TOP

«Петарды» розных феерверкаў

19 кастрычніка 1988 года ў будынку касцёла святых Сымона і Алены, дзе месціўся тады Дом кіно, па прапанове Зянона Пазьняка, якая была падтрымана Васілём Быкавым, прынялі рашэнне пра стварэнне арганізацыйнага камітэта Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэнне».

У наступным годзе ў Вільні адбыўся ўстаноўчы з’езд, і да 1999 года мы мелі адзіную, даволі моцную арганізацыю. Потым пачалося тое, што спявак з беларускімі каранямі Уладзімір Высоцкі называў пачкаваннем, і што, на жаль, уласціва не толькі беларускім апазіцыянерам.

Праз пяць год пасля заснавання гэтага аргкамітэту была створана палітычная партыя, якую многія тады палічылі «чыста тэхнічным момантам». Яна таксама нядаўна адзначыла свой юбілей, аднак нікога з «айцоў-заснавальнікаў» на ім не было.

Цалкам згодны з вядомым паэтам-палітыкам Уладзімірам Някляевым, што гэта, мякка кажучы, не вельмі добра. Не раз пра тое пісаў, аднак, як паказваюць падзеі апошніх дзён, ніхто да падобных заўвагаў прыслухоўвацца не стаў.

Больш за тое, новы юбілей толькі пацвердзіў жывучасць фразы «мы пойдем другим путем». Наколькі мне вядома, спробы аб’яднацца вакол агульнай падзеі былі і зараз, аднак, як заўсёды, скончыліся яны нічым. Не буду высвятляць, хто больш вінаваты ў тым, што адбылося, але факт застаецца фактам. Усе мы становімся сведкамі жывучасці яшчэ адной «прописной истины»: у вас сваё вяселле, у нас — сваё.

Прайгралі ад усяго гэтага тыя, хто прагне ў Беларусі пэўных зменаў, а выйграла, канешне, улада. Не хочацца нешта каментаваць, але тое, з якім пастаянствам робіцца выгаднае «наверсе», падштурхоўвае да пэўных разважанняў…

Мне, напрыклад, незразумела, як у наступным годзе будзе святкавацца юбілей таго, што задумалі стварыць чвэрць стагоддзя таму? Зноў паасобку? А перамовы наконт гэтага зноў будуць праходзіць калуарна?

Вельмі гэтага не хочацца, таму бярэм на сябе абавязак падрабязна і аб’ектыўна асвятляць не толькі саму падзею, але і тую еднасць, якую будуць праяўляць яе «лакаматывы»… А то потым будзе зноў немагчыма «знайсці некія канцы», а замест агульнага выбуху мы пачуем «петарды» розных феерверкаў…

Аляксандр ТАМКОВІЧ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.