АД ЧЫНОЎНІЦКІХ ЗАЎВАГ СВЯТАРЫ «СТАЯЦЬ ПА ШВАХ»
Гомельскія ідэолагі ўказалі мясцовым святарам на тое, што ў цэрквах свечкі прадаюцца па завышанай цане, дрэнна ўлічваюцца грашовыя ахвяраванні, адсутнічаюць супрацьпажарныя датчыкі і г.д. З нас кожны хоча масла-хлебаІ дбае, ім разжыцца дзе б.І ідэолагам жа трэбаНейк зарабляць сабе на хлеб.
Калі ўжо бескарысна стала
Дурыць народу галаву
(Народ на іх зважае мала),
Яны ўзяліся за царкву.
Няма ў тым дзіўнага нічога,
Бо сказана на ўсе вякі:
Іх кіраўнік вышэй за Бога —
Мы чулі ўсе пасаж такі,
Тут больш камедыі — не драмы.
Ды акурат жа на Пакроў
Прыйшлі з рэвізіяй у храмы,
Каб трохі «ўесці» святароў.
Святыя пазіралі лікі
На ідэолагаў з ікон…
Аднак уплыў іх невялікі,
Бо трэ найперш «навесці шмон».
І ледзьве не дайшло да спрэчкі,
Калі пачаўся дыялог.
— Чаму ў вас дарагія свечкі,
Як быццам спекулюе Бог? —
Спыталася ў папа кабета
І запісала ў пратакол. —
Няўжо, скажыце мне, на гэта
Вам даў райфінаддзел дазвол?
— У нас райфінаддзел на небе, —
Сказаў святар немалады. —
І мы, прынамсі, пры патрэбе
Заўжды звяртаемся туды.
Няма для нас начальства вышай…
І не бярэ ў руку пяро,
І рэзалюцый нам не піша
Апостал слынны наш Пятро.
Да ўсіх нас літасцівы Божа…
Калі ў каго рублёў няма,
Дык ён перад іконай можа
Паставіць свечку задарма.
— Я канцылярыю такую
Спушчу, як кажуць, на зямлю, —
Кабета зноўку атакуе. —
На вас рэвізію нашлю!
Вам ахвяруюць прыхаджане,
Бывае, грошыкі свае.
Заканамернае пытанне:
Дзе звесткі, хто і што дае?
Чаму не падаюцца зводкі
У той жа самы фінаддзел,
Куды расходуюцца сродкі?
Дзе ваша справаздача, дзе?
Нам лёс тых грошай невядомы…
Зусім магчыма, не Пятру
Яны ідуць, а на харомы
Ці на машыну святару.
— Насоўваюцца хмары, бачу,
Ужо над нашаю царквой…
Мы будзем Богу справаздачу
Даваць за кожны ўчынак свой.
Хапуг, бадай, усюды годзе…
Не разумею я патуг:
Няўжо вы ў вашым асяроддзі
Пералавілі ўсіх хапуг,
Што ўжо ўзяліся і за храмы?
Патугам вашым грош цана…
Але ў неўтаймаванай дамы
Прэтэнзія яшчэ адна:
— І перастарак, і калека —
Сюды прыходзіць розны люд.
Супрацьпажарная ж бяспека
Зусім адсутнічае тут.
Як пойдзе полымя сцяною,
Калі надарыцца пажар,
Якой заплаціць люд цаною
І колькі будзе тут ахвяр?
Дык потым млосна вам не стане?
— Царква не зоймецца знутры,
Бо тут не кураць прыхаджане,
І не падпаляць святары.
А калі я прайду з кадзілам,
Дык будзе іншая бяда:
Сюды прымчыцца, што не дзіва,
Машын пажарных чарада.
Былі заўвагі і другія
Папам ад «рэвізораў» тых:
І як праводзіць літургіі,
І што вымольваць у святых…
* * *
Дык хто ж у гэтым вінаваты
І ці няма царквы віны,
Што сёння ў храмы як дахаты
Прыходзяць кесара чыны?
Ніколі не было такога:
Мы бачым, што каторы год
Глядзяць і ў неба служкі Бога,
І кесару глядзяць у рот.
І ідэолагі да храма
Таму і сноўдаюць якраз,
Як у аддзел райвыканкама,
Як на завод або ў калгас.
Служыць адразу і аддана
Двум спадарам ніхто не змог.
Для кесара — бальзам на раны.
А што на гэта скажа Бог?..