TOP

ПЛАЦІЦЕ, ЧАЎНАКІ, ЗА ШКОЛЫ І САДКІ

Пракурор Гродненскай вобласці заявіў, што чаўнакі, якія возяць за мяжу салярку і цыгарэты, будуць за грошы абслугоўвацца ў паліклініках, а таксама больш плаціць за дзіцячыя садкі. Ён, пракурор, як леў, сярдзіты,Даліся ў знакі чаўнакі:— Нахлебнікі і паразіты!

Парваць іх варта на шматкі!
Усім вядома: не шыкуе,
Не раскашуецца народ,
А чаўнакі ў пару такую
Жадаюць мець пабольш даброт.
Бензін, салярку, цыгарэты
Адсюль вывозяць за кардон
І маюць махляры за гэта
Прыбытку не адзін мільён.
Прычым падаткаў ні капейкі
Яны не плацяць у бюджэт.
Не маем мы даход хоць нейкі
Ад той саляркі й цыгарэт.
І калі ў ім, бюджэце, латы,
А эканоміка на дне,
Ці хопіць грошай на зарплаты
Усім чыноўнікам і мне?
Нам класці зубы на паліцы?
Дык хай жа плацяць чаўнакі
За паліклінікі-бальніцы,
За школы, яслі і садкі!
Знішчальны гнеў у пракурора!
Ды хай бы лепш падумаў ён:
Ад шчаснай долі ці ад гора
Яны чаўночаць за кардон?