TOP

СЯРОД ЗІМЫ ЗНАЙШЛІ КАРМЫ

У Любанскім раёне на палях знайшлі 130 гектараў кукурузы, якую не ўбралі летась.Стаяў уборкі час гарачы(А ён гарачы ў нас здавён),І ад калгаса справаздачыУдарныя чакаў раён:

Якія ў зернескладзе тоны,
І колькі ў вас убрана га…
Скубе, цярэбіць штаб раённы.
І не схлусіць хіба ж ільга,
Калі не выгнаць люд у поле —
Хто зранку п’яны, хто стары,
Калі камбайны на прыколе
І без саляркі трактары?
А хто ж у гэтым вінаваты?
Забеспячэнец, інжынер.
Хоць не плаці ты ім зарплаты…
Быў злосны старшыня, як звер.
Бо што затым калгас чакае?
Дзе для жывёлы браць кармы?
І «бітва за ўраджай» такая
Ішла да самае зімы…
Усе палеткі нечакана
Накрыў бялюткі, чысты снег.
І не відно ўжо, дзе сабрана,
А дзе пакінулі агрэх.
Паслалі для раённай зводкі
Паказчык — дзівяцца няхай:
«Мы на палях-лугах — да «соткі» —
Увесь сабралі ураджай!»
Зіма пакуль што лютавала,
Не здаючы свае правы,
А ўжо цялятам корму мала,
І дойны статак ледзь жывы.
Калгас нястача падкасіла,
І старшыня даўмець не мог:
Ну дзе знайсці сянаж ці сілас,
Або хаця б саломы стог?
Калі запусцяцца каровы,
Бычкі адкінуць капыты,
Дык паляцяць ва ўсіх галовы —
У выканкаме бос «круты».
І старшыня ўжо дзень каторы
Гадаў: дык што рабіць цяпер?
А потым бачыць: да канторы
Бяжыць галоўны інжынер.
І ён крычыць яшчэ з парога:
— Збавенне! Дазімуем мы,
Бо я знайшоў — і нават многа! —
Зусім прыстойныя кармы.
Жывёле хопіць іх ад пуза.
Там, дзе калісьці клалі гаць,
Стаіць пад снегам кукуруза —
Яе мы не паспелі ўбраць…
Настрой у старшыні прыўзняты,
Па хатах борздка ён пабег.
— Бярыце, мужыкі, лапаты!
Раскопвацьмем у полі снег!
Ну а затым пусцілі жатку,
А следам — і людзей гурму.
Цяпер з кармамі ўсё ў парадку!
Так перажыў калгас зіму…
Загад-падказка інжынеру:
— Як «бітву за ўраджай» пачнуць,
Ты й сёлета ўвіхайся ў меру —
Скасіць у полі штось забудзь…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.