«ГОД ДА СТА РАСЦІ НАМ БЕЗ СТАРАСЦІ….»
Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі, а цяпер віцэ-прэм’ер Пятро Пракаповіч імкліва абрастае новымі паўнамоцтвамі і функцыямі, ён узначальвае больш за дзесяць розных камісій, саветаў і камітэтаў! Як кажуць, залатыя рукіЯшчэ з дзяцінства меў Пракоп.Суседзі, потым дзеці-ўнукіЯго хвалілі наўзахлёб.
Мог зруб зрабіць Пракоп для хаты,
Затым у хаце скласці печ,
Падшыўшы ці наклаўшы латы,
Мог абнавіць любую рэч;
Мог падкруціць дзе трэба гайку,
Няспраўны запусціць матор;
Ён адпрацоўваў шчыра «пайку»,
Як браў ці граблі, ці сахор.
Ну, словам, справы ці навукі
Невырашальнай не было.
Калі ж гармонік браў у рукі,
На танцы бегла ўсё сяло.
Таму Пракопа, што не дзіўна,
Цаніў калгасны старшыня
І «запрагаў» яго актыўна,
Штось даручаў яму штодня.
Пракопа «кінуў на брыгаду»,
Якая ўвесь мінулы час
Цягнулася, як кажуць, ззаду
І ўніз цягнула ўвесь калгас.
Сіл прылажыў Пракоп нямала,
За справу ўзяўся з галавой,
У выніку брыгада стала
Праз нейкі час перадавой.
Калі ў будаўнікоў арцелі
Быў з дысцыплінай дрэнны стан
І на аб’екце «не пацелі»,
Зрываючы вытворчы план,
Пракопа кінулі ў падмогу
І акурат папалі ў цэль:
З ім на чале (дый дзякуй Богу)
У час здала аб’ект арцель.
Калі атрымліваў у карак
Загадчык фермы, целяпень,
Бо «распусціў» сваіх даярак
І п’яны боўтаўся, як цень,
Пракоп узяўся тэрмінова
Выконваць абавязак той.
Праз месяц кожная карова
Свой павялічыла надой.
Калі бухгалтар схібіў нават
І быў калгас ужо на дне,
Пракоп і тут акрэсліў навык —
Навёў парадак у казне.
Вось так Пракоп, да працы прагны,
Накшталт жарэбчыка-каня,
Цягнуў калгас з «балота-багны»,
Калі загадваў старшыня.
Пракоп, як колісь, рваў бы жылы
І кідаўся б туды-сюды,
Ды толькі пакідалі сілы —
Ужо на схіл ішлі гады.
Парою сэрца тарахцела,
Зусім не чуў, бывала, ног,
Ды хоць пратэставала цела,
Усё выконваў ён, як мог.
Размах жа не такі шырокі,
Былым здабыткі не раўня.
І ўсё часцей свае папрокі
Яму выказваў старшыня.
То тут пралік,
То там прамашка,
А дзесьці проста недагляд…
Карысьці ўжо амаль нямашка,
А шкоды ад Пракопа шмат.
Калісьці ж быў такі талковы!
І столькі поспехаў прынёс!
Таму Пракопа для размовы
Рашыў пазваць калгасны бос.
Пракопу ён на той сустрэчы
Стаў задаваць пытанні ў лоб:
— Чаму, скажы, сутуліў плечы?
Чаму ты ўжо не той, Пракоп?
Што за няўцямная навала
У гэтакі няпросты час
Цябе, скажы, апанавала?
Яшчэ і ў памяці правалы
Чамусь бываюць іншы раз…
Да прыкладу, учора ранкам
Цябе паслаў я на мехдвор,
А ты чамусь, як кажуць, танкам
На ферму дальнюю папёр…
З будаўнікамі сход правесці
Я даручыў у сераду,
Ты ж па палях туляўся дзесьці,
Для люду ў ступе тоўк ваду.
Ты быў патрэбны, як паветра,
Для гаспадаркі, для людзей.
І я, прызнацца, не дапетру,
Дзе твой імпэт ранейшы, дзе?
Якое напаткала ліха?
Зірнуўшы на гаспадара,
Пракоп сказаў тужліва-ціха:
— Ды мне на пенсію пара…