TOP

ЗАМЕСТ СЫРАДОЮ ГЛАДЫШЫК З ВАДОЮ

У Быхаўскім раёне за крадзеж 10 літраў малака судом аштрафаваныя 4 даяркі. Кожная павінна аддаць па мільёну рублёў. Даяркі патлумачылі, што столькі ж складае іхні заробак, а спрабавалі ўкрасці таму, што няма чым карміць дзяцей… Паліну, вечную даярку,Даймала злыбяда-бяда:Заробак — мізэр, а на каркуДзяцей галодных чарада:

Каб даць ім рацыён здаровы,
Ці ж купіш штось за той мільён?
У кожнае яе каровы
Багаты болей рацыён.
Паліна згадвала, як маці
Расказвала, што ў даўні час
Быў голад ледзь не ў кожнай хаце,
Збавення не даваў калгас.
Каб лёс не напаткаў астрожны
У час бязлітасны такі,
Пасля жніва на свежай пожні
Збіралі людзі каласкі.
А па вясне, у самы голад,
На леташняй сырой раллі
Выкопвалі на пустцы голай
Гнілую бульбу з-пад зямлі.
Як спрабаваў хто-небудзь скрасці,
«Білет выпісвалі» яму
(Каму ўспадоб такое «шчасце»?)
На Салаўкі, на Калыму.
А што цяперка за навала,
Як быццам без вайны вайна?
Пара няўцямная настала,
На ежу нават грошай мала,
Паўсюль нішчымніца адна.
Пытанне мучыла Паліну
(Дый іншых на сяле кабет):
«Няўжо на хлеб і на мякіну
Сям’ю мне перавесці след?»
Калгас цяпер як быццам дбайны:
Не знойдзеш бульбін-гнілякоў,
На пожні новыя камбайны
Не пакідаюць каласкоў.
Дык чым карміць дзяцей? Вадою?
Ну хоць бы малака карэц.
Даярка, ды без сырадою —
Нібы без чобатаў шавец.
На роднай ферме аж два літры
Паліна ўкрала малака.
Далейшы ход падзей няхітры —
Схапіла ўладная рука.
Мясцовы суд паставіў кропку,
Якой не можа быць тлусцей:
Яе пазбавілі заробку,
Пазбавілі яды дзяцей.
Зусім у роспачы Паліна,
Няма збавення ад бяды.
Выходзіць, што цяпер павінна
Для дзетак смажыць жалуды.
* * *
Заробак колісь — поўны нуль быў,
За працу — палачкі-калкі.
Саджалі за паўмеха бульбы,
Ды прабачалі каласкі…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.