TOP

ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ШУКАЕ ДАПАМОГІ

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) звярнулася да грамадскасці па дапамогу ў сувязі з рэзкім ростам кошту арэнды офіса. 

1 красавіка гэтага года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся на 60% і дасягнуў 9 801 600 рублёў у месяц. «Акрамя таго, мы павінны аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі», — гаворыцца ў звароце, тэкст якога апублікаваны на сайце ТБМ.

«Нягледзячы на шматлікія звароты грамадзян Беларусі ў адміністрацыю і кіраванне справамі прэзідэнта з просьбай пакінуць для ТБМ ільготны кошт арэнды, мы не атрымалі станоўчага адказу, — паведамляе сакратарыят ТБМ. — Для таго, каб утрымаць офіс арганізацыі ў Мінску ў гэтых умовах, нам неабходна штомесяц збіраць 10 мільёнаў беларускіх рублёў у выглядзе ахвяраванняў і узносаў членаў і прыхільнікаў ТБМ».

ТрусовСтаршыня ТБМ Алег Трусаў у каментары для БелаПАН адзначыў, што калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго дзве тысячы рублёў, арганізацыя не загіне і ў каторы раз «прадэманструе цяперашняй уладзе сваю значнасць».

Імёны асобаў, якія ахвяруюць сродкі на падтрымку дзейнасці ТБМ, будуць надрукаваны ў газеце «Наша слова», што стане гістарычным сведчаннем барацьбы грамадзян за права «людзьмі звацца», гаворыцца ў звароце.

ТБМ заснавана ў 1989 годзе і афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі. Па дадзеных сайта арганізацыі, цяпер у ёй налічваецца каля 6 тысяч членаў у Беларусі і за мяжой — у Літве, Польшчы, Расіі, Украіне, Латвіі, ЗША, Канадзе, Германіі і іншых краінах.

Офіс ТБМ размешчаны ў цэнтры Мінска, на вуліцы Румянцава, 13. Алег Трусаў спадзяецца, што з дапамогай грамадскасці арганізацыя зможа працягнуць арандаваць гэты офіс.

«З цэнтра Мінска мы пераязджаць не плануем, — заявіў Трусаў. — Мы тут знаходзімся з 1989 года. Перанос офіса будзе сведчаннем таго, што арганізацыя не ў стане нармальна працаваць. Хто будзе хадзіць на курсы беларускай мовы на ўскраіну горада? Перанос офіса будзе фактычна азначаць ператварэнне ТБМ ў нікому не патрэбную арганізацыю».

Паводле яго слоў, у пачатку года Мінюст уключыў ТБМ у пералік арганізацый, якім можа быць прадастаўлена льгота на арэнду памяшкання. Аднак старшыня ТБМ сумняваецца ў станоўчым вырашэнні гэтага пытання.

«Эканамічная сітуацыя ў краіне складаная, таму я сумняваюся, што нам будзе дадзена льгота. У адным Партызанскім раёне Мінска, дзе мы зарэгістраваныя, каля 500 арганізацый прэтэндуюць на льготы пры арэндзе. Нават прадпрымальнікі не ў стане плаціць за арэнду памяшкання, а мы ж камерцыйнай дзейнасцю не займаемся, прынцыпова не бярэм грошы за заняткі на курсах. Спадзяюся, калі простыя людзі даведаюцца аб нашых праблемах, нам будзе аказана дапамога», — адзначыў Алег Трусаў.

ПашкевичМіж тым сябра ТБМ, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч лічыць, што нашае грамадства «ў стане падтрымаць ТБМ, але хутчэй за ўсё будзе сядзець і не зробіць гэтага».

Пашкевіч патлумачыў: Таварыства беларускай мовы было, ёсць і будзе, а дапамога хутчэй прыйдзе «не ад пяці тысяч прыхільнікаў роднай мовы, якія дадуць дзве тысячы рублёў штомесяц на падтрымку беларускай мовы, а ад меньшай колькасці людзей, якія ахвяруюць большыя грошы». Актывістаў, такім чынам, будзе менш, але яны будуць больш актыўнымі.

Алесь Пашкевіч адзначыў, што ўвесь час існавання ТБМ заўважаецца наступнае: чым больш актыўна працуе арганізацыя, тым большы прэсінг церпіць з боку ўладаў, уладальнікаў будынку, дзе размяшаецца, і гэтак далей. Аднак казаць, што менавіта зараз для таварыства наўмысна ствараюць цяжкія ўмовы, нельга: «Так можна было б думаць, калі б на працягу апошніх гадоў усё было б соладка і сонечна ў дзейнасці ТБМ. На жаль, праблемы паўстаюць перыядычна — ад адсутнасці сродкаў на арэнду памяшкання да пагрозы высялення з яго».

Стаўленне да ТБМ з боку ўлады, лічыць Алесь Пашкевіч, — яшчэ адно сведчанне таго, што «беларуская мова гэтай Беларусі не патрэбна»: «Без яе можна рабіць МАЗы, разліваць гарэлку, выпякаць хлеб».

Рахунак ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны»

№ 3015741233011 у аддзяленні № 539 ААТ «Белінвестбанк», код 739.

Алена СПАСЮК