прыкметы іншае «хваробы»
Былі ў Рыгора-целяпня:
«Чарніла» ліў ён у вантробы,
Не «прасыхаючы» ні дня.
Хоць, мовіць так, трымаў на карку
Пяцёра аж дзіцячых душ,
Ды не цягнуў ён гаспадарку —
Усім тлумачыў, што нядуж.
Не меў ні свінак, ні каровы —
Хоць дзецям з голаду памры.
Адзін сабака двухгадовы
Брахаў і бегаў па двары.
Пакінулі садочак продкі,
Але яго пабраў быльнёг.
Адно было ў Рыгора — «соткі»,
Дзе пасадзіць ён бульбу мог.
Інакш яда ўзялася скуль бы?
З таго сабакі толк які?
Сям’я і выжывала з бульбы —
Варыла крышкі-камакі.
Вось так у Хведзі і Рыгора
Па-рознаму ішло жыццё.
Адзін квітнеў, не ведаў гора,
Другі ссыхаў, нібы асцё.
Але аднойчы, як навала,
Нахлынула на край сухмень.
Людзей нішто не ратавала —
Ні квас бярозавы, ні цень.
Што ўжо казаць пра агароды…
Ці ж будзе без вады ўраджай?
Такога страшнага няўроду
Не ведаў той спрадвечны край.
Ад спёкі спляжыліся й «соткі».
Не выпускай матыку з рук,
Ды ад бульбоўніка — ашмёткі,
Не трэба й каларадскі жук.
Не ўздзіў, што ў восеньскую пору
Было без бульбы ўсё сяло.
Нічога Хведару й Рыгору
Таксама поле не дало.
Па-рознаму Рыгор і Хведар
Успрынялі на бульбу мор.
Паверыць цяжка, але зведаў
І радасць ад бяды Рыгор.
Суседу ён заўжды зайздросціў
(«Калісь такіх — на Калыму!»)
І часам нават мог ад злосці
Паскудства нарабіць яму.
І хоць чакаў самога голад,
Суцешваў ён сваю сям’ю:
— Дарма, што ў нашай стопцы гола,
Затое менш цяпер прап’ю.
Хіба ж сабраць маглі мы многа
З тых нашых «сотак» дзесяці?
Суседу ж (во дзе кара Бога!)
Хоць ты пятлю цяпер скруці…
Пры гэткіх цяжкіх лёсу ўдарах
Якраз і вешацца… Бо ён
На ўсіх сваіх сямі гектарах
Той бульбы страціў трыццаць тон!
Аднак сусед — ну ці ж не дзіва? —
Не пацягнуўся да пятлі…
Ён жыў, як і раней, шчасліва —
Даходы іншыя былі.
Ён меў удосталь мяса-сала,
І малако лілося ў рот,
Ад саду нешта перапала,
«Падкінуў» штосьці агарод…
Рыгор жа ў стопцы поўзаў ракам,
Адчайна скроб засек пусты,
А ўвесну нават небарака
Ледзь не «адкінуў капыты»…
* * *
Не выдам таямніцы нейкай
Пра значнасць-пульхнасць кашалька:
Што для багатага «капейка» —
Лічы, «рубель» для жабрака.