TOP

ЧАМУ АЗЫЗ БУГАЙ БАРЫС?

Па рэкамендацыі вучоных французскія фермеры штодзень даюць каровам па паўтара літра віна. «П’яная» ялавічына каштуе да 110 еўра за кілаграм і карыстаецца вялікім попытам. Было бядою для калгаса:Гадуй хоць цёлку, хоць бычка —Прыбыткаў не давала мяса,Карысці мала з малака.

Маркотна ад такое явы:
Хоць фермы ўсе пусці пад нож,
Ды атрымаеш ад дзяржавы
За мяса тое нейкі грош.
І тут калгасны лідар Хведзя
Прачуў (вось гэта навіна!):
Каровам у замежжы недзе
Даюць «дэсертам» гляк віна.
Ад іх затым такое мяса,
Што можна праглынуць язык.
Яго адведаць кожны ласы,
Ажно ажыятаж узнік.
Усе прадукт купіць гатовы
І не зважаюць на цану.
— Цяпер і нашыя каровы
Хай прывучаюцца к віну,
І зажывём мы як французы, —
Рашыў калгасны старшыня, —
Бо грошай як гразі, ад пуза
Мы мецьмем з заўтрашняга дня!
На новыя мы станем рэйкі!
Хоць пуставатая казна,
Аддаў апошнія капейкі
На закуп таннага віна.
Для «алканаўтаў» свет нямілы,
Хоць пераходзь цяпер на квас:
Ва ўсёй ваколіцы «чарніла»
У крамах выкупіў калгас.
Прывезлі пад аховай скрыні,
Ля фермы выгрузілі ў склад.
(Вартаўніку дзядулі Грыні
Набыць хацелі аўтамат,
Каб аніхто сюды і блізка
Не меў намер ступіць нагой.)
Загадчык склада пад распіску
Даваў даглядчыкам напой.
Калі «чарнільныя» запасы
У складзе на нішто сышлі,
Падумаў Хведзя: «Час за мяса
Займець чаканыя рублі».
Павезлі тых кароў на бойню…
Ды мары падкасіў эксперт:
— Далікатэс? Ды бог з табою!
Ніякі гэта не «дэсерт».
— Мы ж ім давалі корм здаровы
І нават — літрамі! — віно.
— Прыкметаў, што пілі каровы
Віно, у мясе не відно.
Памчаўся старшыня дахаты,
Сціскаў ад злосці кулакі:
Падазраваў, хто вінаваты,
Што не пілі віно быкі.
Ад Хведзі літасці не будзе,
Наступіць кара ў той жа дзень…
Даглядчыкаў схапіў за грудзі,
Узяў даярак за каршэнь:
— Віно, якое для гавяды,
Сабе ўлівалі ў гарлякі!
Яны ж адводзілі пагляды:
— За што на нас паклёп такі?
Спярша мы гэтага «чарніла»
Быкам давалі па вядру,
Каровам залівалі сілай,
Ды «бырла» ім не па нутру!
Яны і зараз вернуць пысы…
Ім успадоб мурог-трава!
І толькі ў бугая Барыса
Узнікла цяга да пітва.
Дык мы яму і льём уволю —
Глытае літрамі з гарла.
Ён да кароў ужо ніколі
Не йдзе, бо вечна з пахмяла.
Аднак жа Хведзя не паверыў,
Што самі «не ўзялі і ў рот».
Таму прыняў крутыя меры:
Пазбавіў прэміі за год.
Цяпер быкі-каровы ў стойлах
Па завядзёнцы, як заўжды,
Для масы-мяса смокчуць пойла
З мукі, мякіны і вады.
* * *
Адзначыць хтосьці невясёла:
У крамах гэткая «бурда»,
Што піць не хоча і жывёла —
Чым той напой, дык лепш вада.
Але ж у тым — бяды палова:
Якім бы ні было віно,
Яго ніводная карова
Не паспытае ўсё адно.
Дай толькі нашым людзям доступ
Туды, дзе ёсць спадзеў на «глык»,
Пітво не будуць мець удосталь
I ні карова, і ні бык.
I нездарма падумаў Хведзя,
Што не адзін бугай Барыс
На ферме і паблізу недзе
Ад «бырла» пасінеў-азыз…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.