TOP

ЧЫГІР ПРАДАЕ МЁД, А ЛІНГ ВЫРОШЧВАЕ КВЕТКІ

З 1994 году, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, у краіне зьмянілася пяць кіраўнікоў ураду. Які лёс былых прэм’ераў? 

Першым прэм’ерам пры Лукашэнку быў Міхаіл Чыгір. На пытаньне «Свабоды», чым ён цяпер займаецца, экс-прэм’ер адказаў так:

«Я — пэнсіянэр. Цяпер займаюся падсобнай сельскай гаспадаркай. Гэта найперш пчолы. Гаспадарка пакуль на бацькаўшчыне. Але я пакрыху буду, мусіць, перавозіць яе сюды. Далекавата ўсё ж трэба езьдзіць, што ні кажыце, а 140 кілямэтраў, туды-сюды. А езьдзіць трэба даволі часта, бо ўсё ж ёсьць праблема даглядзець. А адлучыцца і паехаць туды надоўга таксама не атрымліваецца. Пайшоў на пэнсію, а часу яшчэ больш не хапае, чым раней.

Я мёд прадаю. Былі гады, калі па тоне прадаваў за год. Тады было 50 пчаліных сем’яў у гаспадарцы. Цяпер крыху менш. Можа, буду нарошчваць. Дакладна яшчэ ня ведаю».

Цікаўлюся ў экс-прэм’ера, якую пэнсію ён атрымлівае:

— Як дзяржаўны служачы.

— А прэм’ерскую, хіба, не далі?

— Пачалі плаціць. А пасьля забралі. Спынілі індэксацыю, пасьля чаго пэнсія ўпала-упала-упала. І тады я задаў пытаньне: чаму мне спынілі плаціць прэм’ер­скую пэнсію? А мне адказваюць: вы ж напісалі заяву. Я кажу — пакажыце мне яе, тады будзеце гаварыць. Ніякай заявы я не пісаў і ад прэм’ерскай пэнсіі не адмаўляўся. Іхняе сьцьверджаньне — глупства, вядома ж.

Сяргей Лінг таксама на пэнсіі. Публічна ён не выступае. Хоць гады два таму Аляксандар Лукашэнка згадаў яго, не называючы прозьвішча. Але з кантэксту было зразумела, што размова ідзе пра Лінга. Маўляў, тут адзін былы кіраўнік ураду паскардзіўся — сьвінячай выразкі яму не хапае. Родныя экс-прэм’ера кажуць, што ён заняўся сельскай працай: вырошчвае гародніну, кветкі. І па-ранейшаму ня здраджвае свайму даўняму захапленьню — паляваньню.

Уладзімер Ярмошын, нягледзячы на свае 70 гадоў, працуе. Пад яго кіраўніцтвам будавалі «Менск-Арэну» і жылы комплекс «Славянскі квартал» у цэнтры сталіцы. Цяпер ён дырэктар «Зьнешэканомбуду». Кажуць, што прэм’ерскую пасаду ён страціў пасьля таго, як адмовіўся спыніць сяброўскія стасункі з апальным Міхаілам Марынічам.

Генадзь Навіцкі наагул, як у падпольлі. Нідзе на публіцы не зьяўляецца. Кажуць, што нядаўна ажаніўся.

Сяргей Сідорскі цяпер працуе ў Маскве. Ён — сябра Эўразійскай эканамічнай камісіі. І як кажуць яго калегі па камісіі, заўжды моцна адстойвае нацыянальныя беларускія інтарэсы.

Уладзімер ГЛОД, Радыё «Свабода»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.