КАЗКА ПРА СЯЛЯН — ГЭТА НЕ ПАДМАН
«Што такое беларускі селянін сёння? Ён мае прасторны дом, замежны легкавік і ўласны трактар, а таксама адпачывае з сям’ёй на курорце».Міхаіл Русы, віцэ-прэм’ер Калісьці ў арміі служылі,Цягнулі лямку два сябры,Было, што нават «рвалі жылы»…Прайшлі гады з тае пары.
Дзяржаву беды падкасілі,
Распаўся злагадны Саюз.
Адзін цяпер жыве ў Расіі,
Другі — у нас, бо беларус.
Сябры былыя зрэдку толькі
«Садзіліся на тэлефон»
Ды віншавальныя паштоўкі
Пісалі да святочных дзён.
Іван з Арлоўшчыны, вядома,
Зайздросціў нашаму Пятру:
Усё, што дзеелася дома,
Было яму не па нутру,
Бо занядбанай стала вёска,
Распаўся колішні калгас,
Буржуі — ходзіць пагалоска —
Зямлю «зграбуць» праз нейкі час.
Зусім інакшая карціна
У Беларусі, дзе Пятро.
Квітнее блізкая краіна,
Людское множыцца дабро.
Са слоў намесніка прэм’ера,
Там у калгасах — проста рай.
Іван ягоным словам верыў,
Таму ў душы кіпеў раздрай.
І калі ўсё там гэтак чынна,
Іван падумаў, што пара
Зірнуць уласнымі вачыма,
У госці з’ездзіць да Пятра.
…Сустрэла рускага Івана
Не вёска — аграгарадок.
Прыгожа, як намалявана,
Стаялі домікі ў радок.
Пятро як след прывеціў госця
На роднай для сябе зямлі.
І на стале было «не штосьці»,
Па чарцы нават узялі.
Пасля шыкоўнае вячэры
Распытваць распачаў Іван:
— Чуў ад намесніка прэм’ера,
Што ты жывеш цяпер, як пан.
Дом у цябе, гляджу, як цацка,
Не зруб, а ўсюды цэгла, шкло.
Табе, бадай, жывецца хвацка,
Раней такога не было…
— Ды лепей дзедаўская хата,
Чым гэты паказушны дом!
У ім жа хібаў так багата,
Што лепш пусціць яго на злом.
Халтурай звыклай пахне дужа:
Ужо праз год фасад пажух,
Калі ж зімой мароз ці сцюжа,
Дык хоць ты апранай кажух.
— Затое, пэўна, гаспадарка
Заўжды даход табе нясе.
Паказвай, што за іншамарка.
У вас жа маюць іх усе.
— Ёсць за хлявом машына недзе, —
Ажно зарагатаў Пятро. —
І іншамарка! Калі едзе,
Грыміць-звініць, нібы вядро.
Ад бацькі ў спадчыну, па праўдзе,
Дастаўся «Запарожац» мне.
Хіба ж магу купіць я «Аўдзі»
Па той завоблачнай цане?
— А трактар? Дзе твой «конь сталёвы»?
Сказаў намеснік: трактары
(Малюнак для сялян тыповы)
Стаяць у кожненькім двары…
— Адкуль, скажы, такія плёткі?
Ты прэч бязглуздзіцу гані!
Каб узараць-пасеяць «соткі»,
Ідзе народ да старшыні.
Зацішна на калгасным полі,
Няма на чым прывезці дроў,
Бо два заўсёды «на прыколе»
З пяці наяўных трактароў.
Ды ўсё ж «каня» з жалеза маю —
У сына цацка-трактар ёсць.
І сцэна, мовіць так, нямая,
Аслупянеў расійскі госць.
— Пачуў я ад прэм’ера-віцэ, —
Іван адкрыў нарэшце рот, —
Што ты з сям’ёй на пляжах Ніцы
Адпачываеш кожны год.
— Ці мала што той «віцэ» плешча!
Прызнацца, мне не ў галаве…
Калі і езджу, дык да цешчы.
Яна ў другім сяле жыве.
Там ёсць таксама «соткі», грады
І недагледжаны гарод.
Я гэткай «Ніцы» сам не рады,
З рыдлёўкай праліваю пот…
Калі расійскага Івана
Праз дзень дадому вёз цягнік,
Неспадзявана, нечакана
У галаве сумнеў ўзнік:
Ці ж языком той «віцэ» пляцкаў
Наконт заможнасці Пятра?
Ёсць дом,
Ёсць трактар, хоць і цацка,
Стаіць машына ля двара,
Ён бавіць час у цешчы летам…
І конча вырашыў Іван:
Хітруе «віцэ», ды пры гэтым
Нікога ён не ўвёў у зман.