Добрым справам патрэбны PR
У бібліятэках, кінатэатрах, інтэлектуальных кавярнях сталіцы і абласных цэнтраў з’явяцца стэнды з візітоўкамі недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў і кампаній. Гэтак плануецца зрабіць іх дзейнасць больш эфектыўнай.
У мінскім офісе Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend прэзентавалі праект «PR cацыяльна значных праектаў».
На погляд каардынатаркі і капірайтэра праекту Юліі Рымашэўскай, грамадства вельмі часта не заўважае станоўчых з’яў вакол і нават побач з сабой. Праектам бракуе вядомасці: недастатковыя высілкі распаўсюду пра сябе інфармацыі. Дый прыярытэты выбару з боку СМІ сёння тэндэнцыйныя.
— Паводле некаторых даследванняў, у постсавецкіх рэспубліках унікальна высокі ўзровень даверу да інфармацыі, падаванай у медыя. Таму, акцэнтуючы ўвагу на той ці іншай з’яве, праблеме альбо наадварот, ігнаруючы нешта — СМІ фармуе ўяўленне пра гэта ў сваіх чытачоў, слухачоў, гледачоў. А тэндэнцыі, агульныя для журналістыкі паўсюдна — гэта пошук сенсацыі і скандалу, негатыву. А тым часам добрага не становіцца менш. Яго проста ўсё меней заўважаюць. І, на наш погляд, добраму і станоўчаму ў жыцці патрабуецца PR. Мы спадзяемся на падтрымку з боку СМІ.
Сутнасць праекту: у людных месцах сталіцы і абласных цэнтраў размесцяць стэнды з візітоўкамі разнастайных недзяржаўных арганізацый, ініцыятыў, кампаній. Мяркуецца, што найперш такімі месцамі стануць бібліятэкі, кінатэатры, інтэлектуальныя кавярні. Сярод удзельнікаў пілотнага праекту — і часопіс па правах чалавека LawtrendMonitor, і кампанія «За НЕсмяротнае пакаранне», і Офіс па правах людзей з інваліднасцю», і дабрачынная крама «Калі Ласка», і Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў.
Адказваючы на пытанні пра будучае развіццё праекту, Рымашэўская падкрэсліла значнасць выкарыстання ўсяго патэнцыялу зробленага:
— Часцяком здараецца, што файны прадукт губляе сэнс ад недапрадуманасці распаўсюду. І ляжыць, сам сабе такі прэўкрасны, на паліцах, пыл збірае. Мы не жадаем патрапіць у гэтую пастку. Найперш зробім акцэнт на распаўсюдзе нашых стэндаў з візітоўкамі. Шукаем аднадумцаў і адкрыты да прапаноў пляцовак для іх.