TOP

Рабілі дзеткі табурэткі…

Каб залатаць дзіркі ў школьных бюджэтах, выкарыстоўваецца дзіцячая праца: школьнікі, напрыклад, вяжуць венікі… На ўроках працы колісь дзеткі(Назад скіроўваю пагляд)Рабілі дружна табурэткіЦі зацыроўвалі шкарпэткі.

І ў тым было карысці шмат,
Бо прывыкала (шчасця колькі!)
Тады дзіцячая рука
Да гэбліка і да іголкі,
Да долата і малатка.
Цяпер бюджэт у школах кволы,
Дык папаўняць яго пара.
І венікі для роднай школы
На ўроках вяжа дзетвара.
Карысць, напэўна, для бюджэту,
І школам выжываць прасцей…
Ці варта мець такую мэту?
Ці шмат карысці для дзяцей?
Фантазіі маёй усплёскі…
Ні для каго ўжо не сакрэт,
Што выміраюць нашы вёскі.
Каб школьны поўніўся бюджэт,
Каб мелі навык як калісьці,
Рукам быў гэблік не чужы,
Для ўсеагульнае карысці
Хай робяць труны і крыжы…
* * *
Магчыма, што часы другія
Развеюць гэтую бяду.
Адчуўшы смагу-настальгію,
Я ў школу родную прыду,
І мне дырэктар школы скажа,
Узняўшы горда галаву,
Што «фірма венікаў не вяжа».
Да тых часін ці дажыву?..

Алесь НЯЎВЕСЬ

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.