TOP

ХАКЕІСТ І АРАТЫ АТРЫМАЛІ ЗАРПЛАТЫ…

Нядаўна была абвешчана цікавая лічба: хакеісты мінскага «Дынама» атрымліваюць па 420 мільёнаў рублёў (50 тысяч долараў) у месяц. Між тым у сваёй зоне КХЛ дынамаўцы занялі толькі 10-е месца і не выйшлі ў плэй-оф, а зборная Беларусі не трапіла на зімовую Алімпіяду ў Сочы… Каторы год ужо араты,На ніве рупіцца Рыгор.Бядак з маленства, як пракляты,За плуг бярэцца і сахор.

А адпачынак — толькі ў мары,
Схуднеў увесь, нібыта цень…
А што ён мае?
Тры даляры
Яму выплочваюць за дзень.
Пяць год настаўніца Людміла,
Навукі грызучы граніт,
У ВНУ мазгі сушыла,
Здавала сесію-іспыт.
Цяпер настрой вясёлы — рэдкі,
Як на Галгофу, йдзе на ўрок,
Бо ў школе бэйбусы-падлеткі
Людмілу дражняць, дураць клёк.
Глядзіць на свет з-пад акуляраў,
І нервы ўжо, як кажуць, дрэнь…
А мае што?
Ды пяць даляраў
Людміла зарабляе ў дзень…
Макар спрадвеку на заводзе
Гарбаціцца каля станка.
Нібыта тарка — жах дый годзе! —
У мазалях яго рука.
Ніхто не скажа пра Макара,
Што ён лайдак ці целяпень.
А плацяць колькі?
Сем даляраў
Ён атрымоўвае за дзень.
Антон жа рупіцца ў палацы
Пад несупынны гул і свіст.
Камусь — гульня,
для хлопца — праца,
Ён — прафесійны хакеіст.
Трымае не сахор, а клюшку,
І ў тым увесь ягоны спорт:
Пусціць камусьці з носа юшку,
Кагосьці штурхануць на борт.
Ён днямі носіцца па лёдзе,
Хоць і не рве задужа жыл.
То ж не ў хляве, не на заводзе,
Дзе векавечны гной і пыл.
За тое, што па шайбе ўдарыў,
Апухла аж яго кішэнь,
Бо па дзве тысячы даляраў
Антон грабе сабе за дзень.
Калі ў аратага Рыгора
Не ўзыдзе жыта, ссохне лён,
Дык цяпне бедалага гора —
Не атрымае свой мільён.
Калі ў настаўніцы Людмілы
У класе двоек вельмі шмат,
Дык дзеўцы будзе свет нямілы —
Не мецьме педагог даплат.
Калі Макар дапусціць «плюшку»,
Няўдала вытачыць дэталь,
З яго самога здымуць стружку
І грошай не дадуць амаль.
Не мецьмуць ні даляраў дзесяць,
Ні сем, ні пяць, ні нават тры,
Усім ім давядзецца месяц
Сушыць, як кажуць, сухары.
Калі ж Антону прызавыя
Абрэжа трэнер за гульню,
Дык ён ад роспачы не ўзвые,
Што страціў нейкую… фігню.
Ён нават не адчуе страту
І кожны дзень усё адно
Хадзіцьме за сваю зарплату
І ў рэстаран, і ў казіно.
Вось так, хаця з грашыма туга,
На хлеб надзённы не стае,
Якая ў кожнага заслуга,
Улада столькі і дае.
* * *
Хто скажа, быццам небагата
Жыве сягоння наш народ?
Вось вам сярэдняя зарплата:
І хакеіст наш, і араты
Даляраў маюць — па пяцьсот.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.