САМАГОНКА І ДЗЕЎКІ, ДЗЕД МАРОЗ І ПРЫПЕЎКІ
12-дзённы адпачынак у аднапакаёвым двухмесным нумары ў санаторыі Віцебскай вобласці з улікам навагодняй праграмы каштаваў… амаль 1100 долараў. За такія ж грошы і на такі ж тэрмін можна было набыць пуцёўку ў Тайланд. Здароўе справы падкасілі,«Апухнуў» розум ад турбот,І разважаў дзялок з Расіі,Дзе адпачыць на Новы год.
Ён у Тайландзе тое ж свята
Сустрэў удала год назад:
Уражанняў займеў багата,
Экзотыкі адведаў шмат.
Аднак жа кожны з нас гатовы
Мець асалоду ў навізне.
Куды падацца ў раз чарговы,
Стаў вырашаць ён… па цане.
Дзялок — мужык, як кажуць, цёрты,
І ён рэзонна разважаў:
Чым большая цана пуцёўкі,
Тым больш камфорту і забаў.
Яго ажно здзівіцца змусіў
На адпачынак прэйскурант:
Адзначыць свята ў Беларусі —
Лічы, што з’ездзіць у Тайланд.
І вось праз тэрмін некаторы,
Калі зямлю пакрыў сняжок,
У беларускі санаторый
Прыехаў стомлены дзялок.
Расійца акуналі ў ванны,
У гразь савалі, як у гной.
Але працэс падобны — танны,
Ёсць у лячэбніцы любой.
І разыграў расіец драму,
Падняў на ўсю акругу гвалт:
— Вы забяспечце мне праграму,
Тайландскай леташняй накшталт!
Там кожны дзень увішна дзеўкі
Рабілі цыцкамі масаж,
Дык я ўзбудзіўся неспадзеўкі…
Мне «касталом» навошта ваш?
Тамтэйшую глытаў я «чачу»,
Паўсюль бардэлі, казіно…
А што я тут, скажыце, бачу?
Адно «чарніліца-віно».
Зрабіць рашылі хоць бы штосьці
Уся абслуга і ўрачы,
Каб дагадзіць хоць трохі госцю
І адпачыць дапамагчы.
Масаж — адказную работу —
Там даручылі медсястры.
— А што, — сказала, — мне ў ахвоту!
І «пацыент» жа не стары…
Памер грудзей — зірніце! — пяты,
Не мела хлопца месяц аж…
Без дадатковае аплаты
Рабіцьму я штодня масаж.
І сказ вахцёркі бабы Клары:
— Учора мой сусед Лявон
Нагнаў аж тры каністры «гары».
Някепскі, кажа, самагон.
Не трэба з просьбамі насіцца —
Сам «гару» мне суе ў руку.
Дык я для гэтага расійца
Дастаўлю слоік першаку.
Праблема іншая паўстала,
І нават выйсця не відно:
«Культурных месцаў» ёсць нямала,
Няма вось толькі казіно.
І дзед Кірэй зусім не жартам
(Ён ноччу вартаўнік якраз)
Уставіў слоўца:
— Колісь картам
Я прысвячаў свой вольны час.
Лічыўся шулерам не горшым,
Дзівосы вырабляў рукой.
Дык з ім магу, калі на грошы,
Згуляць ці ў «дурня», ці ў «ачко».
Зусім інакшыя выявы
Для госця з гэтае пары.
Усе ўспадоб яму забавы,
І асабліва медсястры.
Калі ж прыйшоў народ на ёлку,
Сам Дзед Мароз — галоўны ўрач —
Ад надвячорка і да золку
З расійцам кідаўся наўскач,
Спяваў яму свае прыпеўкі,
Каб той ад суму не зачах,
А ўсе з рэгістратуры дзеўкі
У госця віслі на плячах…
Вось так у гульнях і забавах
Мінуўся за дзяньком дзянёк.
У думках зноў, увесь у справах,
Дамоў збіраецца дзялок.
А «забаўляльнае камандзе»
Напрыканцы сказаў ён так:
— Мне ўсё-ткі лепш
было ў Тайландзе…
Хоць дзед Кірэй гуляць мастак!
* * *
Прэстыж краіны мы прымножым,
Не вечна ж корпацца ў г…не!
Дагнаць па якасці не можам,
Дык хоць дагонім па цане.