АЛЕСЬ ПУШКІН: «ЦАЛКАМ БЯРУ НА СЯБЕ АДКАЗНАСЬЦЬ ЗА НЯШЧАСНЫ ВЫПАДАК»
Падчас сьвяткаваньня Купальля ў ноч з 6 на 7 ліпеня на падворку мастака адбыўся няшчасны выпадак, у выніку якога пацярпелі 5 чалавек.
Успыхнуў чан чан з крупнікам. Удзельнікі сьвяткаваньня атрымалі апекі.
Дваіх хлопцаў адпусьцілі са шпіталя пасьля аказаньня мэдычнай дапамогі. Тры дзяўчыны знаходзяцца ў Крупскай цэнтральнай лякарні.
«Зараз саджуся на аўтобус, паеду ў лякарню да дзяўчатаў, каб даведацца, у якім яны стане. Там знаходзяцца мама і дочка Воля (каля 35 гадоў) і Іра (1999 году нараджэньня), а таксама дзяўчына Паўліна. Усе зь Менску», — заявіў мастак Алесь Пушкін Радые Свабода. — «У ноч, калі здарыўся няшчасны выпадак, я цалкам узяў на сябе адказнасьць, завез пацярпелых у шпіталь. Там дзяжурны доктар выклікаў міліцыю. Прыехалі дзяжурны падпалкоўнік і шмат міліцыянтаў. Я напісаў тлумачальную. Пасьля пацярпелых і сьведак, якія суправаджалі пацярпелых, апыталі асобна пра тое, што адбылося. Пасьля доктар адпусьціў дваіх пацярпелых Дзяніса і Аляксея, аказаўшы ім вельмі прафэсійную мэдычную дапамогу».
«Нараніцу да мяне на ўчастак прыехаў лейтэнант са сьледчага камітэту. Ен зрабіў дакладны плян мясцовасьці, сфатаграфаваў бутлі, чаны і вогнішча», — працягвае Пушкін. — «Раніцай я пайшоў на службу ў царкву, там маліўся за здароўе пацярпелых. Спавядаўся і прычасьціўся. Бацюшка мяне прычасьціў, нягледзячы на вось такі вялікі грэх».
«Я цалкам бяру на сябе адказнасьць. Маральную і юрыдычную. Гэта адбылося па маей віне. Трэба адказваць ня толькі за слаўныя справы, але і за цяжкія, за халатныя адносіны. Проста я паддаўся артыстызму, рабіў выгляд, што варажыў. Вядома, трэба было вынесьці чаны з крупнікам ад вогнішча, і толькі тады дадаваць туды сьпірт. А я пачаў рабіць гэта пры вогнішчы», — сказаў мастак Алесь Пушкін.
Фота «Салідарнасць»