TOP

РАСКЛАД ЦЯПЕР ТАКІ: КРЫТЭРЫЙ — ЖАБРАКІ

Адна з дзяржаўных газет задалася пытаннем: адкуль бамжы, якіх у нас нямала, бяруць для сябе адзежу? Са смеццевых кантэйнераў! А калі нашыя людзі выкідваюць непатрэбнае адзенне, значыць, эканоміка пайшла на папраўку, робіць выснову газета. Было ў цара адной краіныЗадужа многа розных спраў.А што паробіш?Ён — адзіны!Нікому «руль» не давяраў.

А з-за таго, што дум нямала
Трымаў у мудрай галаве,
Папросту часу не ставала
Пабачыць, як народ жыве.
Так і да бунту недалёка…
Каб гневу мас не ўзнік пажар,
Свайго міністра-абібока
Паклікаў тэрмінова цар.
Сказаў:
— Я сам, на жаль, не бачу,
Як мой жыве электарат.
Таму і мецьмеш ты задачу
Штомесяц мне рабіць даклад,
Ці не гнятуць людзей пакуты,
Ці задаволены народ,
Ці ён адзеты і абуты,
Ці ёсць хоць што пакласці ў рот.
І каб казаў мне праўду-матку,
У ступе тут не тоўк ваду!
— Я праяўлю і спрыт, і хватку,
Усё як трэба дакладу!
Ніхто мне «дэзу» не падкіне! —
Міністр «узяў пад казырок».
Аднак жа ён у той краіне
Сам пачуваўся як царок.
Жыццё — з акна аўтамабіля,
Жытло — дыхтоўны асабняк.
Яму насілі і вазілі,
Міністр і піў, і еў усмак.
Ці ж успадоб такому чыну
Ісці, як кажуць, у народ,
Шукаць усіх праблем прычыны
І прычашчацца да турбот?
Пачнуць выказваць беды людзі,
Папрокі сыпаць…
Дый яшчэ,
Крый божа, возьме хтось за грудзі,
А хто і ў карак натаўчэ.
Але ж міністру неяк трэба
Выконваць прыхамаць цара,
Інакш не дасць кавалак хлеба
(Куды ўжо чорная ікра!),
Патрэбна і не «замарацца»,
І каб паменш было ілжы…
Звычайна ездзіў ён да працы
Там, дзе тусуюцца бамжы —
Ля гарадской смярдзючай звалкі,
Дзе бруд заўсёдны і бедлам:
Ашмёцце, друз, яды кавалкі —
Наогул разнастайны хлам.
І ў галаву прыйшла ідэя
(На добры розум — проста жах!):
Як наш народ жыве-смылее,
Ацэньваць можна па бамжах.
Калі бамжам адзення-ежы
Хапае ўдостатку заўжды,
Дык нашы людзі як належыць
Жывуць, не знаючы бяды.
Калі ў жабрацкім асяроддзі
У дэфіцыце нават хлеб,
Дык сушаць сухары ў народзе,
Запасяць для сваіх патрэб.
Міністр бамжоў агледзеў зграю
Скрозь дзверак «мерседэса» шкло
І рады без канца і краю,
Бо лепей быць і не магло:
Адзін крамсае ліст капусты,
Другі кансервы ў рот кладзе…
І значыць, што заможна, тлуста
Жыве народ наш — як нідзе!
Што лад жыцця ў народа гожы,
Ён тут жа далажыў цару.
Яму, галоўнаму вяльможы,
Даклад прыйшоўся па нутру…
Дзянькі мільгаюць вельмі быстра.
І месяц, і другі прайшоў.
Пагляд уважлівы міністра
Зноў скіраваўся на бамжоў.
Імгнення аднаго хапіла,
Каб ацаніць усё як след:
Бамжы з бутэлек жлукцяць піва!
Амаль што царскі ў іх абед!
«Калі любы жабрак з народа
Жыве ў нас сёння як буржуй, —
Падумаў царскі верхавода, —
Хоць сам звальняйся і бамжуй».
— Люд перакормлены раскошай, —
Міністр цару зрабіў даклад. —
Ёсць у яго, як смецця, грошай,
Адзежы-ежы аж зашмат!
Міністр наступным разам скмеціў
І ледзь не вылаяўся ўслых:
Бамжы ўсе корпаюцца ў смецці —
Кухвайкі іншыя на іх.
Хоць спрэс на тых кухвайках латы,
Дазнаўся ад міністра цар:
— Народ у нас зусім багаты,
Дабіўся ён здзяйснення мар!
Такі ў цара настрой прыўзняты!
Але затым пачухаў плеш:
— Ты людзям, мусібыць, зарплаты,
Каб ад бяды далей, абрэж…
Раскоша шчасця не прыносіць,
Разбэшчвае раскоша люд.
Яму і «чаркі-шкваркі» досыць,
А для прытулку — ўласны кут.
Ураду людзі будуць рады,
Заўжды крычацьмуць нам «ура»…
…Міністру за яго даклады
Дастаўся ордэн ад цара.
* * *
Чаму народ у нас цяперка
Жыве галечы на мяжы?
Калі бамжы — крытэрый-мерка,
І жыць мы будзем як бамжы.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.